«Шаноўны сябар, кум і дабрадзей ... Спяшаюся, між іншым, паведаміць табе, што прыехаў чыноўнік з загадам агледзець усю губерню і асабліва наш павет. Я даведаўся пра гэта ад самых верных людзей, хоць ён прадстаўляецца прыватнай асобай. Паколькі я ведаю, што за табою, як за кожным, ёсць грашкі, таму што ты чалавек разумны і не любіш прапускаць таго, што плыве ў рукі... Таму раю табе быць асцярожным, бо ён можа прыехаць у кожную гадзіну, калі толькі ўжо не прыехаў і не жыве дзе-небудзь інкогніта»... Усім вядомыя гэтыя радкі з легендарнай камедыі Мікалая Гогаля «Рэвізор», якія ў старэйшага пакалення адразу выклікаюць усмешку. Але паспрабуйце зацікавіць літаратурнай класікай падлеткаў! Ці пачытаць з імі яшчэ адзін твор гэтага пісьменніка — «Мёртвыя душы». У многіх педагогаў проста апускаюцца рукі. Але ў дырэктара сярэдняй школы № 2 горада Століна Алы ЛАЗІЦКАЙ, якая выкладае ў школе рускую мову і літаратуру, ёсць свае лайфхакі, якімі яна падзялілася з калегамі ў рамках трэцяй канферэнцыі Еdсаmр Bеlаrus — 2019. Тэма яе майстар-класа была прысвечана фарміраванню даследчых кампетэнцый праз сродкі медыяадукацыі.
Прагулка з Чацкім
Ала Лазіцкая: «Вывучэнне стварэння фэйка — любімы занятак у вучняў, дзякуючы якому яны праштудзіруюць літаратурны тэкст не аднойчы...»
— Я з вялікай павагай стаўлюся да Тургенева, Грыбаедава, Пушкіна і Талстога, але для сучасных дзяцей гэта зусім іншая рэчаіснасць, якая ніяк не звязана з сённяшнім днём. І трэба знайсці нейкі «кручок», каб зачапіць іх увагу, — канстатуе настаўніца. — «Рэвізора» сямікласнікі чытаць не вельмі жадаюць, таму што сацыяльны падтэкст гэтага твора ад іх вельмі далёкі. Таму над «Рэвізорам» я працавала са сваімі дзецьмі ў кантэксце фактчэкінгу (англ. fасt сhесkіng — праверка фактаў). Гараднічы збірае сваіх чыноўнікаў і зачытвае ім ліст. І вось тут завязваецца інтрыга, у тым ліку і на нашым уроку. Пачынаем разбіраць: ці нейтральны гэта тэкст, або ў ім прысутнічаюць нейкія маркеры (словы), якія ўказваюць на адваротнае? Ці ёсць у пасланні ацэначныя меркаванні? Бяром у рукі маркеры і расфарбоўваем тэкст: выдзяляем рознымі колерамі факты і меркаванні... Цікава, што ліст адзін і той жа, але кожны чыноўнік зразумеў яго па-свойму. Чаму? Далей вывучаем тэхналогію стварэння фэйка — гэта для маіх выхаванцаў самы любімы занятак, дзякуючы якому яны праштудзіруюць літаратурны тэкст не аднойчы. Дарэчы, дзеці любяць менавіта слова «фэйк», а не «чуткі» ці «плёткі».
«Калі я вам скажу, што заўтра ў нашай сталоўцы будзе сухі паёк, таму што вадаправод патрабуе рамонту, вы мне паверыце?» — запыталася аднойчы настаўніца ў сваіх вучняў. «Так», — адказвалі яны. «А чаму? Я ж вам кажу няпраўду». — «Таму што вы дырэктар!» — «А калі скажу, што на гарадскі парк упаў метэарыт і парка больш няма, вы мне паверыце?» — «Не». — «А чаму?»
— Так дзеці паступова прыходзяць да высновы, што для таго, каб фэйк распаўсюджваўся, усе павінны быць гатовыя ў яго паверыць, — кажа Ала Лазіцкая. — А далей у нас на ўроку адбываецца работа ў групах: першая даследуе момант нараджэння фэйка, другая вывучае траекторыю яго распаўсюджвання (хто агучыў, каму перадаў, навошта гэта зрабіў?). Ствараецца схема, у якую ўцягнуты ўвесь горад. Навучэнцы пачынаюць разумець, што ёсць людзі, якія распаўсюджваюць пэўную інфармацыю мэтанакіравана. І трэцяя група вывучае наступствы фэйка.
