29 чэрвеня на сустрэчы з педагагічным актывам краіны Аляксандр Лукашэнка выказаўся за вяртанне да вусных экзаменаў пры паступленні ў ВНУ. Прычым матываваў ён гэта клопатам пра тое, каб кожны чалавек, які жадае вучыцца, меў для гэтага магчымасць: «Пры адборы ў ВНУ прыёмнай камісіі неабходна бачыць чалавека, а не толькі вынікі тэставання».
Віктар Адзіночанка падчас тэставання абітурыентаў
Хутчэй за ўсё гэта ход у перадвыбарчай агітацыі. Як і любому прэтэндэнту, Аляксандру Лукашэнку трэбы нешта казаць і прыцягваць да сябе ўвагу. На маю думку, прапанаваная ідэя не будзе ажыццёўлена, бо знаходзіцца ў яўнай супярэчнасці з тэндэнцыямі развіцця існай дзяржаўнай сістэмы, накіраванай на выпрацоўку механізмаў жорсткага і ўсеабдымнага кантролю. Пры частковым адмаўленні ад тэстаў і ўвядзенні вусных уступных экзаменаў кантраляваць працэс стане больш складана. І супраць гэтага будуць перш за ўсё кантралюючыя органы, якія маюць зараз вялікую вагу ў дзяржаўным кіраўніцтве.
Але я ў дадзенымм выпадку хачу выказацца пра тое, да чаго прывядзе ўвядзенне вусных экзаменаў у кантэксце праблемы забеспячэння роўнасці магчымасцяў абітурыентаў. Мяркую, што вынікам стане жахлівая карупцыя пры паступленнні. І пацерпяць ад гэтага менавіта абітурыенты з простых сем’яў.
Хачу пазначыць сваю пазіцыю. Я працую выкладчыкам у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, падпрацоўваў і ў іншых ВНУ краіны, даўно ўдзельнічаю ў тэставанні, прымаю экзамены, размаўляў пра праблему вяртання да вусных экзаменаў з калегамі. Таму магу сказаць, што ведаю сітуацыю знутры. Але ў дадзеным выпадку я выступаю як чалавек, які займаецца праваабарончай дзейнасцю. На дадзены момант з’яўляюся старшынём Гомельскага прадстаўніцтва праваабарончай арганізацыі «Беларускі Хельсінкскі камітэт».
Адзначу, што зараз абараняць правы чалавека цяжка, але магчыма. Арганізацыя, да якой я належу, можа прывесці цэлы шэраг сваіх поспехаў. Я таксама маю даволі станоўчы вопыт, пераважна ў абароне правоў вернікаў. І сцвярджаю менавіта з гэтых пазіцый: у той сітуацыі, якая цяпер ёсць ў Беларусі, увядзенне вусных іспытаў рэзка пагоршыць умовы для часткі абітурыентаў. А таксама створыць праблемы для выкладчыкаў.
Пачну з апошніх. Як правіла, карупцыю ў ВНУ уяўляюць так: выкладчык бярэ грошы і кладзе сабе ў кішэню. Гэта не зусім так. Вельмі часта ён проста выконвае ўказанні зверху. Сам я ніколі вусныя ўступныя экзамены не прымаў. Але, калі размаўляў з калегамі, якім давялося гэта рабіць, яны абураліся. Распавядалі, што ім давалі спісы тых, каму трэба было ставіць высокія адзнакі. І здаралася так, што для людзей «звонку» месца не заставалася.
Прывяду прыклад са свайго ўласнага досведу. Калі мой сын пайшоў у школу, я пачаў разважаць пра тое, як складзецца яго лёс. І адзін з калегаў мне сказаў: «Няхай ідзе да нас. Дапаможам. Але толькі не на юрыдычны факультэт. Гэта для кіраўніцтва горада і вобласці».
Я сам працаваў ў 1990-я гады на «блатных» факультэтах. Было цяжка. Узгадваю неверагоднае нахабства і ўпэўненасць у беспакаранасці. Як сказаў у прыватнай размове намеснік дэкана аднаго з гэтых факультэтаў: «Тут ёсць такія студэнты, што хутчэй мяне звольняць, чым яго адлічаць».
Фота з акаўнту Віктара Адзіночанкі
Скажу так: не усе захады нашай улады я ўспрымаю станоўча. Але антыкарупцыйныя захады падтрымліваю цалкам. Бо карупцыя б’е па тых, хто не мае знаёмстваў і грошай. Я сам з простай сям’і. І неаднаразова сутыкаўся з несправядлівасцю.
У 2004 г. у нашым універсітэце была гучная карупцыйная справа. Частку кіраўніцтва пасадзілі. Выпусцілі фільм «Преподаватели на продажу». Таксама не ўсё ў гэтай справе было правільна. Выкладчыкаў выкарысталі як «хлопчыкаў для біцця». Між тым, тыя, хто паўладкоўваў сваіх дзяцей ва ўніверсітэт, засталіся пры пасадах.
Трэба сказаць, што ў плане барацьбы з карупцыяй нам зайздросцяць. У мінулым годзе я быў міжнародным назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах ва Ўкраіне. Наш кіроўца распавядаў, што калі павёз сваю маці класціся ў шпіталь, узяў з сабой пэўную суму грошай. Ужо вядома было, каму і колькі. Я адказаў, што мая маці таксама нядаўна была на аперацыі. Ні пра што такое размовы не вялося.
