А ці чулі вы, што на Адзіным дзяржаўным экзамене (АДЭ) у Расіі збіраюцца дазволіць школьнікам шукаць інфармацыю ў інтэрнэце? Праўда, размова ідзе толькі пра гуманітарныя прадметы. Адзіны дзяржаўны экзамен таксама плануецца перавесці ў электронную форму, што дазволіць персаніфікаваць заданні для вучняў і зробіць магчымай аўтаматычную генерацыю індывідуальных варыянтаў кантрольных матэрыялаў для кожнага ўдзельніка іспыту... Пры пераходзе на камп'ютарную форму абітурыенты змогуць звяртацца да розных мультымедыйных крыніц і даведачных матэрыялаў, напрыклад, працаваць з геаінфармацыйнымі сістэмамі ў геаграфіі.
Лічбавізацыя зробіць магчымым увядзенне відэафрагментаў у экзамен па прыродазнаўча-навуковых дысцыплінах, дазволіць ствараць заданні, дзе трэба будзе распазнаць фізічныя, хімічныя або біялагічныя працэсы ў рэальным жыцці. Акрамя таго, у адзіным дзяржаўным экзамене можа з'явіцца эксперыментальная частка, будуць паступова з'яўляцца заданні, у якіх трэба правесці эксперымент пры дапамозе прапанаванай інтэрактыўнай мадэлі, заданні з камп'ютарным эксперыментам. Разглядаецца таксама магчымасць унясення ў кантрольна-вымяральныя матэрыялы АДЭ заданняў на крэатыўнасць.
З экзамену ў турму?
Трэба заўважыць, што выніковыя і ўступныя іспыты ў розных сістэмах адукацыі істотна адрозніваюцца. У большасці краін свету практыкуецца толькі пісьмовая форма, але дзе-нідзе прадугледжваюцца і вусныя адказы экзаменатарам. Толькі пісьмовыя экзамены праводзяцца ў Японіі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і Сінгапуры. Адказваць вусна можна ў Германіі, Канадзе, Францыі, Італіі, краінах Скандынавіі і ў Аўстрыі. А, напрыклад, швейцарскія школьнікі могуць разлічваць на вусны экзамен у выпадку правалу на пісьмовым.
У многіх краінах свету выпускнікі здаюць экзамены толькі адзін раз: іх вынікі можна выкарыстоўваць і як выніковую атэстацыю за школу, і пры паступленні ў ВНУ. Шмат дзе працэдура здачы экзамену цалкам цэнтралізаваная. Іспыты праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах краіны адначасова па адзіных экзаменацыйных матэрыялах.
Вельмі сур'ёзна ставяцца да агульнадзяржаўнага экзамену — «гаакаа» — у Кітаі. Традыцыйна ён праходзіць ва ўсіх кітайскіх школах у адзін час. Школьнікам можна ўзяць з сабой толькі ручку, аловак, гумку, лінейку і цыркуль. Нават пітную ваду ў бутэльках праносіць не дазваляецца. У экзаменацыйных памяшканнях знаходзяцца дэтэктары, камеры і глушыльнікі мабільных сігналаў. За экзаменамі не могуць назіраць настаўнікі, якія вучылі гэтых дзяцей — іх замяняюць староннія людзі. Іспыты займаюць два дні. Раніцай першага 2,5 гадзіны адводзіцца на адказы на пытанні па літаратуры і кітайскай мове, а пасля абеду — па замежнай мове і матэматыцы. У другі дзень здаецца яшчэ адзін з абавязковых прадметаў, а таксама адзін з прадметаў на выбар, які залежыць ад выбранай вучнем ВНУ. Вынікі разлічвае камп'ютарная праграма — гэта робіцца для выключэння чалавечага фактару. А за спісванне на экзамене можна трапіць у турму...
