Актуальныя, тэхналагічныя, практычна значныя

24.12.2019

Заключны этап ХІV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” прайшоў  у Слуцкім дзяржаўным каледжы. На працягу чатырох конкурсных дзён удзельнікі мерапрыемства дэманстравалі свае напрацоўкі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, абменьваліся вопытам, знаёміліся з крэатыўнымі ідэямі сваіх калег, вызначалі новыя напрамкі развіцця і змаглі запазычыць новыя ІТ-рашэнні па стварэнні электронных адукацыйных рэсурсаў.

 

Таццяна Фадзіна прадстаўляе распрацоўку.

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагаро­джання пераможцаў прынялі ўдзе­л галоўны спецыяліст  упраўлення агуль­най сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Алена Сенчанка, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Вольга Зелянко, прарэктар па метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аксана Савіцкая.

Конкурс праводзіўся ў мэтах стымулявання педагогаў да эфектыўнага выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе і актыўнага стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў, папулярызацыі распрацовак педагогаў і назапашвання метадычнага кантэнту на Нацыянальным адукацыйным партале, а таксама стварэння ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі педагогаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі. Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама.

Удзельнікі конкурсу прадставілі свае работы ў шасці намінацыях: “Электронны вучэбны модуль для дашкольнай і пачатковай адукацыі”, “Электронны вучэбны модуль для II і III ступеней агульнай сярэдняй адукацыі”, “Электронны вучэбны модуль для спецыяльнай адукацыі”, “Электронны вучэбны модуль для сістэмы дадатковай адукацыі”, “Электронны вучэбны модуль для дапрафесійнай падрыхтоўкі” і “Прыкладное праграмнае забеспячэнне”.

Спаборніцтвы складаліся з двух этапаў: завочнага (дыстанцыйнага) і вочнага. Сёлета на завочны этап конкурсу паступіла 433 заяўкі — відэаролікі з прадстаўленнем распрацоўкі працягласцю не больш за 5 мінут. Найбольшую актыўнасць праявілі прадстаўнікі Гродзенскай (125 заявак), Гомельскай (82 заяўкі) і Мінскай (77 заявак) абласцей. Асаблівай папулярнасцю кары­сталіся намінацыі “Электронны вучэбны модуль для II і III ступеней агульнай сярэдняй адукацыі” (149 распрацовак), “Прыкладное пра­грамнае забеспячэнне” (92 праекты)  і “Электронны вучэбны модуль для дашкольнай і пачатковай адукацыі” (70 распрацовак).

У фінал выйшла 52 праекты, аўтары якіх — як педагогі, так і навучэнцы ў суаўтарстве з настаўнікамі, — падчас вочнага этапу па­дзяліліся сваімі рашэннямі ў стварэнні і выкарыстанні электронных адукацыйных сродкаў.

Канкурсантам даваліся ўсё тыя ж пяць мінут на прэзентацыю: непасрэдную дэманстрацыю з дэталёвым апісаннем электроннага прадукту, прадстаўленне метадычных рэкамендацый па яго выкарыстанні, а потым ім неабходна было адказаць на пытанні журы. 

Тое, што мабільнае навучанне, тэхналогіі дапоўненай рэальнасці, робататэхніка становяцца штодзённымі рэаліямі адукацыйнай практыкі, яскрава засведчыў конкурс. Большасць заяўленых работ адрознівалася высокім узроўнем тэхналагічнасці, актуальнасцю выбраных праблем і практычнай накіраванасцю.

 

Вольга Афанасьева і Вольга Кацура.

Настаўніца англійскай мовы, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 26 Гродна Таццяна Фадзіна ў суаўтар­стве з настаўнікам фізікі гэтай жа ўстановы Сяргеем Фадзіным прадставілі на суд журы МААК для падлеткаў “Бачу. Чую. Разумею”.

