У чым асаблівасці прыёмнай кампаніі 2022 і што зменіцца ў 2023?

01.06.2022

Прыёмная кампанія 2022 года пройдзе ў звыклым для абітурыентаў фармаце з невялікімі карэкціроўкамі. А вось у наступным годзе адбудзецца шмат змен, пра якія цяперашнім дзесяцікласнікам трэба ведаць і рыхтавацца да іх загадзя.

 

 

Прыёмная кампанія 2022: хто можа паступаць без экзаменаў і па-за конкурсам?
Кропкавыя змяненні датычацца дастаткова вузкага кола абітурыентаў. Напрыклад, выпускнікі профільных спартыўна-педагагічных класаў змогуць паступаць без уступных іспытаў пры належным узроўні паспяховасці на профільныя спецыяльнасці ў галіне фізічнай культуры і спорту. Выпускнікі класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці змогуць паступаць ужо па крыху іншай ільгоце — гэта пазаконкурснае залічэнне на спецыяльнасці Ваеннай акадэміі, на ваенныя факультэты і ў Інстытут пагранічнай службы. У ВНУ Мінабароны змогуць пайсці тыя, хто вывучаў праграму факультатыву «Гатовы Радзіме служыць», у ВНУ Дзяржпагранкамітэта — факультатыву «Юны пагранічнік». Для абедзвюх катэгорый устаноўлена квота ў 30 працэнтаў ад лічбаў прыёму.
Без сертыфікатаў беларускага ЦТ змогуць паступаць і абітурыенты, якія здавалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі — у тым выпадку, калі яны паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя эканомікай. Гэта пэўнае кола спецыяльнасцяў, іх каля 30. Пералік перыядычна карэкціруецца па ўзгадненні з Міністэрствам эканомікі, у яго ўваходзяць спецыяльнасці ў першую чаргу рэальнага сектара эканомікі: сельскай гаспадаркі, лясной гаспадаркі, металургія лёгкай прамысловасці і іншыя. Прычым для такіх абітурыентаў устаноўлена квота ў 20 працэнтаў ад лічбаў прыёму.
...



Што плануецца ў 2023? На руках — да пяці сертыфікатаў ...
Пачынаючы з 2023 года паступленне ў ВНУ будзе ажыццяўляцца на падставе сертыфікатаў цэнтралізаванага экзамену, вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання (па профільных прадметах), а таксама сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
У маі наступнага года ўсіх адзінаццацікласнікаў чакае абавязковы цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ) па матэматыцы і адной з дзяржаўных моў на выбар. Таксама выпускнікі адзінаццатых класаў змогуць здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па любых прадметах, якія не здавалі на цэнтралізаваным экзамене: гэта фізіка, хімія, біялогія, гісторыя, замежная мова і г. д. Калі на цэнтралізаваным экзамене здавалася руская мова, на ЦТ можна будзе здаць беларускую і наадварот. У выніку пры паступленні ў абітурыента на руках можа аказацца да пяці сертыфікатаў: тры сертыфікаты ЦТ плюс два сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену. Дзейнічаць сертыфікаты цэнтралізаванага экзамену будуць два гады. Яшчэ адзін важны нюанс: выпускнікі 2023 года, незадаволеныя баламі ў сертыфікаце ЦЭ па матэматыцы і дзяржаўнай мове, у 2024 годзе змогуць здаць гэтыя прадметы ўжо на ЦТ. Гэта дазваляецца рабіць усе наступныя гады, толькі не ў год заканчэння школы.

Цалкам артыкул Н.Нікалаевай: https://zviazda.by/be/news/20220530/1653921119-shancy-pastupic-pavyshayucca-lgoty-dlya-profilnyh-klasau-metavaya?fbclid=IwAR3R09PV48oRez4nzqMdRVkxrpHr0-WpeWBLieABDUneHPpGkURcYG_TIcE