У Германіі дзяцей даволі рана размяркоўваюць па розных тыпах школ у залежнасці ад здольнасцяў. Пасля пачатковай школы можна пайсці ў Hаuрtsсhulе (школу, у якой навучаюць слабых вучняў), Rеаlsсhulе (гэта адукацыя больш высокага ўзроўню, якая дазваляе затым перайсці ў гімназію) або адразу ў гімназію (паступіць ва ўніверсітэт можна толькі пасля заканчэння такой навучальнай установы). Варта адзначыць, што толькі чвэрць нямецкіх школьнікаў вучацца ў гімназіях і затым становяцца абітурыентамі ВНУ.
Калі гімназісты завяршаюць вучобу, яны здаюць Аbіtur — фінальны экзамен (ад яго назвы паходзіць слова «абітурыент»). Для гэтага выбіраюць чатыры-пяць прадметаў з трох розных галін: мовы і літаратура, сацыяльныя навукі, матэматыка і прыродазнаўчыя навукі або спорт. Як мінімум адзін з экзаменаў праходзіць у вуснай форме. Цэнтралізавана гэтыя экзамены праводзяцца толькі ў шасці нямецкіх землях з 16. Калі ўсе выпрабаванні пройдзены паспяхова, выпускнік атрымлівае атэстат, які дазваляе паступіць ва ўніверсітэт. Звычайна вынікаў Аbіtur дастаткова для падачы заявы, аднак некаторыя ВНУ ўсё ж практыкуюць дадатковыя экзамены.
А напішыце нам эсэ...
У Францыі для паступлення ў ВНУ неабходна завяршыць навучанне ў акадэмічным ліцэі і атрымаць дыплом бакалаўра. Выпускнікі здаюць тут так званы bас (скарачэнне ад слова «бакалаўрыят»). Школьнікі павінны выбраць адзін з трох кірункаў (навуковы, літаратурны або сацыяльна-эканамічны) і здаваць пэўны набор прадметаў. Амаль на ўсіх гуманітарных іспытах ёсць эсэ. А вось пры здачы матэматыкі і прыродазнаўчых навук спатрэбіцца рашаць задачы і адказваць на пытанні з варыянтамі адказу. Зрэшты, і ў іх ёсць свая спецыфіка: скажам, на экзамене па фізіцы можна сустрэць заданні, якія патрабуюць разважанняў, а не пошукаў адзінага правільнага рашэння.
Цікава, што балы, атрыманыя на іспытах, не вырашаюць лёс выпускнікоў, бо ў французскіх універсітэтах, за рэдкім выключэннем, няма конкурсу для грамадзян краіны. Калі абітурыент паспяхова скончыў школу, ён можа проста запісацца ў выбраную ВНУ. Але найбольш прэстыжныя французскія ўніверсітэты і некаторыя факультэты звычайных ВНУ патрабуюць здачы дадатковых экзаменаў Соnсоurs.
Для паступлення ў ВНУ Ізраіля вучні здаюць псіхаметрычны экзамен, вынікі якога лічацца сапраўднымі яшчэ сем гадоў! Прымаць у ім удзел можна колькі заўгодна разоў, але паміж спробамі яго здаць павінна прайсці не менш за паўгода. Экзамен уяўляе сабой тэсты па трох кірунках: вербальнае мысленне, колькаснае мысленне (ацэньваюцца матэматычныя здольнасці) і англійская мова. На пытанні прапануюцца чатыры варыянты адказаў. Практыка паказала, што псіхаметрычны экзамен апраўдаў сябе: у большасці выпадкаў абітурыенты, якія атрымалі высокую ацэнку, дасягаюць лепшых поспехаў у вучобе, чым тыя, хто атрымаў нізкую. Аднак такі тып экзамену часта падвяргаецца крытыцы. Ёсць меркаванне, што ён дыскрымінуе людзей з пэўным тыпам мыслення, адрозным ад тыпу мыслення складальнікаў экзамену. Вынікі экзамену перадаюцца Інстытутам тэстаў абітурыенту і ва ўсе ВНУ, у якія ён звярнуўся з заявай аб прыёме.