— У канцэпцыі бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі сказана, што мы павінны прывіваць ім інфармацыйную культуру, навучыць адказна ставіцца да інфармацыі, умець яе аналізаваць, крытычна ацэньваць. Перад намі стаіць яшчэ адна задача: мінімізаваць рызыку нанясення шкоды інфармацыяй фізічнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму, духоўнаму здароўю нашых падлеткаў. Такім чынам у нас з’явілася ідэя і мы стварылі курс па фарміраванні медыяпісьменнасці падлеткаў, — адзначае Таццяна Фадзіна. — Мэтавая аўдыторыя курса  — навучэнцы 8—11 класаў і іншыя зацікаўленыя асобы, таму што на яго запісваюцца і настаўнікі. Курс складаецца з 3 модулей: першы прысвечаны таму, як адрозніваць факты ад фэйкаў, што такое фактоід, якія прыёмы маніпуляцыі могуць выкарыстоўвацца ў СМІ, як умець аналізаваць навіны, рэкламу і іншыя медыятэксты. Другі модуль прысвечаны абароне непасрэдна асабістых даных. Мы даём спасылкі на розныя сэрвісы і адказваем, як адключыць таргетынгавую рэкламу, як абараніць свае паролі і г.д. Паколькі кожны падлетак лічыць сябе блогерам, то трэці модуль прысвечаны адказнасці за тую інфармацыю, якую малады чалавек друкуе: рэпосціць ці стварае сам. Мы знаёмім навучэнцаў з аўтарскім правам, паказваем сэрвісы, дзе можна браць фотаздымкі, відэа без указання аўтарства і вучым ствараць свой якасны прадукт. У нас ёсць зваротная сувязь, дзе мы можам бачыць, што больш падабаецца карыстальнікам. Курс дастаткова гнуткі: яго можна мяняць, дадаваць да яго модулі. На цяперашні момант у распрацоўцы знахо­дзяцца модулі па вывучэнні медыя­прасторы Беларусі, па кібербулінгу, тролінгу і г.д. Курс распрацаваны на беларускай мове, на прыкладах беларускіх медыя. Для чаго? Па-першае, для папулярызацыі беларускай мовы, па-другое, мы павінны сфарміраваць лінгвакультуралагічна дасведчаную асобу. 

Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 6 Жодзіна Святлана Каляда ў намінацыі “Электронны вучэбны модуль для дашкольнай і пачатковай адукацыі” прэзентавала праект “Аўтарскі матэрыял для работы з навучэнцамі 3 класа па прадмеце “Англійская мова”. Стварэнне такога рэсурсу абумоўлена неабходнасцю распрацоўкі дадатковага вучэбнага дыдактычнага матэрыялу, які б садзейнічаў стварэнню міжкультурнага іншамоўнага асяроддзя і фарміраванню ўстойлівай матывацыі навучэнцаў, самастойнасці вывучэння англійскай мовы. З выкарыстаннем аўтарскага матэрыялу працэс навучання становіцца больш жывым, цікавым, пераканаўчым і эмацыянальным. Педагогам створаны інтэрактыўныя модулі пры дапамозе дадатку https://learningapps.com. Распрацаваны больш за 80 практыкаванняў па ўсіх відах маўленчай дзейнасці. Яны дазваляюць у гульнявой форме вучыць пісьмовай мове, рэалізоўваць міжпрадметныя сувязі. У мультымедыйныя інтэрактыўныя практыкаванні інтэграваны аўтарскія мультфільмы, створаныя ў праграме GoAnimate.com, што падвойвае дыдактычныя магчымасці практыкаванняў. Дзякуючы ім, у дзяцей з’яўляецца матывацыя да навучання, знікаюць боязь і перажыванні, хутчэй засвойваецца матэрыял. А яшчэ мультфільмы можна разыгрываць па ролях.  Увесь матэрыял, які дзеці прахо­дзяць на ўроку, яны могуць паўтараць і дома, разам з бацькамі. Мультфільмамі Святланы Каляды могуць карыстацца ўсе настаўнікі. Знайсці іх можна на сайце “Вывучаем англійскую весела”.

 Настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 4 Дзяржынска Святлана Пузіноўская стварыла інтэрактыўны дапаможнік “Ведай сваю гісторыю!”, які не толькі знаёміць школьнікаў з мінулым нашай краіны, але і расказвае пра сапраўдныя рэаліі. Комплекс разнапланавых заданняў дапамагае сістэматыза­ваць веды аб гісторыка-культурных аб’ектах Беларусі, знаёміць дзяцей з гарадамі, якія ў розны час былі абвешчаны культурнымі сталіцамі Беларусі, а яшчэ расказвае пра выдатных дзеячаў нашай краіны і іх ролю ў гістарычным працэсе. З дапамогай распрацоўкі можна пазнаёміцца з дасягненнямі сучасных беларускіх спартсменаў. У дапаможніку шмат ілюстрацый і цікавых заданняў. Ён актыўна выкарыстоўваецца на ўроках гісторыі ў 11 класе, пры падрыхтоўцы школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання. А асобныя заданні можна выкарыстаць на класнай гадзіне і пазакласных мерапрыемствах з навучэнцамі 5—11 класаў.

Вольга Кацура, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 9 Мазыра, прадставіла на конкурс “Інтэрактыўную 3D-кнігу”, якая распрацавана для навучэнцаў 4 класаў і ўключае ў сябе комплекс інтэрактыўных практыкаванняў граматычнай накіраванасці, якія спрыяюць  фарміраванню маўленчых уменняў у школьнікаў. Кніга даступная не толькі ў школе, але і дома. З яе дапамогай вучні могуць адтрэніраваць граматычныя навыкі, паўтарыць правілы, словы.

Год ад году папулярнасць конкурсу не зніжаецца, а дзякуючы высокай канкурэнцыі ўзрастае і якасць распрацовак. Яны становяцца больш разнастайнымі, змястоўнымі, арыгінальнымі. Прычым конкурсная дзейнасць настолькі зацягвае, што многія з канкурсантаў прапаноўваюць свае электронныя рэсурсы ўжо не першы раз. Так, настаўніца гісторыі з сярэдняй школы № 2 Рагачова імя В.М.Калеснікава Вольга Краўчанка мае ў сваёй скарбонцы ўжо шэсць дыпломаў гэтых спаборніцтваў і прымае ўдзел пяты раз. Сёлета разам з інжынерам-праграмістам Алегам Бычковым  яна прадставіла трэнажор-даведнік па гісторыі Беларусі для 6 класа.

— Наш дадатак накіраваны на павышэнне якасці ведаў вучняў шляхам мабільнага навучання. Ён складзены ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай 6 класа і з новымі падручнікамі, якія рэкамендаваны  Міністэрствам адукацыі. У ім сабраны матэрыялы па 10 тэмах, дзе кожны навучэнец можа прагледзець відэаролік, вывучыць з дапамогай інфаграфікі асноўную тэму, прасачыць лагічныя сувязі, пазнаёміцца з картай, разнастайнай інфармацыяй, якая дапаможа яму ў далейшай адпрацоўцы сваіх ведаў. Таксама падрыхтаваны тэматычныя слоўнікі па кожнай тэме, трэнажор, у якім размяшчаюцца тры тыпы заданняў (з адным варыянтам адказу, з некалькімі варыянтамі адказу, тыпу “веру — не веру”) і сістэма кантролю. Настаўнік, працуючы з гэтым трэнажорам, можа дыферэнцыраваць навучанне: са слабымі навучэнцамі можна працаваць  у сістэме “трэнажор”  (зялёным колерам запальваюцца правільныя адказы, а чырвоным — няправільныя), з больш падрыхтаванымі —  у сістэме кантроль: вучням з агульнай базы пытанняў (падрыхтавана больш за 2 тысячы пытанняў) прапаноўваюцца заданні ў выпадковым парадку па 10 з кожнай тэмы. Падрыхтаваны таксама раздзел “Галаваломкі”, дзе навучэнец можа адпрацоўваць па картасхемах свае картаграфічныя ўменні і навыкі, таксама працаваць з ілюстрацыямі (па карцінцы саб­раць слова з прапанаваных літар). У раздзеле існуе тры рэжымы: 10 слоў, на час (5 мінут) альбо без абмежаванняў. Таксама падрыхтаваны філворды — воблака літар, якія ўяўляюц­ь сабой па кожным з 30 параграфаў падрыхтаваныя словы, дзе навучэнцы з дапамогай націскання на пэўныя літары збіраюць базу са слоў  і такім чынам, запоўніўшы ўсё поле, у колеравай выяве атрымліваюць скарбонку асноўных паняццяў і тэрмінаў, якія могуць быць выкарыстаны настаўнікам у канцы ўрока ці паэтапна на ўроку. Асаблівасць такога дадатку ў тым, што настаўнік ці навучэнец гэтую базу можа дапаўняць. Такім чынам, дадатак з’яўляецца гнуткім з пункту гледжання тэматычнага зместу, ёсць магчымасць інтэграваць яго і пашыраць, — расказвае Вольга Краўчанка.