Твор Аляксандра Грыбаедава «Гора ад розуму» яшчэ больш далёкі ад сучасных дзяцей. Але ж можна вывучыць, як нараджаюцца і жывуць чуткі аб вар'яцтве Чацкага. Пачынаем устанаўліваць, хто іх аўтар. Называюць каго заўгодна, акрамя Соф'і. Высвятляем, што гераіня сказала гэта са злосці, але хтосьці пачуў і панёс далей. Навошта ён гэта зрабіў і чаму ў доме ўсе хутка ў гэта паверылі?
«Мёртвыя душы» Мікалая Гогаля, «Недарасль» Дзяніса Фанвізіна, «Герой нашага часу» Міхаіла Лермантава, «Сабачае сэрца», «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава, «Вайна і мір» Льва Талстога... Прапаную тэму для даследавання на ўроку: «Як ствараецца імідж чалавека? Піяр і самапіяр». Усе творы для гэтага падыходзяць. Паралельна вывучаем медыя- і піяр-тэхналогіі. Ці заўсёды магчыма стварэнне пазітыўнага іміджу чалавека? Чаму самаўспрыманне і ўспрыманне цябе іншымі людзьмі не заўсёды супадаюць? Чаму імкненне пакінуць уражанне не заўсёды аказваецца паспяховым? Дзевяцікласнікаў гэтыя пытанні вельмі хвалююць. Падчас вывучэння «Недарасля» мае вучні знайшлі падручнік па іміджмейкінгу, вывучылі, як працуюць гэтыя тэхналогіі, і перанеслі на вобраз Мітрафанушкі. Высветлілася, што спадарыня Прастакова (яго матуля) — іміджмейкер, так бы мовіць, ад Бога. Але чаму ўсе яе спробы не дасягнулі мэты? Проста для таго, каб стварыць чалавеку пазітыўны імідж, усё ж такі павінен быць нейкі падмурак, а на пустым месцы гэта не робіцца. Мае вучні аналізавалі, хто з герояў у гэтым творы хлусіць, а хто кажа праўду, і высветлілася, што не хлусіць толькі Скацінін. Проста таму, што ў яго няма ў гэтым патрэбы.
Тэхнікі маніпуляцыі ў паводзінах персанажаў (яшчэ адно паняцце з медыяадукацыі) можна вывучаць на прыкладзе наступных твораў: «Пунсовыя ветразі» Аляксандра Грына, «Мёртвыя душы» і «Рэвізор» Гогаля, «Бацькі і дзеці» Тургенева. Напрыклад, мае выхаванцы прыйшлі да высновы, што Базараў, які маніпулюе ўсімі людзьмі вакол сябе, сам глыбока няшчасны чалавек. Я не зусім з імі згодная, але чужое меркаванне трэба паважаць. Усе героі гэтага рамана аказваюць псіхалагічны ціск адно на аднаго. І вялікае значэнне ў ім маюць дыялогі персанажаў.
Пры знаёмстве з «Мёртвымі душамі» Мікалая Гогаля (гэты твор заўсёды ўспрымаецца школьнікамі надзвычай складана) мы рэалізоўвалі вучэбна-даследчы праект «Інфармацыйная прастора губернскага горада NN, ці горад як медыятэкст». Прагуляліся па ім разам з Чычыкавым: вывучылі шыльды на розных аб'ектах цэнтральнай вуліцы, тэатральную афішу, мясцовую газету, надпіс на плоце «прадам душу». Паглядзелі ўрывак з экранізацыі рамана 1984 года. Потым было заданне зрабіць цытатную характарыстыку Чычыкава, падзяліць крыніцы сцвярджэнняў — чыя гэта пазіцыя і бачанне (аўтара, самога Чычыкава ці так пра героя кажуць іншыя). Ці не з'яўляецца меркаванне пра чалавека, якога ўсе бачаць першы раз, інтэрпрэтацыяй? На якіх падставах яно ствараецца? А далей знаёмства з раманам пайшло весялей.