У Японіі для паступлення ў ВНУ выпускнік павінен прайсці два туры выпрабаванняў. Першы — (Unіvеrsіtу Еntrаnсе Сеntеr Ехаmіnаtіоn, UЕСЕ) — цэнтралізаваны, здаецца амаль за паўгода да паступлення ў ВНУ. Гэтыя экзамены абавязковыя пры паступленні ва ўсе дзяржаўныя ВНУ. Яны ўяўляюць сабой тэсціраванне і праводзяцца па 12 прадметах. Колькасць экзаменаў вызначаецца патрабаваннямі абранай ВНУ. Другі тур экзаменаў праводзіцца ўніверсітэтамі. Яны больш складаныя за нацыянальныя і распрацоўваюцца спецыялістамі ВНУ.
Адна з самых складаных сістэм адбору выпускнікоў школ у каледжы і ўніверсітэты — у ЗША. Там няма адзіных праграм навучання і нацыянальных экзаменаў. Адзіным вымяральнікам зместу адукацыі выпускнікоў старшай сярэдняй школы з'яўляецца колькасць вывучаных курсаў, арыентаваных на падрыхтоўку ва ўніверсітэт. Самыя вядомыя і распаўсюджаныя іспыты ў ЗША, якія могуць улічвацца пры паступленні ў ВНУ, — гэта тэсты SАT (Sсhоlаstіс Асhіеvеmеnt Tеst) і АСT (Аmеrісаn Соllеgе Tеstіng).
У большасці краін на іспытах прымяняюцца розныя формы праверкі ведаў: заданні з выбарам адказу, з кароткім адказам (запаўненнем формы) і з разгорнутым адказам. У еўрапейскіх краінах пераважна выкарыстоўваюцца апошнія дзве формы. Толькі ў ЗША заданні з выбарам адказу складаюць больш за палову экзаменацыйнай работы.
Працягваем угадваць
У цэнтралізаванага тэсціравання ў Беларусі ёсць свая адметнасць — у нашай краіне яно выкарыстоўваецца выключна для адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет. І да апошняга часу ЦТ пазіцыянавалася менавіта як абітурыенцкае, асноўныя мэты якога — ацаніць адрозненні ва ўзроўні падрыхтоўкі абітурыента, параўнаць яго індывідуальныя вынікі з вынікамі іншых удзельнікаў і вызначыць адносную пазіцыю ў групе тых, хто трымае іспыт. Вынікі такіх экзаменаў дазвалялі вызначыць рэйтынг кожнага абітурыента ў адпаведнасці з узроўнем яго падрыхтоўкі.
Але з 2019 года была ўведзена новая методыка падліку балаў на ЦТ, пры гэтым нічога ў змесце тэстаў не змянілася. Па-ранейшаму ў іх пераважаюць заданні з варыянтамі адказаў, а таму абітурыенты працягваюць угадваць правільны. Аднак калі раней нельга было метадам выпадковага выбару адказаў набраць мінімальны прахадны бал, то сёлета гэта стала магчыма, і мінімальны парог аказаўся пустой фармальнасцю. На Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) абрынуўся магутны шквал крытыкі. Прычым пра тое, што абітурыенты і педагогі не разумеюць, адкуль бяруцца высокія балы пры вельмі сціплых ведах, і чаму для тых, хто прэтэндуе на максімум, любая памылка каштуе цяпер вельмі дорага, казалі пасля кожнага раўнда рэпетыцыйнага тэсціравання. Пасля ЦТ ва ўсіх засталіся тыя ж пытанні.
— Сёння многія спрабуюць супрацьпаставіць добра падрыхтаваных і менш падрыхтаваных абітурыентаў, — тлумачыў журналістам дырэктар РІКВ Юрый МІКСЮК. — Але мы насамрэч справядліва ацанілі іх веды: цяпер 20 тэставых балаў адпавядаюць школьнай «двойцы», 30 — «тройцы» і 40 — «чацвёрцы». А рэйтынгавая методыка не дазваляла супаставіць узровень ведаў, прадэманстраваных абітурыентам на ЦТ, з яго школьнымі ведамі і адзнакамі.
