02.04.2022
Пётра Садоўскі як педагог і чалавек з добрай душой і жыццёвай мудрасцю знаходзіць патрэбныя словы для настаўнікаў. Прапануем ягоную замалёўку, якая, магчыма, дасць Вам крыху сілы і веры ў людзей.
ЯК 10-ГАДОВАЯ ГІМНАЗІСТКА MANIA SKŁODOWSKA МУСІЛА УГОЛАС НА ПАМЯЦЬ ПРАМАЎЛЯЦЬ “ОТЧАНАШ” ПА-РАСЕЙСКУ ВАРШАЎСКАМУ ІНСПЕКТАРУ Ў 1877 г.
Марыя Складоўска-Кюры 2-разовая лаўрэатка Нобелеўскай прэміі: 1903 (радыеактыўнасць), 1911 (адкрыццё палонія і радыя, спосабы засцярогі).
Два дні таму я напісаў пост з метафарычнай назвай “Што Кант пісаў пра Пуціна” са спасылкай на артыкул Тэа Зомэра ў DIE ZEIT ONLINE за 28.03. 2022 г. З лёгкай рукі Андрэя Кіштымава, які заўважыў на форуме, што “Есть и верноподданнические тексты Канта периода пребывания в составе Российской империи», аднак на маю просьбу не змог даць спасылак, кінуўся я ў мора сеціўных нямецкіх тэкстаў з ключавымі словамі, каб знайсці такія тэксты...
На жаль тэкстаў Канта з прыязнасцю да Расеі пакуль не знайшоў. Затое метад “ланужкова-зорнага чытання” вывеў мяне на кніжку біяграфічных успамінаў дачкі Марыі Складоўскай-Кюры, ЭВЫ КЮРЫ (“МАДАМ КЮРЫ”).
Прыводжу невялікую вытрымку з узгаданай кнігі, як расейцы прывівалі любоў да расейшчыны ў акупаванай Варшаве пасля падаўлення паўстання 1864 г. Кніга ёсць на розных еўрапейскіх мовах...
Сцэна ўроку ў гімназіі.
Пасля крывавага супраціву польскія настаўнікі знешне ўціхамірыліся, прыняўшы прыніжэнне акупацыі, каб не страціць месца працы і таемна выхоўваць дзяцей у польскім духу, робяць выгляд, што вернападдана шчыруюць, вывучаючы расейскую гісторыю і мову. У школьных калідорах у паветры прыцішана вісяць словы: паліцыя, Горнбэрг (галоўны інспектар), цар, дэпартацыя, экзекуцыя …
Пакуль не прыйшла галоўная наглядчыца гімназіі разам з інспектарам Горнбэргам, прызначаным акупацыйнай адміністрацыяй, класная кіраўніца сп. Тупальска, з мянушкай Тупця, кладзе на настаўніцкі пюпітр раскрытую кнігу баек Крылова на расейскай мове, прыслухоўваецца, ці не ходзіць хто блізка каля дзвярэй класа ды ды выклікае: “Марыя Складоўска!”. У чорнай строгай сукенцы з белым каўнерыкам і касой, Маня ўстае: “Я!”. Настаўніца нягучна кажа: “Раскажы, што ты ведаеш пра Станіслава Панятоўскага!”. Маня на выдатнай польскай мове : “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны польскім каралём у 1764 годзе… Ён быў разумны, адукаваны, шанаваў мастацтва …Ён разумеў недахопы тагачаснага дзяржаўнага кіравання і стараўся ліквідаваць закалоты, якія часта ўзнікалі ў краіне … На жаль, яму часам не хапала асабістай мужнасці …” .
Наступная сцэна: у клас заходзіць расейскі інспектар прыватных школьных установаў у Варшаве. Перад гэтым па ланцужку прыйшлі звесткі пра ягоны візіт. Дзяўчаты вынеслі і схавалі ўсе польскія кніжкі ў спальню (яна побач з класам), “Тупця” бягом становіцца за пюпітр і пачынае ўслых чытаць Крылова… Марыя Складоўска, хоць і самая малодшая ў класе, але лепш за ўсіх гаворыць па-расейску (Бацька вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце), таму на патрабаванне інспектара паказаць, як вучні ведаюць Закон Божы і біяграфію царскай сям’і, класная кіраўніца выклікае яе.
Яна пачырванела і дрыжыць. Невыноснае пачуццё сораму і крыўды душыць горла…
Інспектар: “Ну, ты, прочитай-ка по-русски ОТЧЕНАШ!». Марыя аднатонна і без памылак чытае. Інспектар: “Как имена царей, которые правили Святой Русью, начиная с Екатерины Великой?» . Адказ на выдатнай расейскай мове: “Кацярына ІІ, Павел І, Аляксандр І, Мікалай І, Аляксандр ІІ … Інспектар задаволены: якое выдатнае вымаўленне! “Ну а теперь назови имена и титулы членов царской семьи!». Адказ: «Яе Вялікасць Царыца, Яго Царская Вышэйшасць Царэвіч Аляксандр, Яго вышэйшасць Вялікі князь …”, -- Ну будет, будет, достаточно … А как величать Царя в последовательности носителя достоинств? – Вялікасць …, -- А как следует называть меня согласно титулу? – Ваша Высакароддзе … -- А кто наш Повелитель и Господин? – Яго Вялікасць Аляксандр ІІ, Цар усяе Русі …
Твар Марыі шэры. Інспектар устае, коратка развітваецца і накіроўваецца ў суседні клас. Начальніца гімназіі за ім.
“Топця”, класная кіраўнічка, зусім свая і родная, звяртаецца да Марыі: “Падыдзі да мяне, маё сэрцайка!”. Марыя амаль беспрытомная, падыходзіць да настаўніцы, тая цалуе яе ў лоб. Маленькая полька Марыя плача горкімі сьлязмі.
Фота: Марыя Складоўска-Кюры