Дарэчы, сам я ведаю, што не ўсё так добра, у тым ліку і ў той сферы, дзе сам працую. Але, прынамсі, у нас з карупцыяй змагаюцца. Мы рэгулярна распісваемся ў папярэджаннях на гэты конт, кіраўніцтва ўніверсітэта праводзіць сустрэчы, дзя ў даволі зразумелай форме тлумачыць сітуацыю. Дарэчы, апошняга чалавека, якога ў нашым ўніверсітэце ўзялі за карупцыю, я ўспрыняў як дурня, які не змог зрабіць высноў з відавочных працэсаў. Зараз не трэба імкнуцца палепшыць свій матэрыяльны стан такім чынам. Вынік, як правіла, адзін – у лепшым выпадку звольняць.
Але наконт тэстаў. Я іх прымаю рэгулярна. Працую ў аўдыторыі. Знахожуся, так бы мовіць, «на перадавой». На гэтым узроўні ніякім чынам паўплываць на вынікі немагчыма. Так пабудавана сістэма. Напэўна тыя, якія складаюць гэтыя тэсты, могуць папярэдне раскрыць іх змест. Але, я мяркую, што там зусім іншы ўзровень кантролю.
Да тэставання шмат прэтэнзій. Але пры ім мы можам выявіць аб’ектыўны узровень ведаў і зноў жа яно робіць немагчымым забяспечыць каму-небудзь паступленне.
Сістэма тэставання дае магчымасць хлопцу з нейкай далёкай вёскі прыехаць ў Гомель, набраць вязікую колькасць балаў і па іх выніках паступіць на прэстыжную спецыяльнасць у сталічную ВНУ.
Экзамены такой магчымасці не даюць. Бо, каб іх здаць абітурыентам з маленькіх населеных пунктаў, трэба ехаць менавіта ў канкрэтнае сталічнае ВН, жыць у інтэрнаце, неяк харчавацца і г.д. І, апроч таго, знаёмыя будуць казаць: «Куды ты паедзеш, а хто ты такі, яны там вучыліся ў ліцэях і гімназіях і г.д.». Тэставанне гэтыя праблемы здымае
Але вернемся да каруцыі. Адзін з фактараў, які яе спараджае, гэта маральны стан у грамадстве. У нас яшчэ засталіся ўстаноўкі з савецкіх часоў, што красці ў дзяржавы не сорамна. Калі нешта сцягнуў у суседа – ты гад, а калі на прадпрыемстве – значыць, змог. У савецкія часы гэта было абумоўлена тым, што дзяржава ўспрымалася як надзвычай багатая арганізацыя, у якой можна нешта ўзяць. Але цяпер сітуацыя пагоршылася. У грамадстве ўзмацнілася варожае стаўленне да дзяржавы. Яна ўспрымаецца як рэпрэсіўны апарат. Таму зараз дзейнічаюць адміністратыўныя метады, але ва ўлады няма маральнага аўтарытэту.
Надзвычай адмоўна на маральны стан грамадства ўплываюць выбарчыя кампаніі. Бо, тыя, хто сутыкаецца з іх механізмам, прыходзяць да высновы, што гэта суцельны падман. Іх вынікі вядомыя загадзя. І як гэта ўспрымаць?
Дарэчы, я некалькі разоў размаўляў з сябрамі выбарчых камісій, якія працуюць у школах. І казаў ім, што настаўнікі бачаць усе гэтыя маніпуляцыі, вымушаны ў ім удзельнічаць, і гэта адмоўна ўплывае не толькі на іх маральны стан, але і на прафесійныя якасці. Як ні дзіўна, са мной згаджаліся. Праўда, рабілі, як загадана.
Апроч таго, і ў ВНУ ідуць тыя ж разбуральныя працэсы. Рэней праца ў іх лічылася прэстыжнай і на яе прэтэндавалі лепшыя. Зараз сітуацыя памянялася: заробкі нізкія, трэба запаўняць нейкія справаздачы, кантрактная сістэма і г.д. Таму страчваецца такая якасць, як інтэлігентнасць, і на першае месца выходзіць здольнасць выжываць у неспрыяльных умовах. Гэта таксама зусім не садзейнічае прынцыповым паводзінам.
Падсумоўваючы мае разважанні, хачу адзначыць, што я ведаю недахопы тэставання. Іх таксама неабходны выпраўляць Але захады, якія робяцца, павінны быць адэкватнымі сітуацыі. Тэсты даюць магчымасць аб’ектыўнай ацэнкі ведаў. Але робіцца гэта толькі за кошт распрацаванай сістэмы кантролю. Пры ўвядзенні вусных уступных экзаменаў, такі кантроль ажыццявіць будзе цяжка. Хутчэй за ўсё, асноўным фактарам, які стане ўплываць на паступленне, будуць не грошы, але знаёмствы. Зноў узмацніцца блат, вядомы нам яшчэ з савецкіх часоў. І найбольш пацерпяць дзеці з тых сем’яў, у якіх такога блату няма.
Віктар Адзіночанка