Ала Лазіцкая падкрэслівае: «Для мяне заўсёды было важна пераканаць дзяцей у тым, што класікі, з творамі якіх яны знаёмяцца на ўроках літаратуры, не нейкія кананізаваныя асобы. Іх творчасць застаецца актуальнай па сённяшні дзень, іх творы — пра нас, менавіта таму іх і лічаць класікамі».
Будзь у курсе!
Фэйк — слэнгавы тэрмін. Пад фэйкам разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай, так бы мовіць, падробку навіны. Фэйкі могуць закранаць за жывое тых, хто іх чытае. У гэтым выпадку ў чалавека адключаецца логіка, уключаюцца эмоцыі, і ён верыць нават у самую неверагодную інфармацыю. Фэйкавымі могуць быць таксама і дзеянні.
Сапраўдны патрыятызм
Наталля Катчанка: «Давайце ўявім сабе, што да нас едуць госці з іншай краіны...»
Выхаваўчая работа — галаўны боль для класнага кіраўніка. Трэба кожны тыдзень праводзіць інфармацыйныя і класныя гадзіны, складаць іх планы. А ёсць яшчэ і такія абавязковыя даты ў календары, якія немагчыма абысці, напрыклад, 2 красавіка — Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. На кірмашы педагагічных ідэй Еdсаmр Bеlаrus — 2019 прапанову настаўніцы англійскай мовы з Нясвіжскай гімназіі Наталлі КАТЧАНКІ падзяліцца досведам правядзення нясумнай і нестандартнай патрыятычнай класнай гадзіны, калегі ўспрынялі на «ўра».
— Я з'яўляюся класным кіраўніком у 10 класе. Мае вучні — людзі са сфарміраваным кругаглядам, поглядамі на жыццё і чалавечымі каштоўнасцямі. Гэта ўсё я ўлічваю пры планаванні выхаваўчай работы, — канстатуе педагог. — У пачатку кожнай чвэрці прапаную ім спіс патэнцыйных тэм для класных і інфармацыйных гадзін, а яны павінны аргументаваць свой выбар. Напрыклад, ці варта прысвячаць класную гадзіну Міжнароднаму дню перакладчыкаў? Аднойчы мне тэрмінова давялося карэктаваць свае планы. 2 красавіка — дата больш афіцыёзная, і трэба было яе неяк «ачалавечыць». Патрыятызм не павінен быць штучным. Я сказала вучням: а давайце ўявім сабе, што да нас едуць госці з Расіі. Краіна, канешне, можа быць любой: ад Аўстраліі да Бразіліі. Галоўнае — гэта ўменне супастаўляць. У той дзень да нас «ехалі» госці з Расіі. Але найперш запыталася: што нас аб'ядноўвае? Клас дзеліцца на шэсць груп: кожная стварае турыстычнае агенцтва. Задача — прыдумаць яму назву, каб у ёй былі толькі беларускія словы.
Удзельнікі Еdсаmр Bеlаrus — 2019 «занялі» месца вучняў і прымералі іх ролі на сябе. «Трыпутнік», «Альтанка», «Хмарачосы», «Калі ласка», «Аксамітны шлях», «Бульбашы» — назвы, якія яны прапанавалі. Далей трэба было прыдумаць слоган (у вершаванай форме ці прозе) — адзін, максімум два сказы, але каб у іх былі словы, якія зразумеюць толькі беларусы. «Хмарачосы не водзяць за носы і змяняюць лёсы», «Завітайце да нас у «Альтанку»: чакаем ад ранку да ранку», «Валацуга, збірай валізу, а мы зробім табе візу» — імправізавалі на хаду педагогі.
Далей трэба было скласці турыстычны маршрут для гасцей: прапанаваць пяць месцаў на карце і растлумачыць, чаму менавіта яны могуць зацікавіць расіян. Запрашалі іх у беларускі Парыж, Косава, Манголію, Палесціну і Балі, па згушчанае малако ў Рагачоў і на БелАЗ у Жодзіна. Наступная задача — накарміць дарагіх гасцей і прапанаваць ім стравы нацыянальнай кухні. «Вось гэта яўны прабел у ведах нашых дзяцей, — канстатуе Наталля Катчанка. — А цяпер падумайце, што ім паказаць з культурных імпрэз — трэба запрасіць у два месцы. У маіх вучняў самы папулярны быў Купалаўскі тэатр, куды мы хадзілі напярэдадні... Потым кожная група вызначала агенцтва, ідэі якога ім найбольш спадабаліся».
