Краіна Хлусні. Або што рабіць настаўнікам, каб іх масава не лічылі фальсіфікатарамі

24.08.2020

Падзеі разварочваюцца так хутка, што, пакуль пішацца тэкст, ён можа стаць неактуальным. Таму напішу адзін прагноз, якому, на вялікі жаль, наканавана спраўдзіцца. Незалежна ад таго, як будуць разгортвацца падзеі, 1 верасня настаўнікі масава сутыкнуцца з непавагай і абразамі як з боку бацькоў, так і вучняў.

Флэш-моб вучняў

Флэш-моб вучняў

Ужо цяпер мы бачым, як да школ былыя вучні нясуць свае дыпломы і ўзнагароды, вывешваюць плакаты накшталт «Грошы на рамонт не здаём — вазьміце іх з продажу вашага сумлення».

Беларусы, якія 26 гадоў жылі ў хлусні і страху, настолькі раззлаваныя, што ўсю крыўду за скрадзеныя галасы і запушчаны махавік крывавых рэпрэсій, за ахвяры і катаванні, якія мы маем у змаганні за праўду, будуць вымяшчаць на настаўніках.

Такая сітуацыя склалася таму, што збольшага ў нашай краіне выбарчыя ўчасткі знаходзяцца ў школах. І масавая думка асацыюе настаўнікаў з фальсіфікатарамі выбараў, хаця ў камісіях іх магло і не быць. Людзі абсалютна справядліва абвінавачваюць сябраў камісій, што тыя запусцілі ваенныя дзеянні рэжыму супраць уласнага народа. У тым, што так доўга трымаўся гэты рэжым вінаватыя не толькі камандзіры, але і выканаўцы: сёлета развязалі вайну чальцы камісій, якія не палічылі галасы, не вывесілі выніковыя пратаколы, не пусцілі незалежных назіральнікаў на падлік галасоў, выклікалі АМАП на людзей, якія чакалі вынікаў выбараў каля сваіх участкаў, а самі ўцяклі пад прыкрыццём міліцыі. Увечары 9 жніўня карнікі па ўсёй краіне лупцавалі ў дварах школ, лавілі па пад’ездах выпускнікоў і бацькоў вучняў.

Я пішу гэта, ведаючы пачуцці людзей, бо сёлета самой разам з суседзямі, давялося хавацца ад групы зачысткі ў сляпянскім лесе. За мірнымі людзьмі з дзецьмі на руках гналіся трэніраваныя «ахоўнікі парадку», прасвечваючы лес страбаскапічнымі ліхтарыкамі, крышачы па дарозе дубінкамі дзіцячыя веласіпеды і крэслы. Тых, хто не ўцёк, пазакідалі ў аўтазак.

Хутчэй за ўсё, раз’юшаныя і пакрыўджаныя людзі не будуць разбірацца, хто з настаўнікаў быў у камісіі, а хто — не. У час постпраўды лягчэй сфарміраваць у сваім уяўленні вобраз ворага, чым разабрацца, што НЕ ТОЛЬКІ НАСТАЎНІКІ БЫЛІ ЧАЛЬЦАМІ КАМІСІЙ. Насамрэч, настаўнікаў там была абсалютная меншасць. Напрыклад, у Партызанскім раёне Мінска 37 участковых камісій, 27 з якіх фізічна размяшчаюцца ў школах і іншых навучальных установах. Пры гэтым толькі 3 участковыя камісіі сфарміраваныя з супрацоўнікаў школ, а гэта не значыць, што ўсе яны — настаўнікі. Атрымліваецца, не больш за 8,1% ад агульнага складу чальцоў камісій Партызанскага раёна Мінска — педагогі. Для параўнання, з працаўнікоў МТЗ у Партызанскім раёне сфарміравалі 8 камісій (21,6%), маторнага заводу — 3 камісіі, заводу шасцерняў — 3 камісіі, з дактароў — таксама 3 камісіі, па 1–2 камісіі сфарміраваныя з прадстаўнікоў іншых дзяржаўных прадпрыемстваў. Магчыма, па настаўніку яшчэ былі ўключаныя ў іншыя камісіі, каб тыя маглі арыентавацца ў будынку школы. Чаму ж не абвяшчаецца байкот намеснікам дырэктараў заводаў па ідэалогіі — самай масавай групе сярод старшынь-фальсіфікатараў?

Магчыма, у раённых гарадах колькасць настаўнікаў у УВК будзе крыху большай за сталічную, а ў вёсках настаўнікаў будзе менш — там школы пазачынялі. Папросту настаўнік — масавая прафесія.

