Пісьменнік, мастак і выдавец Уладзімір СІЎЧЫКАЎ – нярэдкі госць у настаўнікаў і школьнікаў. Апошнім часам ён пабываў з літаратурнымі выступамі ў гімназіі №3 г. Барысава, у сталічнай СШ №24 і ў мінскай гімназіі №5, выступіў перад вучнямі пачатковых класаў у Заслаўскай дзіцячай бібліятэцы, у карціннай галерэі пры Жодзінскім краязнаўчым музеі і ў бібліятэцы Дома культуры пасёлка Зялёны Бор. Менвіта ён як выдавец дапамагае, каб выданні ТБШ (напрыклад, зборнік матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі «МEDIAадукацыя: міжнародны досвед, практыка, перспектывы») былі прыгожа і сучасна аздоблены, і пабачылі свет.
Сёння прапануем пазнаёміцца з апавяданнем "Турэцкая падзяка" Уладзіміра Сіўчыкава, якое можна выкарыстаць для мэтаў медыяадукацыі, напрыклад, падчас класнай гадзіны ці ўрока беларускай літаратуры. Гэтае апавяданне выйшла у новай кнізе аўтара, якая мае назву "Пацалаваць Фідэля"
Турэцкая падзяка
Бывала, думаў Уладзя: “Сацыяльныя сеткі зацягваюць інтэрнаўтаў як ў прорву. Але сёння зайду толькі на хвілінку, толькі гляну ў фэйсбуку, што новага ў свеце!”. А пасля спахопліваўся – выдаткаваў, а тое і змарнаваў гадзіну ці дзве!
Дакараў сябе потым, што ўстурбаваўся, калі дазнаўся пра чарговыя агрэсіўныя захады ўсходніх суседзяў, што падпсаваў настрой, калі прачытаў у стужцы пра чыноўніцкія злачынныя свавольствы, што засмуціўся, калі дазнаўся пра сыход у іншы свет нават малазнаных асобаў, што мімаволі “наглытаўся” непатрэбнай рэкламы і навязлівых сэлфі.
Але ж прытым ён і скарыстоўваў мажлівасць павіншаваць сяброў і знаёмцаў з харошымі датамі і падзеямі, даведваўся пра знакавыя і цікавыя выставы, прэзентацыі ды імпрэзы, штосьці вычытваў пра невядомыя раней факты, падзеі і адкрыцці.
А бывала, што сустракаў у навіннай стужцы і надзвычай гуманныя, чуллівыя пасты.
Днямі пабачыў кранальны відэаролік, адзняты на “Турэцкіх авіялініях” перад шэраговым палётам “Дрымлайнера”.
Напачатку прайшла панарама салона, дзе пасажыры ўладкоўваюцца ў сваіх крэслах а тое і спрабуюць задрамаць, бесклапотна пазіраюць у ілюмінатары, адзвоньваюцца родным і блізкім па айфонах…
На наступным плане ў пілоцкай кабіне камандзір паветранага судна прадстаўляе свой экіпаж, робіць звыклыя абвесткі пра меркаваны рэйс – час у паветры, вышыню палёту, адлегласць да аэрапорта прызначэння. Але наапошку ён нечакана абвяшчае, што на борце сярод іншых пасажыраў знаходзіцца ягоны школьны настаўнік, якому ён хацеў бы выказаць сваю бясконцую ўдзячнасць і невымерную павагу.
Камера ў салоне выхоплівае буйным планам расчуленага сямідзесяцігадовага, інтэлігентнага выгляду мужчыну ў кардыгане і пад гальштукам. На твары ягоным прачытваецца скрайняе ўзрушэнне, на вачах наварочваюцца слёзы, якія ён намагаецца ўпотай змахнуць насоўкай…
Па праходзе паміж крэслаў да яго прастуюць з агромністым букетам кармазынавых ружаў дзве красуні-сцюардэсы, а следам за імі – два малойцы-сцюарды. Яны дораць кветкі, па чарзе цалуюць настаўніку-ветэрану руку, потым дакранаюцца да яе лбом на знак пашаны, а тады яшчэ цалуюць настаўніка ў шчаку.
Напачатку знямелыя, а потым здзіваваныя і ўзрушаныя пасажыры наладжваюць авацыю. А калі з кабіны выходзіць камандзір карабля, цалуе і абдымае свайго колішняга настаўніка і зноў дзякуе яму, дык шмат хто з прысутных жанчын не можа прыхаваць ужо свае слёзы…
Сюжэт выйшаў папраўдзе вельмі кранальны і паказаў выключную павагу да настаўнікаў, якія шмат у чым фармуюць жыцці і лёсы.
Уладзя мусіў бы прызнацца, што хоць сам нібыта і не дужа сентыментальны, але кожнага разу, як праглядаў гэты ролік, дык да ягонага горла падступаў камяк, а рука міжволі намацвала насоўку!
Рэцэнзія на кнігу "Пацалаваць Фідэля"
САМАІРОНІЯ І РОЗДУМ
У сваіх знакамітых «Словах пігмея» Акутагава цытуе кітайскага тэарэтыка мастацтва Ван Шанчжэня: «Удзеянне карціны доўжыцца трыста гадоў, уздзеянне пісьма — пяцьсот гадоў, уздзеянне літаратурнага твора — бясконцае…».
