Веды – не мэта, веды - сродак

02.04.2021

Лёс жанчыны. У кожнай свой. Бо мы ўсе розныя – і гэта цудоўна, і ў гэтым прыгажосць, і ў гэтым цуд існавання. Гэты фільм пра жанчын і для жанчын. Ён прымушае думаць пра нязвыклыя рэчы, і не так, як мы звыклі – нестэрэатыпна. 

Не, гэты фільм не вучыць ненавідзець мужчын. Ён вучыць любіць жанчын, такіх розных, такіх непаўторных, такіх чароўных у сваёй рознасці. І сябе. У першую чаргу СЯБЕ. Ён вучыць ісці па сваім шляху. Вучыць выбіраць свой шлях. Вучыць змагацца за магчымасць ісці па гэтаму шляху, калі гэта будзе неабходна. 

Хто мы, жанчыны? І чаму нам цяжэй праходзіць гэты шлях ад нараджэння да скону? Усё таму, што за спіною гады прыгнёту. Сапраўды прыгнёту. Гісторыя. Мінулае. Прыгнёт і бяздумнае падпарадкаванне. Адчуванне сваёй бездаможнасці і залежнасці. Усё гэта  яшчэ жыве ў галовах многіх і многіх людзей. Колькі ж можна?! 

Я адчуваю пагарду і злосць на стэрэатыпы, хаця зусім ад іх не пазбаўлена. Колькі трэба мужнасці, волі і ўпартасці, каб быць сабою, жыць шчасліва – так, як ты гэта бачыш. 

Калі я была школьніцай, на ўроках нямецкай мовы мы праходзілі тэму “Кватэра”, здаецца. Мяне тады вельмі моцна ўразіла апісанне дзвюх кватэр, пра якія марылі два зусім розных чалавекі. Першая – з вялікай колькасцю вокан, раскошная, з тэлевізарам і канапамі. Другая – ў старым доме з вялікай колькасцю падушак і кніг. А які Мой дом мары? Як выглядае Мой ідэальны пакой? Як выглядае Мой ідэальны дзень? Як выглядае Мая самая ўлюбёная страва?  Мой каханы чалавек, ён які? Маё шчасце, яно ў чым? А Ваша?

Пусты пакой з паркетам, са светлым падваконнем, на якім ляжыць кніга. Гэта Я. І я разумею, што выгляд гэтага пакоя можа і будзе змяняцца, пакуль я жыву, пакуль я расту. Але зараз – гэта Я.

Кэтрын Уотсан – мальберт, раскіданыя паўсюдна карціны і фарбы, выразкі з артыкулаў і вялікае вакно, у якім бачна крона вясенняга дуба. Яна – гэта незалежнасць, самастойнасць, глыбіня і мастацтва. 

Ключавое слова для яе – ВУЧЫЦЬ. Як зразумець, што ты навучыла? Не пакінула веды, а сапраўды навучыла? Магчыма, калі твая студэнтка адкрыла сябе дзякуючы і насуперак табе? Магчыма, калі ты дапамагла зрабіць галоўнае – зразумець сябе і пра сябе. Ці даю я гэта сваім дзецям? Не ведаю… Аднаму дакладна. Калі дванаццацігадовае дзіця ўночы пасля ўрока гадзінамі здольна разважаць пра няроўнасць. Калі дзевяцігадовае дзіця затрымліваецца каля выставы пра становішча жанчын у грамадстве. Калі сыходзіць ад мяне, але застаецца з тым лепшым, што я магла даць.  Літаратура, экалогія, гісторыя – гэта ўсё пра мяне і пра цябе. Пашанцавала. Але ці атрымаецца, ці атрымалася? Магчыма, ніколі не даведаюся – і такі лёс настаўніка. Кэтрын пашанцавала даведацца адразу, але праз пакуты і памылкі. Таму сапраўды, веды – не мэта, веды -  сродак

Кэтрын нахніла мяне, паказала, што мастацтва – гэта нешта па-над чалавекам, па-над яго жыццём. Паэзія адкрыла для мяне свет мастацтва, але тады я яшчэ не магла гэта асэнсаваць. У мяне вельмі добрая інтуіцыя. Зразумела па дарозе ў школу. Пазнанне кожны дзень і кожную хвіліну. Кэтрын адкрыла для мяне карціны. На хвіліну я адчула – як трэба глядзець на іх. І ўсё адно – вельмі суб’ектыўна. І ўсё адно – ў кожнай з нас карціна будзе новая, непаўторная, СВАЯ.

Кэтрын навучыла шчырасці. Паказала, што нельга дараваць хлусню, нават дробрую. Асабліва, калі для цябе гэта непрымальна. Колькі разоў у жыцці мне хацелася заключыць дамову са сваім сумленнем. Але не. Выбар дарослага чалавека – адказваць за свае ўчынкі, нават за самыя ганебныя. І шукаць такіх жа шчырых пакутнікаў у жыцці. Бо гэта невыносная радасць – глядзець у вочы і бачыць у іх сусвет без цемры і хлусні. Для мяне вельмі важна, каб побач, на адлегласці дотыку вуснамі – былі менавіта такія вочы, шчырыя і глыбокія.

Кэтрын навучыла адрозніваць перакананне і прапанову. Як? Яна памылілася. Як непрыемна, як ганебна. Не, зусім не. Памылкі – гэта рост. Пры гэтым рэзкі, рэвалюцыйны. Калі ты разумніца і малайчынка – ты плаўна караскаешся на гару свайго развіцця. Калі ты памыляешся – ты падскокваеш аддразу на вяршыню. У тым выпадку, калі хопіць сіл паразважаць з сабою, без хлусні і самаапраўдання. А чаму ў мяне так атрымалася? А чаму гэта мяне навучыла?

Прапанова – гэта выбар. Ты будзеш маляваць пластыкавую бутэльку ці пакунак ад марозіва? А можна нешта сваё? Канешне, у першую чаргу малюй СВАЁ. Перакананне як працэс – гэта спроба ўпэўніць. Вы ведаеце, смецце сапраўды трэба сарціраваць. Вы былі калісьці на палігоне? А бачылі фотаздымкі смеццевага кантынента? Так, і ўсё адно не? Я апускаю рукі. Вы  ведаееце, у Беларусі дыктатура? Вы ведаеце, тут катуюць людзей? Вы чулі, што рабіў АМАП з прастэстоўцамі? Так? І нічога, так і трэба? Апускаю рукі. 

Перакананне – няўдзячная справа. Значна прасцей пераконваць справай. Таму што гэта ўжо будзе не перакананне, а прапанова – гэй, хлопча, хочаш, як я? Давай разам. І вось ужо 3 месяцы разам сарціруем. Цуд? Не, выбар. Я вельмі востра рэагую на супраціў. Чаму? Бо не навучылася бачыць тое, што пад маскай, тое, што прыхавана. Магчыма, боль. Магчыма, здзек. 

 “Усміхаецца. Яна шчаслівая? На від шчаслівая, а там няважна. Дазволь сказаць табе. Часта здаецца адно, а на справе іншае” (Бэці).

Эсэ (літаратурны аналіз) на фільм “Усмешка Моны Лізы” выпускніцы курса "Медыяадукацыя ў школе - 2021" Веранікі Васільевай.