25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР набыла канстытуцыйны статус. Дэ-юрэ гэта азначала абвяшчэнне незалежнасці. Немагчыма на словах перадаць той пад'ём, тыя настроі, тую радасць і надзеі, якія ахапілі тады беларусаў. Можа, той, хто быў на маршы ў Мінску сёлета 16 жніўня, адчуў нешта падобнае, калі ўбачыў, што нас, тых хто за незалежнасць і за дэмакратыю - абсалютная большасць, паглядзеў на мора нашых сцягоў, якія былі прыхаваныя амаль у кожнай сям'і. І нічога з гэтым не зробіш.
Варта ўзгадаць тыя часы, што рабілася ў адукацыі, каб людзі, якія 26 апошніх год мэтанакіравана атручваліся прапагандай, ведалі, што "шалёныя 90-я" - гэта не пра нас, якія атрымалі перспектыву, а пра іх - якія страцілі свае калоніі. У беларусаў, як і ва ўкраінцаў, казахаў, грузінаў, літоўцаў - тады быў час адраджэння. Так, было не лёгка - у нас адабралі ўсё - ад будынкаў амбасадаў, якія засталіся пасля СССР Расіі, да апошняй капейкі на ашчадных кніжках. Але пустыя крамы і карткі на мыла-крупы-гарэлку былі нядоўга. Незалежнасць мае свае бонусы, мы - беларусы - хутка пачалі будаваць сваю краіну і станавіцца заможнымі. Голаду ў нас у 90-я не было - гэта міф, у крамах, акрамя таго, што па картках, заўсёды можна было набыць хлеб, кансервы, печыва-вафлі, малочныя прадукты, не кажучы, што без бульбы і сала мы не жылі ніколі. Беларусы 90-х былі натхнёныя і апантана будавалі адукацыю, прыватныя бізнесы, фінансавую сістэму, прыцягвалі новыя тэхналогіі... Але вернемся да адукацыі.
Па-першае, педагагічныя ВНУ пачалі запрашаць педагогаў-наватараў чытаць аўтарскія лекцыі. Напрыклад, у Віцебскім педінстытуце курс лекцый чытаў сам Віктар Шаталаў. Прычым не па раскладзе, а на працягу цэлага месяца. І туды маглі патрапіць усе студэнты з усіх курсаў. А потым яны адразу адпраўляліся "ў поле", каб апрабаваць сістэму знакамітага педагога на практыцы. Дагэтуль тыя студэнты працуюць у школах настаўнікамі і ўзгадваюць 90-я як педагагічнае шчасце. А былыя студэнты-гісторыкі БГПУ ім Танка (тады МДПІ імя М. Горкага) памятаюць, як у 90-х іх адпраўлялі з лекцый на плошчу са словамі: ідзіце, цяпер гісторыя робіцца там, а не тут!
Па-другое, пачалася перабудова адукацы, каб паставіць яе на службу сваёй краіне, а не на абслугоўванне ваенна-прамысловага комплексу СССР. Пачалі ствараць свае праграмы, пісаць падручнікі, адраджаць навучанне на беларускай мове, узнік Коласаўскі ліцэй, ліцэй БДУ. Усё рабілася хутка, не заўсёды дасканала. Але дзеці дагэтуль памятаюць старыя падручнікі па гісторыі Беларусі, якія былі без карцінак, але там былі веды, пра якія замоўчвалася доўгія гады. Дзеці 90-х любілі гісторыю, адкрылі для сябе літаратуру, сталі пазбаўляцца ад комплексаў нацыянальнай непаўнавартасці, якія насаджваўся "малым народам" праз адукацыю. Гэта яны прыхавалі дома мільён бела-чырвона-белых сцягоў, які залунаў у 2020-м.
Па-трэцяе, у 90-х далі настаўнікам поўную прафесійную свабоду. Можна было выбіраць праграму, падручнікі, ніхто не караў за не там пастаўленую ў журнале кропку, адхіленне ад КТП. Бюракратыі амаль не было. Узнік шалёны попыт на павышэнне кваліфікацыі. Сталі як грыбы расці адукацыйныя грамадскія арганізацыі, каб настаўнікам дапамагаць засвойваць новыя методыкі, перакладаць найлепшыя кнігі па педагогіцы, вазіць на міжнародныя канферэнцыі. А памятаеце сістэму развіццёвага навучання Эльконіна-Давыдава? Бацькі з настаўнікамі самі закуплялі падручнікі для пачаткоўцаў за мяжой і ім ніхто не перашкаджаў. Так перавялі палову пачаткоўцаў на гэтую сістэму, дзеці сталі прасіцца ў школу, здавалася, назад дарогі няма... Свабода - гэта галоўнае, чаго нам не хапае сёння, што стрымлівае развіццё.
Сёння мы пакуль не страцілі Незалежнасць, але не маем Свабоды. Але мы яе адваюем.
Са Святам Незалежнасці!
Ваш Nastaunik.info