14 кастрычніка Віктар Пракапеня выклаў свае прапановы па рэфармаванні адукацыйнай сістэмы з просьбай пакідаць каментары. Публікуем інтэрв'ю з Тамарай Мацкевіч, намесніцай старшыні ТБШ, якое яна дала карэспандэнту "Беларускай праўды".
- Вярхі разглядаюць IT-сферу ледзь не як панацэю ад усіх эканамічных праблемаў. На нарадзе ў Лукашэнкі прынята рашэнне стварыць “хайтэк-універсітэт”, заснавальнікамі якога мусяць выступаць ПВТ, БДУ ды БДЭУ. Ці рэалізуемы гэта праект пры цяперашняй сістэме адукацыі ў краіне?
Чаму не? Толькі гэта будзе не ўніверсітэт, а ПТВ для ПВТ. Бо ўніверсітэт - гэта перш за ўсё асяродак з багатай гісторыяй і традыцыямі, створаны для развіцця асобы, дзе даюцца фундаментальныя светапоглядныя веды, у тым ліку і гуманітарнага цыклю. Для ўніверсітэтаў важна мець акадэмічныя свабоды, каб раскрыць асобу студэнта, а не навучыць яго “кодзіць” ці класці цэглу.
Мне наадварот здаецца, што такія “хайтэк-птв”, дзе ўсё арыентавана на зараблянне грошай, а не на самарэалізацыю, дзе любому можна заткнуць глотку рублём – мара сённяшняй улады.
-Ці вырашыць універсітэт праблему забеспячэння рынку працы IT-кадрамі? Як сцвярджае Пракапеня, краіне трэба ў 5-10 больш айцішнікаў, чым здольныя падрыхтаваць існуючыя вну.
Ну пачнем з таго, што вну кадры не рыхтуюць. Іх рыхтуюць бацькі і школа. А ВНУ толькі адбірае падрыхтаваную моладзь і дашліфоўвае. Ім ужо і цяпер няма з каго тыя кадры рабіць. Дзякуючы развіццю тэхнічных магчымасцяў навукоўцы змаглі назіраць працэсы, якія адбываюцца ў нервовай сістэме чалавека пры навучанні, і ўзнікла цэлая навука – кагнітыўная неўралогія. Дык вось, даследаванні паказалі, што калі дзіця не развіваць у раннім дзяцінстве і школе, то вну з ягонымі здольнасцямі ўжо нічога не зробіць. Усе нервовыя сувязі, якія адказваюць за інтэлект, усталёўваюцца нашмат раней, чым дзіця становіцца абітурыентам.
Сучасная педагогіка – гэта дакладная навука. Там любая інтэрвенцыя (па простаму – уздзеянне), любая навучальная методыка пралічваецца і мае свой паказчык эфектыўнасці. Напрыклад, вядома, што дзеці найлепш развіваюцца, калі навучаюцца ў камандзе, а не паасобку, сталыя нервовыя сувязі, якія адказваюць за доўгатэрміновую памяць і логіку, усталёўваюцца, калі ім навучацца цікава, калі ёсць напруга (напрыклад, складаныя задачы), але няма стрэсу. Для гэтага распрацоўваюцца новыя методыкі навучання. Думаю, Пракапеня пра гэта ведае, або, пры жаданні, можа пачытаць. І ён выдатна разумее, што калі перакос у заробках і рознае стаўленне дзяржавы да педагога і да IT-шніка, будзе захоўвацца, як цяпер, то праз пару год ПВТ “праглыне” усіх , каго зможа, і не будзе на кім далей паразітаваць. Бо масавая школа з-за адсутнасці якасных кадраў і сучасных навучальных тэхналогій “затупіць” самых здольных ужо к 5-6-му класу. Калі б ПВТ думаў пра кадры для сябе, то інвеставаў бы ў масавую адукацыю, перападрыхтоўку настаўнікаў, выданне метадычнай літаратуры, а не ў стэм-цэнтры і гурткі рабататэхнікіі для паказухі. А дзяржава б падтрымлівала настаўніка маральна і матэрыяльна.
-Заснавальнік VP Capital выклаў адмысловы план айціфікацыі краіны, які, у прыватнасці, прадугледжвае эксперыменты ў сярэдняй адукацыі. Што прапануе Пракапеня і ці можна гэты план рэалізаваць?
У прынцыпе, ніхто не супрацт IT-фікацыі краіны. Але план Пракапені – гэта шкодная утопія. Бо ён не прадугледжвае сістэмных зменаў, а без іх усё, нават добрае, што ён прапаноўвае не спрацуе, толькі дыскрэдытуе гэтыя крокі ў вачах грамадства.
Напрыклад, прадметы па выбару, ранняя прафарыентацыя, выбар замежных падручнікаў для перакладу і адаптацыі, празрыстыя крытэры для надбавак настаўніка і магчымасць яму складаць 30% зместу свайго прадмета – усё гэта прагрэсіўныя змены. Але толькі ўявіце, ува што гэта ператворыцца, калі будзе спушчана «зверху»! Без змены сістэмы кіравання адукацыяй, без большай свабоды і магчымасці абароны ад чыноўніка нічога гэта не запрацуе. Як не запрацавала падушавое фінансаванне, бо дзяржава не дала бацькам права выбару школы, а кіраўніцтву школ - права падбору кадраў, стымулявання найлепшых педагогаў, падбору методык і зместу.
Падручнік у нас толькі адзін, праграма ў нас аднолькавая для ўсіх мільёна навучэнцаў. Такога няма нідзе ў свеце!
-Ці з’яўляецца айціфікацыя адукацыі часткай ейнага рэфармавання? Ці гэта нешта зусім іншае?
Калі гаварыць пра ІКТ: выкарыстанне гаджэтаў, дыстанцыйных курсаў, перанос бюракратыі на электронныя носбіты і г.д. – то гэта ўсё толькі інструменты. Усё тут залежыць, у каго гэтыя інструменты ў руках. Тут зноў усё ўпіраецца ў сістэму кіравання. Калі з дапамогай ІКТ будуць патрабаваць бюракратыю, якой становіцца толькі больш, то ніякай рэформы не будзе. А калі дырэктара школы будзе выбіраць Школьная Рада, а не прызначаць вертыкаль, то, відаць, такі дырэктар будзе думаць, як стварыць добрыя ўмовы для настаўніка і дзяцей, а не пра справаздачы наверх. Тады гэтыя інструменты могуць шмат у чым дапамагчы. Але, вядома, рэформа – гэта зусім іншае. Гэта сістэмная змена.
-Лукашэнка зноў назваў сітуацыю ў адукацыі “бардаком” і прыгразіў адстаўкай міністру Карпенку (паводле Пракапені). Ці падтрэбна беларускай адукацыі адстаўка міністра і ці прывядзе яна да якасных зменаў?
Не хачу нічога гаварыць пра гэтых людзей. У іх іншыя функцыі, з адукацыяй ніяк не звязаныя.
Георгій Громаў, Беларуская праўда https://belprauda.org