21.11.2020
Уражанні Міхася Кудзейкі, дацэнта БДПУ, пасля 8 сутак, праведзеных у Жодзінскай турме.
Крыніца: https://www.facebook.com/kudejko/posts/3665404660191538
Крыніца: https://www.facebook.com/kudejko/posts/3665404660191538
"ДАВАЙЦЕ СТАВІЦЦА ДА ГЭТАГА ЗАТРЫМАННЯ, ЯК ДА НЕЗВЫЧАЙНАЙ ПРЫГОДЫ", – сказаў адзін з 18 сакамернікаў, разглядаючы памяшканне разлічанае на 6 чалавек і ледзь пераводзячы дыханне пасля спантаннай фізічнай нагрузкі, якая была прапанавана супрацоўнікамі СІЗА г. Жодзіна ў якасці пакарання і прыніжэння. Яго прапанова была падтрымана гучным і раскацітым рогатам, што дазволіла хутка зняць не толькі эмацыйную напружанасць, але і адкласці ў бок уражанні апошніх непрыемных падзей. Вось так весела пачалося наша сумеснае жыццё-быццё ў жодзенскім СІЗА.
Суседзямі па камеры аказаліся вельмі прыстойныя людзі: бізнэсоўцы, дырэктары і намеснікі дырэктараў прыватных прадпрыемстваў, айцішнікі, артыст цырку Д. Салей, карэспандэнт БелаПАН. Гэтыя людзі ні па якіх параметрах не адносіліся да алкаголікаў, дармаедаў, а тым больш да злачынцаў.
Але, здавалася, што з намі абыходзіліся, як са злачынцамі. На нас увесь час крычалі выкарыстоўваючы ненарматыўную лексіку, пужалі, пагражалі, падлаўлівалі на парушэннях “ўстаноўленага” парадку, але, трэба адзначыць – не білі. Так, убачыўшы праз вочка дзвярэй камеры, што нехта з арыштаваных седзячы на ніжнім ложку абаперся на сцяну і заплюснуў вочы, выдзёргівалі з камеры і давалі фізічную нагрузку ў выглядзе прысяданняў, адцісканняў ці расцяжкі. Забаранялася пасля пад’ёму (6.00) і да адбою (22.00) ляжаць на ложках, сядзець на коўдры, спаць. Таму прыходзілася праяўляць актыўнасць у пошуку дзеянняў, месца для сядзення ці хадзьбы. Пасля таго, як 5 чалавек перавялі ў іншую камеру, прасторы і паветра стала крыху больш.
Першыя тры дні, да суда, прыходзілася сядзець і спаць на металічных ложках ці падлозе, падкладаючы пад сябе свае верхняе адзенне. Толькі пасля суда нам на 13 чалавек выдалі 6 (па колькасці ложкаў) спальных камплектаў: матрац, падушка, прасціна, навалачка, ручнік, коўдра. Так як на 6 ложках размясціцца 13 чалавекам было немагчыма, то спалі валетам, ці на падлозе, падсцілаючы коўдру. За 8 сутак нас два разы вадзілі ў душ, і 4 разы на прагулку.
Чакаючы суда мы актыўна абмяркоўвалі падзеі ў краіне, разважалі, спрачаліся, уносілі прапановы па паляпшэнню пазіцыі пратэстуючых. Хтосці, нават, пажартаваў, што нам далі магчымасць рэалізаваць павышэнне кваліфікацыі змагароў. Бо дзе яшчэ можна было б сабрацца такой цікавай групоўкай аднадумцаў, каб упэўніцца ў сваіх пазіцыях, абранай стратэгіі пратэста, падзяліцца досведам і меркаваннямі. Бавіць час дапамагалі гульні. Прыйшлося ўспомніць як гуляць у Мафію, ці ў Кракадзіла. З дапамогай мокрых сурвэтак зрабілі на стале шахматную дошку, а з мякіша хлеба шашкі. З шкарпэтак зрабілі мячык, які даў магчымасць ажыццяўляць эмацыйную і фізічную разрадку. Адзін з дзён абвясцілі беларускамоўным і размаўлялі ўсе толькі на беларускай мове. Ведаючы, што ў суседняй камеры знаходзіцца Маляваныч, перад сном спявалі калыханку. Так што сумаваць не прыходзілася.
Разглядаючы карную сістэму знутры, прыйшлося адзначыць, што не такая яна і трывалая, бо даўно ўжо прагнулася і трашчыць па швах. Аб гэтым сведчыць многае… Мы не раз чулі ад назіральнікаў: “Ага, калі што не так, то абавязкова напішаце ў сваім фэсбуку”. Не менш уразіла вялікая колькасць адэкватных супрацоўнікаў, за пагрозамі і крыкамі якіх праглядвае не гвалт, а разуменне таго, што перад імі не злачынцы, а людзі, са сфарміраванай грамадзянскай пазіцыяй, якую нельга парушыць пагрозамі, крыкамі ці карнымі дзеяннямі. Цікава было назіраць, як мяняюцца да нас адносіны назіральнікаў з пазіцыі патрабаванняў на пазіцыю прапаноў у залежнасці ад падзей, якія тым часам адбываліся ў краіне: гвалтоўная смерць Рамана Бандарэнкі і чаканне масавых пратэстаў. Усе гэта сведчыць аб тым, што спантанныя пратэсты, інтэрв’ю ў СМІ, пасты ў інтэрнэце, публікацыі інфармацыі аб злачынцах у пагонах даюць свой станоўчы вынік, застаўляючы думаць тых, чыімі рукамі кіраўніцтва гвалтуе беларусаў. Я ўпэўнены, што яны разумеюць, што за кожную праяву гвалту ім прыйдзецца адказваць асабіста.
Калі мы ўжо стаялі ў калоне (50-60 чалавек) на вуліцы перад выхадам з СІЗА, малады і гарачы супрацоўнік звярнуўся да прысутных з пытаннем: “Ну, цяпер не будзеце пратэставаць, цяпер не будзеце хадзіць на маршы?!” На што яму большасць прысутных адказала, што як хадзілі так і будзем хадзіць. Гэта стала самай яскравай кропкай завяршэння незвычайнай прыгоды.
Вы ведаеце, для мяне гэта быў першы вопыт і першая прыгода такога фармату. Дзякуй Богу, што ўсе абышлося і я трапіў дамоў жывы і здаровы. За варотамі СІЗА мяне чакалі родныя і сябры. Па дарозе дамоў мне распавялі аб тым, што прыйшлося перажыць родным і вам, мае дарагія сябры, калегі, знаёмыя і незнаемыя людзі, якія хваляваліся за мяне…
Вялікі ДЗЯКУЙ ВАМ УСІМ за падтрымку, клопат і салідарнасць!!! Слухаючы распавед родных, я разумеў, што нас, сапраўдных беларусаў, не прыгнуць, не зламаць, не забіць! А гэта значыць, што перамога будзе за намі.
Жыве Беларусь!