Другі раз прымае ўдзел у конкурсе і настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 7 Калінкавіч Вольга Афанасьева, якая ў суаўтарстве з настаўнікам-дэфектолагам Таццянай Булаўка распрацавала электронны адукацыйны рэсурс “Лагапедычны штодзённік”. Гэта своеасаблівы аналаг папяровага сшытка, які лагапеды краіны выкарыстоўваюць у сваёй практыцы, каб даць на занятках вучням пэўнае заданне, каб бацькі маглі займацца з дзецьмі штодзень. Толькі так можна дасягнуць поспеху. Выкарыстанне электроннага сшытка вельмі цікавае дзецям: у ім змяшчаецца 48 відэаўрокаў наконт таго, як правільна рабіць артыкуляцыйную гімнастыку, больш за 40 сюжэтных гісторый на гукавымаўленне, акрамя таго, распрацавана 256 інтэрактыўных трэнажораў, якія дазваляюць вучням рабіць і гукалітарны аналіз, і карэкціраваць гукавымаўленне. Аўтары спадзяюцца, што сшытак спросціць работу і бацькам, і дзецям, і настаўнікам.

Па словах намесніка старшыні журы конкурсу загадчыка кафедры прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДПУ імя Максіма Танка Сяргея Зянько, канкурсанты прадэманстравалі свае творчыя праекты, прадаставілі новыя ідэі і падыходы, тэхналогіі, лепшыя ўзоры інавацыйнага вопыту. “Прыемна, што прадстаўлены практычна ўсе пакаленні творчых настаўнікаў: як маладыя педагогі, так і вопытныя, масцітыя, з вялікім стажам работы. Радуе, што сёлетнія распрацоўкі ахопліва­юць розныя прадметныя галіны, створаны на беларускай мове, з беларускім кантэкстам. Падкуплівае аптымізм і творчая апанта­насць удзельнікаў конкурсу. У рэальнай практыцы, штодзённым жыцці педагогі бачаць, якімі сродкамі валодаюць іх вучні, якімі прыладамі карыстаюцца, і імкнуцца стварыць адукацыйны кантэнт, каб накіра­ваць захапленні дзяцей у карыснае рэчышча, каб свае прылады навучэнцы выкарыстоўвалі не толькі ў забаўляльным плане, а і для навучання”.

Па выніках конкурсу дыпломаў І ступені ўдастоены:

Інтэрактыўная 3D-кніга English grammar with Twinky (аўтар Вольга Кацура, сярэдняя школа № 9 Мазыра);

Адукацыйны вэб-рэсурс Platform 9ѕ 3/4 (аўтар Ія Смірнова, сярэдняя школа № 4 Светлагорска);

ЭАР “Лагапедычны штодзённік” (аўта­ры Таццяна Булаўка, Вольга Афа­насьева, сярэдняя школа № 7 Калінкавіч);

МААК для падлеткаў “Бачу. Чую. Разумею” (аўтары Сяргей Фадзін, Таццяна Фадзіна, сярэдняя школа № 26 Гродна);

Трэнажор-даведнік па гісторыі Беларусі. 6 клас (аўтары Вольга Краўчанка, Алег Бычкоў, сярэдняя школа № 2 Рагачова імя В.Калеснікава).

Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Алена Сенчанка, уручаючы дыпломы пераможцаў, падзякавала канкурсантам за неабыякавы падыход да справы і ўдзел у прасоўванні IT-тэхналогій у адукацыйнай прасторы. Таксама Алена Мікалаеўна адзначыла, што праекты, прадстаўленыя на конкурс, натхнілі прысутных ствараць новыя электронныя адукацыйныя сродкі, карысныя для навучэнцаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.

Арыгінал артыкула па спасылцы