IX Калядны фестываль педагагічнага майстэрства пройдзе 26-27 снежня

23.12.2019

Ініцыятыва яго правядзення належыць Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Беларускаму педагагічнаму таварыству.

 

Удзел у калядным фестывалі — абсалютна добраахвотны і ніякіх бонусаў настаўнікам быццам бы не дае, але папулярнасць яго проста шалёная. Колькасць месцаў абмежаваная, і трапіць у лік шчасліўцаў удаецца далёка не ўсім. Абавязковым патрабаваннем пры рэгістрацыі на фестываль была наяўнасць метадычнага прадукту па выкарыстанні сучасных адукацыйных тэхналогій (эфектыўныя метады, прыёмы, тэхнікі).

 

 Калядны фестываль — гэта сапраўдны феерверк педагагічных ідэй. Тэматыка заяўленых тэм майстар-класаў, творчых майстэрняў і ўрокаў для дарослых — на самы розны густ :”Скрайб-тэхналогіі на ўроках інфарматыкі”, “Кампетэнтнасны ўрок фізікі”, “Кейс-метад у хімічным царстве”, “Выкарыстанне лайфхакаў у сучаснай біялагічнай адукацыі”, “Вывучэнне з дапамогай лічбавых тэхналогій паэзіі перыяду Вялікай Айчыннай вайны”, “Элементы актыўнай ацэнкі на ўроках замежнай мовы”, “Грамадзянская вайна: метады і прыёмы работы з медыятэкстамі”, “STORYTELLING на ўроках гісторыі”, ”Візуальная гісторыя: ад карціны да камедыі”.

 

Традыцыйна вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў фестывалю выклікаюць інтэрактыўныя перапынкі. Сёлета іх увазе будуць прапанаваныя творчыя майстэрні і педагагічныя студыі: “Сакрэты эйдэтыкі для X, Y, Z”,  “Лялечны калейдаскоп: ствараем ляльку сваімі рукамі”, “3D: матэматыка”, “Займальнае навагодняе мадэляванне”, “Стварэнне араматызаванай навагодняй ялінкі”, Інтэлектуальная гульня, прысвечаная Году малой радзімы, і іншыя.

 

Летась удзел у Рэспубліканскім калядным фестывалі ўзялі 500 педагогаў: настаўнікі-прадметнікі, настаўнікі пачатковых класаў, выхавацелі дашкольных устаноў і педагогі-псіхолагі.

 

Надзея НІКАЛАЕВА

Арыгінал артыкула па спасылцы