 

Што рабіць

 

Па-першае, трэба падрыхтаваць інфармацыю па сваёй школе, магчыма, зрабіць невялічкія ўлёткі для бацькоў, змясціць інфармацыю на школьных сайтах, у бацькоўскіх чатах. Напішыце там, колькі настаўнікаў працуе ў вашай школе, колькі з іх былі чальцамі камісій. Можа аказацца, што ніводнага або вельмі мала. Калі ж такія былі — абавязкова пералічыце прозвішчы, папрасіце прабачэння за калег і напішыце, што педагагічны калектыў дасць ацэнку іх дзеянням і абавязкова праінфармуе бацькоў. Вядома, што каля 200 участкаў могуць пахваліцца сумленным падлікам галасоў. Магчыма, такі ўчастак якраз быў у вашай школе. Напішыце пра гэта.

Па-другое, сапраўды збярыце інфармацыю аб выбарах і дайце ацэнку. Ці лічыла камісія галасы, ці вывесіла пратакол для азнаямлення. Цяпер улады, якія трымаюцца за мінулае, хочуць нашу ўвагу пераключыць на гвалт, а не яго прычыны. Фальсіфікатараў-настаўнікаў абавязкова трэба будзе выдаліць са школы, можа нават скараціць пасаду намесніка па выхаваўчай рабоце. Уяўляеце, колькі грошай можна будзе пусціць на заробкі прадметнікам, бо, я ўпэўнена, у наступным годзе больш не будзе патрэбы прымушаць дзяцей да БРСМу, паходаў на хакей і іншай паказухі.

Па-трэцяе, калі ў вашай школе працавала камісія, сфарміраваная з працаўнікоў іншага прадпрыемства, паведаміце пра гэта бацькам. Магчыма, яны працуюць на гэтым прадпрыемстве, і менавіта па іх недаглядзе ў выбарчую камісію патрапілі несумленныя людзі. Напішыце ноту пратэсту таму прадпрыемству, якое псуе імідж вашай школы. Няхай разбіраюцца. Спісы камісіяў не цяжка знайсці ў інтэрнэце.

Па-чацвёртае, праяўляйце актыўнасць. Далучайцеся да структур, якія будуюць новы лад: яны каардынуюцца праз шматлікія прафесійныя і тэрытарыяльныя чаты ў сацсетках. Выходзьце з прафсаюзу, бо ён толькі вас кантралюе, а не бароніць. Дапамагайце збіраць доказы фальсіфікацый: калі ёсць копія пратакола — дашліце яе на сайт ці чат «Голас». Там грамадскасць збірае факты, што выбары былі сфальшаванымі. Гэта першы крок для таго, каб не прызнаць іх вынікі і абвесціць новыя. Толькі пасля сумленных свабодных выбараў пачнецца аздараўленне краіны і сістэмы адукацыі. 

 

Пратэст настаўнікаў

 

Пра каштоўнасці

 

Беларусы ніколі не трывалі хлусні і зладзейства, але давалі шанец выправіцца як хлусу, так і злодзею. З дзяцінства памятаю хаты без замкоў і размовы пра нейкага Толіка з суседняй вёскі. Усе ведалі, калі штосьці знікла — то мог скрасці толькі ён. Больш злодзеяў у наваколлі не было.

Але здарылася так, што 26 гадоў нашай краінай правіў хлус і злодзей. Беларусы шмат разоў спрабавалі выправіць сітуацыю праз дэмакратычныя працэдуры — давалі шанец яму сысці, але ён працягваў хлусіць і красці нашы галасы на выбарах і рэферэндумах, і на працягу 26 гадоў будаваў Краіну Хлусні. Фальшывым у гэтай краіне было ўсё: школьныя адзнакі, «добраахвотная» падпіска, інфармацыя на стэндах, патрыятычныя арганізацыі, рэйтынгі і спаборніцтвы. Усё гэта адымала сілы ў настаўнікаў і прымушала да хлусні дзяцей, правакавала бюракратыю. Праўдзівымі былі толькі страх і халуйства, без якога немагчыма было працаваць у адукацыі, рабіць кар’еру. Але сёлета беларусы не вытрывалі.

Тое, што цяпер адбываецца, я б назвала разбурэннем гэтай Краіны Хлусні і ператварэннем яе ў нашу Беларускую Беларусь. Настаўнікі ўпершыню выйшлі пратэставаць. 14 жніўня мы ішлі 5-тысячным шэсцем уздоўж перакрытага праспекта і адчувалі, наколькі хісткая нашая надзея. Нас так лёгка знішчыць, зволіць па адным. Але праз пару дзён некалькі мільёнаў беларусаў на плошчах гарадоў і вёсак сказалі хлусу: «Сыходзь!» І мы разумеем, што краіна ніколі не будзе ранейшай. І можа ўжо 1 верасня нашы дзеці пойдуць у свабодную школу свабоднай краіны, дзе настаўнікі будуць вучыць дзяцей, а не дагаджаць адміністрацыі.

Самае прыемнае ў час пераменаў — гэта трыумф праўды і маралі. Ці стане нормай не баяцца, не хавацца, не хлусіць — залежыць цяпер ад нас.
 

Тамара Мацкевіч, Новы час