Гомельскія дзесяцікласніцы Ангеліна Себік і Вікторыя Сідарэнка ў фінале конкурсу ідэй “Першыя”. Ангеліна прадстаўляе кірунак “Культура”, а Вікторыя — “Экалогія”. Дарэчы, у фінал выйшла дзесяць школьнікаў Беларусі.
Ангеліна Себік вучыцца ў гомельскай гімназіі № 10. Яе прапанова тычыцца майстар-класаў для падлеткаў ад беларускамоўных блогераў. У дзяўчыны ёсць яшчэ год, каб вызначыцца, куды паступаць. Пакуль жа, што заканамерна для лінгвістычнай гімназіі, яе цікавяць мовы. Паглыблена вывучае англійскую і кітайскую. Свой блог дзяўчына вядзе ў TikTok. Ангеліна гаворыць, што перайшла ў побыце цалкам на беларускую мову пасля заканчэння дзявятага класа.
— На мяне моцна паўплывала настаўніца беларускай мовы Алена Валяр’янаўна Юрчанка. Менавіта яна вучыла мяне з 5 па 9 клас. Дзякуючы ёй, я зразумела, што мова беларуская — гэта сродак камунікацыі. На ёй можна гаварыць пра што заўгодна і заўсёды. І гэта вабіць. Мяне натхніла і тое, што Алена Валяр’янаўна любіць і сваю справу, і нашу мову. Магчыма, гэтая яе любоў перадалася і мне. Я многа гадоў запар удзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове. Калі мы чыталі твор, то глыбей вывучалі яго, чым іншыя школьнікі. Мне гэта падабалася, было заўсёды цікава.
Дзяўчына гаворыць, што любіць чытаць і ёй падабаецца сучасны паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.
— Таксама літаратар Васіль Дранько-Майсюк мяне моцна натхняе. Ён сёлета быў у нашай гімназіі і цікава падаваў матэрыял пра розных пісьменнікаў. З класікаў люблю Кузьму Чорнага і Ніла Гілевіча.
На думку Ангеліны, роднай мовы не хапае ва ўсіх сферах жыцця. І асабіста ёй хацелася б часцей чуць яе сярод аднагодкаў. Лічыць: калі б беларуская мова часцей гучала ў школе і выкарыстоўвалася ў сацсетках, то больш падлеткаў на ёй свабодна гаварылі б. Гэтыя разважанні дзяўчыны сфармуляваліся ў ідэю — правесці серыю адукацыйных майстар-класаў ад беларускамоўных блогераў у Гомелі з трансляцыяй у прамым эфіры на ўсю краіну. Людзі, за дзейнасцю якіх сочаць школьнікі і да меркавання якіх прыслухоўваюцца, маглі б падзяліцца сваімі парадамі па вядзенні сацсетак. Такім чынам на ўласным прыкладзе зруйнаваць стэрэатыпы і паказаць вялікай маладзёжнай аўдыторыі, што беларуская мова сучасная, практычная і прыгожая.
Вікторыя Сідарэнка, якая заканчвае 10 клас сярэдняй школы № 44 імя М.А.Лебедзева, распрацавала цэлы стартап па вырабе аднаразовага посуду з распаўсюджаных у Беларусі прыродных матэрыялаў. Дзяўчына расказала, як з трыснягу, рагозу і шалупіння цыбулі зрабіць беларускі экапосуд.
Дарэчы, юную гамяльчанку натхніў сам факт забароны вырабу і выкарыстання пластыку, які павінен адбыцца з 2021 года. Вікторыя разам са сваёй настаўніцай Вольгай Віктараўнай Себік расказвае, што звярнулася да навуковага кіраўніка, настаўніцы фізікі, мінулай восенню:
— Яна жыве гэтым праектам! У Вольгі Віктараўны ўжо быў пэўны вопыт у вырабе экапосуду. Яна стварала экапаперу. Вельмі многа было зроблена. Мы сядзелі пасля ўрокаў вельмі доўга: выбіралі расліны, якія падыходзяць для гэтай мэты, падбіралі валокны, якія фарміруюць сценкі посуду, шукалі рэцэпты, як усё разам зварыць…
Працэс, дарэчы, няпросты. Расліны трэба сабраць, ачысціць, нарэзаць, прамыць і дадаць да іх шчолак. Здрабніць сыравіну, дадаць напаўняльнікі, а потым працадзіць праз сіта, праварыць і раскласці па загадзя прыгатаваных формах. На гэта ідзе два дні. Потым яшчэ тыдзень патрэбны, каб посуд высах і быў гатовы да выкарыстання. Магчымасць шматразовай перапрацоўкі, безадходнасць і нізкі кошт — плюсы такой вытворчасці. Але пакуль школьніца плануе працяг эксперыментаў ужо з іншымі раслінамі. Важна таксама даследаваць працэс раскладання такога посуду. Дзяўчынка гаворыць, што інтарэсы ў яе вельмі рознабаковыя, і ўдзельнічала яна ў алімпіядах па англійскай, рускай мовах і грамадазнаўстве:
— Я ўсё люблю. Мне здаецца, адно аднаму не перашкаджае. Галоўнае, што настаўніца фізікі ўмее іншых запаліць сваімі ідэямі. У нас на ўроках вельмі многа доследаў праводзіцца на самыя розныя тэмы. Мы задаём шмат пытанняў, і яна нам усё тлумачыць. У нас у школе ёсць неабходнае абсталяванне, пры дапамозе якога праводзяцца доследы, і менавіта гэта дазваляе лепш разумець вучэбны матэрыял. Пастаянна Вольга Віктараўна шукае індывідуальныя падыходы, каб кожны змог зразумець фізіку. Складаныя задачы нам расказвае проста, каб кожны змог зразумець. Увогуле мы рыхтаваліся да ўдзелу ў конкурсе ўсёй школай. Відэа здымалі ў класе, дзе ёсць інтэрактыўная дошка. Настаўнікі пастаянна цікавіліся і дапамагалі. Я адчувала псіхалагічную падтрымку.
Стала вядома, што фінал конкурсу ідэй “Першыя” — маштабная маладзёжная канферэнцыя TEDxYouth@Minsk — перанесены на верасень. Да яго кожны з дзесяці фіналістаў рыхтуе прамову разам з ментарамі — прадстаўнікамі беларускай супольнасці TED.
Настаўніцкая газета, Ірына АСТАШКЕВІЧ.