Нельга сказаць, што існуе лінейная залежнасць і на «дзясятку» трэба ведаць удвая больш, чым на «пяцёрку», хоць, канешне, трэба ведаць значна больш. Новая методыка не аднімае балы, яна іх налічвае, і абітурыент, які атрымаў больш пярвічных балаў, абавязкова атрымае і большы тэставы бал. Калі ранейшая методыка ранжыравала абітурыентаў, а веды, якія дэманстравала большасць удзельнікаў экзамену, абясцэньваліся, балы за іх налічваліся мінімальныя, то новая методыка ацэньвае веды ў абсалютнай велічыні. Тут дзейнічае іншая логіка: абітурыентам трэба рашаць не супраць усіх, а паказваць максімальную паўнату ведаў. За выкананыя заданні, нават калі іх адолеюць усе ўдзельнікі ЦТ, балы не аднімаюцца. Ніхто не можа атрымаць менш за першасны бал. Методыка скіравана на тое, каб ацаніць паўнату ведаў: чым больш заданняў выконвае абітурыент, тым больш балаў ён набірае.
Юрый Міксюк не абвяргае, што праблема ўгадвання існуе, але яны зараз працуюць над тым, каб звесці яе да мінімуму. Напрыклад, тэставыя заданні па некаторых прадметах утрымліваюць не пяць дыстрактараў, а чатыры. Пры ўвядзенні пятага дыстрактара верагоднасць угадвання рэзка зменшыцца.
Цікава, што працэнт абітурыентаў, якія набралі на ЦТ 70—75 балаў і больш, застаўся сёлета на ўзроўні мінулага года, а вось сярэднія балы ўдзельнікаў ЦТ выраслі на розных дысцыплінах прыкладна на 20 пунктаў. Пераадолець 50-бальную планку — цяпер не праблема...
У снежні гэтага года стануць вядомыя вынікі РІSА-2018. Гэта адно з самых аўтарытэтных даследаванняў якасці адукацыі ў свеце, якое заклікана даць адказ на пытанне: ці выконвае адукацыя сваю асноўную функцыю — падрыхтоўкі да самастойнага жыцця? Падчас яго правяраюцца не столькі акадэмічныя дасягненні навучэнцаў, колькі іх уменне працаваць з інфармацыяй і рэальныя жыццёвыя кампетэнцыі, здольнасць вучняў устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі, іх уменне супастаўляць факты і аналізаваць, хутка прымаць рашэнні. Беларускія школьнікі ўдзельнічалі ў міжнародным даследаванні ўпершыню, у адрозненне ад сваіх украінскіх ці расійскіх равеснікаў.
А тым часам галоўны куратар РІSА Андрэас Шляйхер заявіў, што ўкараненне ў Расіі Адзінага дзяржаўнага экзамену аказала станоўчы ўплыў на сістэму адукацыі, у прыватнасці, старшакласнікі сталі лепш спраўляцца са складанымі заданнямі, якія ідуць пасля тэставай часткі АДЭ. Пры гэтым, на яго думку, тэсты з множным выбарам варыянтаў адказаў не вельмі дарэчныя ў сучаснай сістэме адукацыі. Аптымальным варыянтам Шляйхер лічыць заданні, у якіх навучэнцам трэба даваць экзаменатарам больш складаныя і разгорнутыя адказы. А беларусам застаецца толькі дачакацца вынікаў РІSА, каб зразумець, наколькі нашы 15-гадовыя падлеткі канкурэнтаздольныя, як і наша сістэма адукацыі?
Тэсты РІSА змяшчаюць тры асноўныя блокі: заданні на чытацкую адукаванасць (разуменне тэкстаў), матэматычную і прыродазнаўча-навуковую. У іх шмат тэкстаў, якія трэба ўважліва прачытаць (а для сучасных школьнікаў, якія не любяць вялікія тэксты, гэта, бадай што, самае складанае) і адказаць на шматлікія пытанні. Яны ідуць групамі, з прывязкай да канкрэтнага тэксту.
Надзея НІКАЛАЕВА
Арыгінал артыкула па спасылцы