Ліст майго поспеху
Вольга ЖЫТКАЯ: «А чаму б не паспрабаваць укараніць актыўную ацэнку ў выхаваўчую дзейнасць?»
Настаўніца біялогіі Ушацкай сярэдняй школы Вольга ЖЫТКАЯ таксама класны кіраўнік у сёмым класе. Яна выкладае на дыстанцыйным курсе «Стратэгіі актыўнай ацэнкі» (АА) і сама актыўна ўкараняе новую адукацыйную філасофію на сваіх уроках. Прычым, як высветлілася, не толькі ў рамках вучэбных заняткаў.
— Падумала, а чаму б не паспрабаваць укараніць актыўную ацэнку ў выхаваўчую дзейнасць? Я раблю стаўку на наступныя элементы АА: мэтавызначэнне, самаацэнку і зваротную сувязь, прычым не толькі з вучнямі, але і з бацькамі.
У пачатку навучальнага года навучэнцы запаўняюць карту самаацэнкі вучэбных дасягненняў, куды ўнесены ўсе прадметы, што яны вывучаюць. Рознымі колерамі дзеці пазначаюць, які маюць настрой на іх засваенне: чырвоны — колер трывогі, жоўты — ёсць праблемы і зялёны — усё добра. Напрыклад, матэматыку многія выдзяляюць чырвоным колерам. Нядзіўна, што гэты прадмет выклікае ў вучняў трывогу, таму што ў нас за год змяніліся два настаўнікі матэматыкі, і ў дзяцей насамрэч ёсць праблемы з яго засваеннем. Адна дзяўчынка чырвоным колерам пазначыла беларускую мову, другая — англійскую. Я іду да калегі і высвятляю, у чым праблема. Гэта можа быць, напрыклад, адсутнасць псіхалагічнага кантакту з педагогам ці нейкая іншая схаваная прычына. Адвучыліся першую чвэрць, і зноў расфарбоўваюць карту — я гляджу, ці ёсць дынаміка. Хтосьці ад чырвонага колеру прыходзіць да зялёнага, але бывае і наадварот. Збіраемся разам і размаўляем: я, бацькі вучня і настаўнік-прадметнік. Так мы робім кожную чвэрць. Сёння мне ёсць пра што прадметна размаўляць і на бацькоўскіх сходах, і на індывідуальных сустрэчах з бацькамі.
У карце самаацэнкі вучэбных дасягненняў рознымі колерамі дзеці пазначаюць, які маюць настрой на іх засваенне: чырвоны — колер трывогі, жоўты — ёсць праблемы і зялёны — усё добра. Фота аўтара.
Таксама дзеці кожную чвэрць запаўняюць «Ліст майго поспеху». Там ёсць графа «Мая мэта»... Напрыканцы чвэрці «я буду ведаць...», «буду ўмець...», «у мяне будзе...», «хачу ў сабе выхаваць», «хачу развіць у сабе»... Дзеці самі ставяць перад сабой мэту. Прычым яна не абавязкова павінна быць звязана з вучобай. Напрыклад, ёсць у маім класе сціплая дзяўчынка, якая саромеецца падняць руку і адказаць, таму што баіцца, што аднакласнікі будуць смяяцца, калі яна дапусціць памылку. Я прапаную ёй: «Давай паставім мэту: да канца чвэрці я не буду баяцца падняць руку». Перад канікуламі навучэнцы робяць самаацэнку: што ў іх атрымалася добра, а што не атрымалася зусім, і ў якім кірунку трэба рухацца далей. А пасля ўсе чакаюць ад мяне зваротную сувязь.
Даведка:
Зваротная сувязь з'яўляецца фундаментам актыўнай ацэнкі. Добры каментарый павінен уключаць чатыры абавязковыя элементы: падкрэсліванне станоўчых бакоў работы вучня, указанне на тое, што павінна быць выпраўлена, над чым трэба папрацаваць дадаткова, падказкі і парады, як гэта можна зрабіць. Зваротная сувязь павінна заахвочваць да далейшай работы.
Надзея НІКАЛАЕВА
Арыгінал артыкула па спасылцы