Адукацыя апынулася ў стане безуладдзя. “Школа пасля каранавірусу будзе іншай”

24.04.2020

“Так хочацца, каб гэта пандэмія стала чароўным пендзелем для нашага адукацыйнага балота з ягонымі чыноўнікамі і міністрам, якія параслі мохам”.

Намеснік старшыні Таварыства беларускай школы (ТБШ) Тамара Мацкевіч па просьбе Беларускай праўды ацаніла дзеянні (ці, дакладней, бяздумнае выкананне загадаў) Міністэрства адукацыі пад час эпідэміі каронавірусу.

-Лукашэнка аддаў загад адправіць вучняў у школы з 20 красавіка. Якая запаўняльнасць класаў выйшла – бачыць уся краіна. Ды справа ў іншым: менавіта на канец красавіка – пачатак мая міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік спрагназаваў пік захворваемасці на каронавірус. Ці лагічна вяртаць дзяцей у школы ў пік эпідэміі?

– Не лагічна. Але логіка – гэта не моцнае месца Лукашэнкі. Тут некалькі прычын, чаму цяпер не варта распачынаць адукацыйны працэс. Не хачу казаць пра небяспеку для здароўя для дзяцей і настаўнікаў – я не медык. Але з адукацыйнага боку – гэта поўны абсурд. Вядома, што шмат дзяцей не прыйдзе ў школы.

Міністэрскія чыноўнікі падчас прэс-канферэнцыі заявілі, што разлічваюць, што толькі 40% дзяцей вернуцца з канікул і прапанавалі настаўнікам астатніх 60% вучыць індывідуальна. Прыйшло яшчэ менш за 40%.
Яны ўяўляюць, што гэта нават не двайная, а можа трайная нагрузка па часе? І ніводзін настаўнік не здольны забяспечыць такое навучанне – проста таму, што ў сутках 24 гадзіны, і пасля звычайных заняткаў у класе больш, чым палову вучняў трэба абзваніць, апытаць, індывідуальна нешта растлумачыць, падрыхтаваць анлайн заданні, разаслаць тэсты і выставіць адзнакі.

Дзяржава і Мінстэрства адукацыі ўхілілася ад вырашэння праблем, пусціўшы ўсё на самацёк. І прапанавала самае кепскае выйсце, якое толькі можа быць. Бо яго немагчыма выканаць. У нармальнай кріане міністр быў бы звольнены ў той жа дзень.

-Як вы аэцньваеце дзеянні міністэрства адукацыі ў надзвычайнай сітуацыі? Адзін толькі штрых: спачатку Мінадукацыі выказала гатоўнасць адправіць дзяцей на канікулы на тыдзень раней, але ў той жа вечар адклікала свой намер. Відаць, пасля вышэйшых настаўленняў.

-Я думаю, што цяпер нават апошнія ілюзіі наконт Міністэрства адукацыі развеяліся. Людзі нарэшце ўбачылі, што Міністэрства адукацыі – несамастойная структура і не можа прыняць нават самае дробнае рашэнне. Яно не кіруе адукацыяй. Каб заўтра яно знікла – ніхто б не заўважыў. З іншага боку, нашая адукацыя кіруецца і мясцовай ўладай – выканкамамі. І там былі спробы нешта рабіць. Але міністэрскія чыноўнікі гэта спрабавалі забараніць – як, напрыклад, рашэнне пра перанос канікул на тыдзень раней.

Цяпер некаторыя ўпраўленні адукацыяй усё ж такі спрабуюць арганізаваць настаўнікаў і стварыць рэсурсы для дыстанцыйнага навучання на чацвёртую чвэрць. Як, напрыклад, гарадзенскі аддзел адукацыі зрабіў разам з настаўнікамі сайт і ютуб-канал, дзе выкладаюць відэаўрокі для 4-й чвэрці. Не будзем казаць пра якасць урокаў – яна розная. Патрабаваць ад выканкамаў таго, што павінна рабіць міністэрства, нельга – яны не спецыялісты. Але ў надзвычайнай сітуацыі лепш так, чым нічога. Справа мясцовай ўлады, па-добраму, сачыць за будынкамі школ, забяспечваць рамонты, працу школьных сталовак і іншую гаспадарку. Але яны не павінны лезці ў адукацыйны працэс. Усе нашыя праблемы з неўласцівымі абавязкамі настаўнікаў звязаны якраз з тым, што мясцовая ўлада кантралюе тое, што не павінна, і навязвае рашэнне праблем з якімі не спраўляецца. Па-добраму, рэсурс для дыстанцыйнага навучання павінна было зрабіць само Міністэрства адукацыі, бо гэта яго функцыя – рабіць праграмы, падручнікі, навучальныя платформы. Для гэтага і існуе Нацыянальны інстытут адукацыі, дзе працуюць метадысты, навукоўцы. Але ён паказаў сваю недзеяздольнасць.

