Што такое хакатон?
Хакатон – форум для распрацоўшчыкаў, падчас якога спецыялісты з розных абласцей распрацоўкі праграмнага забеспячэння (праграмісты, дызайнеры, менеджары) разам вырашаюць якую-небудзь праблему за пэўны час.
З моманту з'яўлення тэрміна (з 1999 году) паняцце хакатона моцна пашыралася і дапаўнялася. На сённяшні дзень хакатоны прызначаны для дасягнення даследчыцкіх, адукацыйных, сацыяльных і іншых мэтаў.
Мэта адукацыйнага хакатону – сабраць разам адукатараў, прадпрымальнікаў, праграмістаў і спецыялістаў іншых профіляў для хуткага і эфектыўнага стварэння новых рашэнняў у адукацыі, а таксама для развіцця і маштабавання існуючых праектаў.
Як працуе хакатон?
Сэнс працы на хакатоне наступны. Калі ў цябе ёсць ідэя стартапа альбо праекта, ты прэзентуеш сваю ідэю ў выглядзе кароткага выступу (пітча), на які адводзіцца 1 хвіліна. За такі кароткі час неабходна данесці галоўную ідэю так, каб зацікавіць людзей і арганізаваць з іх каманду. Пасля пітчынгу ствараюцца каманды. У каго ідэі няма, можна далучыцца да любой іншай ідэі, якая спадабалася ці адчуваецца патрэба паўдзельнічаць у каманднай рабоце. Пасля на працягу двух дзён каманды працуюць над стварэннем уласных прадуктаў.
Вялікая перавага хакатона – магчымасць атрымаць кансультацыю ад ментараў – адмыслоўцаў у пэўнай сферы (бізнес, адукацыя, фінансы, IT і іншыя), якіх запрашаюць арганізатары хакатону ў залежнасці ад тэматыкі праектаў. Гэта людзі, якія маюць досвед па арганізацыі ўласных стартапаў, і могуць даць карысныя парады аб тым, што трэба палепшыць, якія спецыялісты патрэбны і дзе шукаць такіх спецыялістаў.
На працягу хакатона прадугледжаны чэк-поінты – пункты, дзе трэба перад журы рабіць кароценькія справаздачы, што ўжо зроблена, над чым трэба працаваць далей. Такім чынам падчас распрацоўкі праекта ўдакладняюцца яго SMART-мэты, робіцца SWOT-аналіз, пралічваецца бюджэт, выбіраецца стратэгія прасоўвання праекта.
Фіналам хакатона з’яўляецца прэзентацыя распрацаваных прадуктаў. Мэта прэзентацыі – зрабіць выступ яскравым, абгрунтаваным, каб праект ці стартап зацікавіў журы і стаў пераможным, а пры магчымасці, знайсці спонсараў для яго ажыццяўлення.На выступ адводзіцца тры хвіліны і яшчэ дзве хвіліны – для адказаў на пытанні членаў журы. Пытанні таксама могуць задаваць і ўсе ахвотныя.
Якія бонусы дае настаўнікам удзел у хакатоне?
1. Атрыманне новых карысных кантактаў не толькі з настаўнікамі, але з людзьмі з іншых сфер.
2. Праца на хакатоне – гэта яшчэ адна магчымасць для самаадукацыі па-за прафесійнай сферай настаўніка. Пашыраюцца веды аб працы маркетолагаў, вэб-дызайнераў, менеджараў і прадстаўнікоў іншых прафесій, аб чым можна будзе распавесці сваім вучням. А яшчэ настаўнік на новым узроўні пракачвае ўласныя “скілы” публічнага выступу, калі рыхтуе кароткі пітч (кароткі выступ) перад аўдыторыяй і перад журы.
3. Хакатоны можна праводзіць для вучняў як сучасную і новую форму працы. Калі настаўнік сам паўдзельнічаў у такім мерапрыемстве, ён ведае, як яго можна арганізаваць і правесці.
Галоўнае: хакатон стварае ўмовы развіцця ў вучняў запатрабаваных часам кампетэнцый 21 стагоддзя: камунікацыі, кааперацыі, крытычнага мыслення, крэатыўнасці.
Вольга Жыткая, настаўніца біялогіі ўшацкай сярэдняй школы.