Ведаў — мора, але паспрабуй вазьмі!

02.12.2019

У сталічным стартап-хабе “Імагуру” прайшла інтэлектуальна-навучальная гульня-квіз “На злом галавы”. Настаўнікі, якія актыўна прасоўваюць у школах медыяадукацыю, спаборнічалі ў ведах па тэме “Медыя”.

 

“Некаторыя людзі давяра­юць СМІ на 100 працэнтаў, але толькі не мы”, — заўважылі медыяадукатары і ў ходзе гульні пераканаўча даказалі сваё ўменне арыентавацца ў бязмежнай інфармацыйнай прасторы. Зрэшты, былі і складаныя пытанні, праз якія ўдзельнікі атрымалі новыя для сябе веды. Але так і задумвалася: гульня ж ін­тэлектуальна-навучальная.

Арганізатарам гульні-квіза выступіла Таварыства беларускай школы. Як адзначыла намеснік старшыні Тамара Мацкевіч, сёння быць медыя­дасведчаным, можа, нават больш важна, чым быць проста пісьменным. І настаўнікі нясуць гэтыя важныя веды ў свае класы, каб навучыць дзяцей арыен­тавацца ў інфармацыйным свеце.

 

— Ёсць такі настаўніцкі сакрэт: калі хочаш чалавека навучыць, рабі гэта ў форме пытанняў, каб ён сам знайшоў патрэбныя адказы, — гаворыць Тамара Мацкевіч. — Таму мы і вырашылі правесці для настаўнікаў не семінар, а гульню, бо гэта вельмі прыемная форма навучання. У свеце ўжо даўно прыдумалі аб’яднаць адукацыю з забавамі, нават з’явілася новае слова edutainment (education + entertainment). І наша гульня-квіз “На злом галавы” якраз адпавядае гэтай мэце, мы вучымся і забаўляемся.

 

Стартап-хаб “Імагуру” не ўпершыню прадастаўляе настаўнікам свае пляцоўкі. Зараз гульня прахо­дзіла ў прасторнай зале “Нью-Ёрк”, месца хапіла ўсім дванаццаці камандам. Дарэчы, арганізатары запрашалі на гульню не толькі каманды. Аматарам-адзіночкам прапаноўвалася аб’яднацца ў асобную каманду ўжо на месцы. І забягаючы наперад, заўважу, што зборная настаўнікаў заняла 3-е месца.

Гульню правялі Таццяна і Сяргей Фадзіны, настаўнікі сярэдняй школы №26 Гродна. Пытанні яны прапанавалі зусім не простыя. Затое навучальны складнік не згубіўся ў забаўляльным — было і весела, і даволі напружана.

У пяці турах удзельнікі дэманстравалі веды ў галіне медыя­адукацыі (тут многія даведаліся новае паняцце “астратурфінг”), кіно (ад любімых “Белых росаў” да фільмаў Галівуда, дзе ёсць згадкі пра Беларусь), музыкі (вы ведалі, што нашы “Песняры” спявалі разам з New Christie Minstrels?), графічнага мастацтва (зноў жа многія адкрылі для сябе творчасць грузінскіх дызайнераў Левана Пацынашвілі і Давіда Бабіяшвілі) і, нарэшце, навінавай журналістыкі (таямніцы газетных загалоўкаў).

 

— Мы часта праводзім гульню “На злом галавы” для вучняў 8—11 класаў у шосты школьны дзень, і гэта заўсёды прыцягвае шмат дзяцей, — гаворыць Таццяна Фадзіна.

 

Гэта нядзіўна, бо і для настаўнікаў гульня аказалася вельмі цікавай, эмацыянальнай і не столькі спаборніцкай, колькі сяброўскай. Арганізатары адзначылі вельмі класную аб’яднаную каманду з Нясвіжа і Мінска. Настаўнікі Нясвіжскай гімназіі Наталля і Уладзімір Катчанка разам з дзецьмі прадэманстравалі не толькі веды па тэме, але і разуменне стратэгіі і тактыкі квіза. Дапамагае вопыт удзелу ў розных інтэлектуальных гульнях. Прыз сімпатый гледачоў атрымала каманда “Філосафы” — самыя маладыя ўдзель­нікі квіза. Але, па вялікім рахунку, у гэтай гульні выйгралі ўсе.

Выйгралі, таму што атрымалася сустрэцца з аднадумцамі і пазнаёміцца з новымі людзьмі. Атрымалася многаму навучыцца. Атрымалася весела, творча, з карысцю правесці свой вольны час.

У “Імагуру” ў нядзелю была сапраўды цудоўная атмасфера. Настаўнікі чарговы раз паказалі, якая гэта магутная інтэлектуальная і творчая сіла. У свой заслужаны выхадны дзень (для многіх — адзіны на ты­дзень) яны прыехалі ў Мінск з Гродна, Століна, Нясвіжа, Маладзечна, Лагойска і іншых гарадоў і вёсак, каб атрымаць новыя веды і эмоцыі. Некаторыя прыехалі на гульню разам з вучнямі, нават тымі, што ўжо скончылі школу. Настаўнікі, для якіх кожны дзень — “на злом галавы”, гатовы вучыцца, каб потым навучыць іншых.

І няпраўда, што роля настаўніка ў інфармацыйным грамадстве неяк змянілася, маўляў, сёння ён ужо не галоўны носьбіт ведаў. Якраз носьбіт. І менавіта галоўны. У наш час яго роля яшчэ больш узрастае, бо сёння ў бязмежным інтэрнэце ўзяць веды нават цяжэй, чым тады, калі яны абмяжоўваліся кніжнай паліцай дома ці маленькай бібліятэкай у школе. Ведаў сапраўды мора, але паспрабуй вазьмі!

Як ніхто не нараджаецца з уменнем чытаць і пісаць, так няма ў чалавека ўбуда­ванага навігатара для арыен­тацыі ў інфармацыйнай прасторы. Гэтаму трэба многа і ўпарта вучыцца. Таму сёння настаўнікі, як і ва ўсе часы, напера­дзе — у пошуку новых ідэй і новых магчымасцей для навучання. Менавіта яны могуць матываваць (у інтэрнэце ёсць усё, але хіба дзеці рашаюць там задачы?), навучыц­ь сярод інфармацыйнага шуму вылучац­ь важнае, адрозні­ваць карыснае ад бескарыснага, праўду ад хлусні, не падманвацца, разумець са­праўдныя нацыянальныя інтарэсы і кіравацца імі на працягу жыцця.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.

Арыгінал артыкула па спасылцы.