Падсвядома разумеючы гэта, шмат хто з творцаў не абмяжоўваецца чымсьці адным, плённа праяўляючы сябе і ў іншых культурных сферах. Такі сінкрэтызм знайшоў адлюстраванне ў творчасці пісьменніка, мастака, выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава.
Кожная ягоная новая кніга — унікальны праект, эксперымент па пошуку аптымальнай формулы ўзаемадзеяння з чытачом. Ён вывучае і аналізуе сучаснасць, фіксуе норавы суайчыннікаў, занатоўвае дыялогі, распавядае пра разнастайныя кур’ёзныя і трагікамічныя выпадкі з жыцця. Абраная Сіўчыкавым класічная форма фацэцыі, вядомая яшчэ з часоў італьянскага Адраджэння, наздвычай арганічна прыжылася на беларускай глебе. Па-мастацку, мазкамі накідваючы фарбы, аўтар стварае «лапікавую коўдру», адметнае палатно эпохі, дзе паяднаны лёсы, характары, сюжэты і ідэі.
Сёлета пісьменнік зноў усцешыў аматараў сваёй творчасці новым зборнікам «Пацалаваць Фідэля», які сам жа і аздобіў уласнымі фотаработамі. Чаму такая назва — чытач дазнаецца, прачытаўшы аднайменны аповед. У кнізе змешчаны вядомыя «Уладзевы гісторыі», нататкі пра падарожжы як па Беларусі, так і па далёкім замежжы, а таксама краязнаўчыя нарысы.
Займальныя, часцяком фрывольныя фацэцыі, што ўвайшлі ў зборнік — своеасаблівая хроніка жыцця сучаснай літаратурнай і мастацкай багемы, прычым за сатырай тут хаваецца мараль, а за самаіроніяй — глыбокі роздум. Часам прарываецца ў яго развагах смутак: у прыватнасці, ён шкадуе, што ў сталіцы сёння «…куды часцей пачуеш не беларускую, а кітайскую ці арабскую мовы».
Варта адзначыць, што гумар Сіўчыкава хоць і дасціпны, але не з’едлівы, і тым болей не абразлівы. Пісьменнікі, навукоўцы, мастакі, выдаўцы ў ягоных аповедах — звычайныя жывыя людзі, разам з якімі ён жартуе, радуецца, смуткуе, і над імі ж, здараецца, раз-пораз нязлосна пакеплівае.
Шмат каго з персанажаў аўтар зашыфроўвае, пакідаючы ад прозвішчаў толькі першыя літары. Але дапытлівы чытач, безумоўна, пазнае ў кнізе Янку Сіпакова, Генадзя Бураўкіна, Зміцера Коласа, Анатоля Клышку ды іншых… Сустрэнуцца на старонках кнігі і Янка Купала, і Уладзімір Караткевіч з Адамам Мальдзісам, а таксама Янка Брыль, Іван Міско — пра кожнага з іх у аўтара ёсць што распавесці.
Alter ego пісьменніка, Уладзя (альбо Уладзімір С.) — інтэлігент, інтэлектуал, чалавек, які жыве літаратурай і мастацтвам. Ён увесь час здзіўляецца праявам жыцця, імкнецца па-філасофску асэнсаваць рэчаіснасць, не баючыся памыляцца, спазнаваць штосьці новае — няважна, ці то падчас прыгатавання дранікаў для грузінскіх сяброў, альбо лётаючы на паветраным шары, ці вандруючы за акіян (раздзел «Аднойчы вясною ў Амерыцы»).
Нягледзячы на своеасаблівы касмапалітызм, якім прасякнуты зборнік, відавочна, што галоўная крыніца натхнення для пісьменніка — менавіта Беларусь. Гэта ў першую чаргу горад Жодзіна, дзе ён нарадзіўся, лысагорскія краявіды і, вядома ж, Мінск, які зрабіўся родным аўтару, і дзе на кожным кроку можна сустрэць знаёмага літаратара ці мастака. Заключная частка выдання пад назвай «Магічныя мапы» — якраз прысвечана мясцінам, блізкім сэрцу аўтара — Парку Горкага, Вайсковым могілкам, Музею валуноў ва Ўруччы, жодзінскім, лепельскім, ракаўскім краявідам.
«Невызнаныя шляхі Божыя!» — паўтарае Уладзімір Сіўчыкаў вядомае выслоўе, аналізуючы творчасць беларускіх аўтараў у кантэксце сусветнай літаратуры. Напрыклад, вось да якой высновы ён прыходзіць, разважаючы пра Алеся Якімовіча: «Але наўрад ці мог ён уявіць, што самымі запатрабаваным з ягонай творчай спадчыны, надрукаванымі мільённымі тыражамі акажуцца… апрацоўкі беларусіх народных казак».
На першы погляд адрасаваная аматарам мастацтва і калегам-пісьменнікам, кніга тым не менш выйшла далёка за рамкі зборніка падарожных запісаў, показак і калялітаратурных анекдотаў. Гэта ў першую чаргу інтрыгоўны летапіс-дакумент, каштоўны артэфакт, сведчанне трываласці і неўміручасці мастацкага слова, увасобленага ў адметную і цікавую форму.
Янка Лайкоў