У пачатку навучальнага года, пасля адпачынку, настаўнікі поўныя энергіі гатовы да супрацы з калегамі і пастаноўцы новых мэт і задач на навучальны год. Каб захаваць энергію і матывацыю надоўга, варта запланаваць першае паседжанне калектыву школы ва ўрачыстай, спрыяльнай да адкрытага дыялогу абстаноўцы.
Звычайна мы недаацэньваем такія ідэі і не бачым ад іх карысці. Але яны могуць прывесці да лепшага супрацоўніцтва педагогаў на карысць вучням, паляпшэння выкладання, змены школьнага асяроддзя, прыняцця амбіцыйных задач настаўнікамі і, нарэшце, большай задаволенасці работай.
Я прадстаўлю шэсць ідэй, якія можна выкарыстаць. Магчыма, вам спадабаецца адна, якую зможаце запланаваць і ўвасобіць на пачатаку новага навучальнага года.
1. Сумесны абед
Варта пачаць навучальны год з сумеснага абеду настаўнікаў. Вы можаце замовіць кейтэрынг, ці набыць стравы ў краме, а таксама можаце папрасіць настаўнікаў прынесці прыгатаваныя стравы з дому.
Сумесны абед стане магчымасцю па-першае, успомніць адпачынак, па-другое, абмеркаваць планы школы на наступны навучальны год, па-трэцяе, плаўна пераключыцца з адпачынку на працу.
Большасць школ пачынае навучальны год з пасяджэння педагагічнага савета, але на гэты раз вы можаце спалучыць сур’езную працу з сустрэчай у коле сяброў і аднадумцаў за кавай, гарбатай і пячэнькамі. Як варыянт, вы можаце зрабіць сумесны абед па-за пасяджэннем педагагічнага савета, асобна.
Падчас сустрэчы вы можаце арганізаваць так званае сусветнае кафэ.
2. Працуем для стварэння спрыяльнага школьнага асяроддзя.
Праца настаўнікаў вельмі інтэнсіўная і псіхалагічна напружаная, таму ў школьным годзе звычайна няма часу на планаванне дадатковых мерапрыемстваў.
Давайце разам падумаем, што мы можам зрабіць для спрыяльнага для вучняў, педагогаў, бацькоў школьнага асяроддзя. Як мы можам па-новаму далучыць бацькоў да школы? Як мы можам палепшыць інфраструктуру школы? Можа, варта абмеркаваць з педагагічным саветам, якія школьныя дапаможнікі патрэбныя. Як мы можам супрацоўнічаць з няўрадавымі і дабрачыннымі арганізацыямі, звязанымі з адукацыяй? Як наша школа можа дапамагчы сем’ям у складанай сітуацыі?
Цяпер вы можаце спланаваць карысныя дзеянні з новай энергіяй, а магчымасць дапамагчы іншым добра працуе для маральнага стану настаўніка і павышэння яго самаацэнкі.
3. Давайце зробім фільм: «Сардэчна запрашаем у школу».
Можна запрасіць ахвотных настаўнікаў паўдзельнічаць у фільме – «Назад у школу» (накшталт «Назад у будучыню»).
Лепш за ўсё, калі сцэнар фільма змяшчае вясёлыя элементы і заахвочвае вучняў наведваць школу, сустрэцца з сябрамі, быць актыўнымі і добра вучыцца ў гэтым навучальным годзе. Запіс фільма аб'ядноўвае настаўнікаў і спрыяе стварэнню супольнасці. Фільм можна размясціць у сацыяльных сетках, альбо даслаць вучням і бацькам па электроннай пошце.
4. Давайце гуляць у гульні.
Падчас сустрэчы ў пачатку навучальнага года настаўнікам можна прапанаваць гульню. Лепш за ўсё, калі гульня дапаможа стварыць каманду. Гэта могуць быць, напрыклад, загадкі галаваломкі, пазлы, калі кожная група атрымлівае толькі частку пазла. Групы павінны працаваць разам, каб скласці цэлае. У ідэале, выява павінна быць на школьную тэму, утрымліваць пэўны кантэкст і быць цікавай для педагогаў.
Яшчэ адной прывабнай формай гульні з'яўляюцца заданні, якія трэба выканаць. Такі падыход патрабуе даволі сур’езнага планавання, але карысць ад гэтага вялікія. Заданні для ўдзельнікаў могуць спрыяць дыскусіі пра выкладанне і метадычнае забеспячэнне ў школе. Адно з пытанняў можа быць: Колькі раз можна дазволіць вучню выпраўляць выкананае заданне? Збіраючы адказы на гэтую тэму, можна потым планаваць правілы школьнага распарадку.
5. Неспадзяваны падарунак.
Ідэя патрабуе, каб кожны загадзя прынес невялікія падарункі. Удзельнічаць у гульні могуць настаўнікі і вучні. Пакладзіце загорнутыя падарункі (напрыклад, керамічныя фігуркі, духмянае мыла) у кошык. Таксама можаце пакласці туды пажаданні на навучальны год. Настаўнікі з дапамогай лёсавання выцягваюць падарункі і паказваюць іншым, што яны выцягнулі. Вы можаце дадаць сюды гісторыю - чаму мне ўручылі падарунак. Дзякуючы гэтаму сярод настаўнікаў ствараецца супольнасць. Падчас лёсавання вучні могуць дадаць каментары - чаму той ці іншы падарунак адпавядае настаўніку.
6. Хто гэта?
Настаўніцкія сустрэчы могуць пачынацца з інтэграцыйнай гульні. Адной з іх можа стаць тое, што кожны разважае пра дзве сітуацыі ў сваім жыцці - адну сапраўдную, а другую не. Удзельнікі сустрэчы вырашаюць, якія з іх сапраўдныя. Гэта могуць быць школьныя і пазашкольныя сітуацыі.
Іншая версія - гэта чытанне раней падрыхтаваных кароценькіх гісторый. Удзельнікі здагадваюцца, пра каго ідзе гаворка. У гэтых апавяданнях варта звярнуцца да ўспамінаў дзяцінства.
Гэтыя і падобныя гульні дапамагаюць настаўнікам лепш пазнаёміцца, што палягчае супрацоўніцтва.
Данута Стэрна, эксперт у адукацыі, г. Варшава
Малюнак Дануты Стэрны