Зацікавіць фізікай кожнага вучня

12.12.2019

У кожным ёсць прызванне да той ці іншай прафесіі. Трэба толькі своечасова пачуць голас сэрца і рушыць па сапраўды жаданым прафесійным шляху. Менавіта так калісьці зрабіў настаўнік фізікі сярэдняй школы № 8 Крычава Андрэй Віктаравіч Краўчанка.

Для Андрэя Віктаравіча фізіка заўсёды была любімым школьным прадметам. Нядзіўна, што, атрымаўшы атэстат, ён без роздумаў вырашыў працягнуць адукацыю на фізіка-матэматычным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова.

— Прафесія педагога быццам сама мяне знайшла. У школе мне заўсёды падабаліся заняткі фізікай і матэматыкай. Свае здольнасці праяўляў, прымаючы ўдзел у алімпіядным руху. Пасля 9 класа вучыўся ў Княжыцкай фізіка-матэматычнай школе пры МДУ імя А.А.Куляшова. Пасля працягнуў адукацыю ў гэтым універсітэце. Адразу не думаў, што буду настаўнічаць, але цалкам змяніў сваё меркаванне пасля вучэбнай практыкі. Менавіта падчас тых першых заняткаў дакладна вырашыў: мой шлях — гэта шлях педагога, — расказвае А.В.Краўчанка.

 

Выбранай у юнацтве прафесійнай дарозе Андрэй Віктаравіч верны вось ужо 23 гады. Увесь гэты час ён імкнецца да ўдасканалення свайго педагагічнага патэнцыялу. А.В.Краўчанка валодае ўласным педагагічным почыркам выкладання, галоўнае ў якім — зацікавіць фізікай кожнага вучня. На сваіх занятках настаўнік стараецца максімальна наблізіць гэтую навуку да рэальнага жыцця.

 

— Без фізікі ў сучасных рэаліях немагчыма. Яна паўсюдна навокал нас. Таму я імкнуся да таго, каб на ўроках вучні не проста засвойвалі вучэбны матэрыял, а набывалі навыкі і ўменні, неабходныя ім у жыцці. Мы часта разам з дзецьмі праводзім эксперыменты, звязаныя са штодзённымі фізічнымі з’явамі. Калі звычайны ўрок ператвараецца ў практыка-арыентаваны, тады і фізіка становіцца простай для ўспрымання і вывучэння. Складаны, на першы погляд, прадмет захоплівае навучэнцаў. Яны пачынаюць самастойна імкнуцца да пошуку ведаў, — упэўнена кажа А.В.Краўчанка.

І сапраўды, на занятках у Андрэя Віктаравіча дзеці працуюць, думаюць, параўноў­ваюць, аналізуюць. Яны не атрымліваюць гатовую інфармацыю, а самі фармулююць важныя думкі, робяць высновы. Падчас урокаў настаўнік выкарыстоўвае элементы праектнай дзейнасці, інфармацыйна-камунікацыйныя, гульнявыя, здароўезберагальныя тэхналогіі. Пастаянна прымяняе пошукавы, даследчы метад навучання, арганізоўвае работу ў групах. Каб зацікавіць вучняў, ён распрацаваў аўтарскія спецыяльныя зборнікі па рашэнні задач. Такі творчы падыход спрыяе павышэнню эфектыўнасці і якасці навучання, станоўча ўплывае на паспяховасць у класах.

Нягледзячы на значны працоўны вопыт, А.В.Краўчанка ніколі не забывае пра самаадукацыю. Ён перыядычна ўдзельнічае ў семінарах, фестывалях і канферэнцыях, дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі падчас пасяджэнняў раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў фізікі, якім кіруе.

Самую пільную ўвагу ў сваёй педагагічнай дзейнасці Андрэй Віктаравіч удзяляе рабоце з адоранымі дзецьмі. На яго думку, галоўная задача настаўніка — своечасова разгледзець здольнасці кожнага навучэнца і дапамагчы ім раскрыцца.

— Асноўнае — захапіць дзяцей прадметам. А ўжо потым падчас работы з таленавітымі вучнямі кіруюся прынцыпам: высокая матывацыя ў навучанні, прадуманасць і сістэматычнасць заняткаў, творчы падыход, — адзначае А.В.Краўчанка.

Рэалізацыя гэтага прынцыпу ўжо пацвердзіла сваю выніковасць. Штогод вучні Анд­рэя Віктаравіча выходзяць у прызёры другога і трэцяга этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы і астраноміі. Асабліва ганарыцца гэты неардынарны настаўнік перамогай у абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы дачкі Ганны. Ён увогуле лічыць значным педагагічным дасягненнем вучнёўскія, а не ўласныя працоўныя поспехі. А самая лепшая ўзнагарода для А.В.Краўчанкі — калі былыя вучні пасля заканчэння ўстановы вышэйшай адукацыі вяртаюцца ў родную школу і становяцца яго калегамі.

 

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Фота з архіва А.В.Краўчанкі

Арыгінал артыкула па спасылцы