-Як адчуваюць сябе і паводзяць настаўнікі? З аднаго боку, праца ёсць праца: паступіў загад зверху – пачынаць заняткі, з іншага – існуе рэальная пагроза здароўю і жыццю і самых настаўнікаў, і дзяцей.

– Настаўнікі рэзка раздзяліліся на 2 катэгорыі. Прафесіяналаў і канфармістаў. Прафесіяналы адразу сталі самастойна засвойваць новыя інструменты і вучыць дзяцей дыстанцыйна, арганізавалі рэсурс для абмену досведам і напрацоўкамі. Прыемна глянуць.

Ну а іншыя – глядзяць начальству ў рот: шыюць па загадзе выканкамаў маскі, раскупляюць па загадзе прадукты са школьных сталовак, каб не папсаваліся і рыхтуюць школы да выбараў.

-Ці існуе рашэнне праблемы, з якой  сутыкнулася ўлада: і ўвесці каранцін ва ўстановах адукацыі, і завяршыць навучальны год? Ці можна проста ссунуць у часе навучальны працэс на месяц-два?

-Было адно правільнае рашэнне пра каранцін, але яго галоўны педагог і доктар краіны пабаяўся прыняць. Думаю, проста пашкадаваў грошай. Бо каранцін – гэта не канікулы. Трэба б было браць на сябе абавязкі арганізаваць вучэбны працэс у новых умовах, забяспечыць дзяцей і настаўнікаў сродкамі і інструментамі, даць мінстэрству ўказ працаваць над зместам і метадамі дыстанцыйнага навучання. Можа б было з канца сакавіка ўводзіць каранцін не паўсюль, даць паўнамоцтвы мясцовым уладам, школам гэта рабіць паступова, там, дзе ёсць небяспека. Але даць уладу – гэта яшчэ больш страшна для аўтарытарнай дзяржавы, чым даць на адукацыю грошай. Таму мы цяпер у стане безуладдзя. Ніхто не прымае рашэнняў, а настаўнікі і дактары робяць, што павінны.

-Ці зменіць эпідэамія каронавірусу сістэму адукацыі ў краіне? 

-Я вельмі на гэта спадзяюся. Так хочацца, каб гэта пандэмія стала чароўным пендзелем для нашага адукацыйнага балота з ягонымі чыноўнікамі і міністрам, якія параслі мохам.

Кодэкс аб адукацыі быў прыняты ў 2010 годзе. З тых часоў ён не мяняўся. А свет стаў зусім іншы. У Кодэксе няма нават згадкі пра дыстанцыйную форму адукацыі. А ў іншых краінах дзеці даўно маюць магчымасць дыстанцыйна вучацца – хай і не масава. Гэта дзеці эмігрантаў, якія захоўваюць магчымасць вучыцца на сваёй мове, і хворыя дзеці, ва Украіне – дзеці з акупаваных тэрыторый таксама вучыцца дыстанцыйна на сваёй мове, каб потым вярнуцца ва Ураіну, паступіць у ВНУ. А мы – IT-краіна толькі на паперы.

Гэтая пандэмія паказала, хто ёсць хто. Што міністэрства – недзеяздольнае, як недзеяздольныя і стукруры, створаныя пры ім. Што для дзяржавы дзеці, настаўнкі ды і наогул людзі – не каштоўнасць, адсюль і непрызнанне небяспекі, што ёсць адказныя настаўнікі, бацькі, метадысты, і што сапраўдныя грамадскія арганізацыі гатовыя гуртаваць настаўнікаў, браць на сябе адказнасць і дзейнічаць. Паглядзіце, колькі матэрыялаў за гэты час з’явілася, колькі новых інструментаў асвоілі настаўнікі. Гэта не прападзе. Школа пасля каранавірусу будзе іншай – нашмат больш сучаснай.

Георгій ГромаўБеларуская праўда