Наколькі і ў які бок мяняецца беларуская адукацыя? Меркаванне эксперта.

13.12.2022

Наколькі і ў які бок мяняецца беларуская адукацыя? Наконт гэтага і не толькі Рыгор Сапежынскі пагаварыў прафесарам Паўлам Церашковічам.

 

 

— Сістэма выніковай школьнай атэстацыі і паступлення ва ўніверсітэты ў Беларусі да гэтага заставалася адной з самых архаічных на постсавецкай прасторы і ў Еўропе. Што да ўвядзення цэнтралізаваных экзаменаў — сумяшчэння выпускных экзаменаў і ЦТ, — то гэта, на першы погляд, ёсць пэўным пазітыўным крокам. Бо ЦЭ спрашчае праходжанне гэтага кашмару і для вучняў, і для іх бацькоў. Але тут таксама ўзнікае некалькі дадатковых пытанняў. Маем два цэнтралізаваныя экзамены, першы — па беларускай/рускай мове (на выбар школьніка) абавязковы для ўсіх, другі экзамен выпускнік выбірае з пераліку прадметаў, па якіх здаецца ЦТ. Выглядае, што міністэрства адукацыі ідзе па шляху максімальнага спрашчэння, бо ў большасці еўрапейскіх краін у ліку абавязковай з’яўляецца здача іспыту па матэматыцы, а гэтага чамусьці няма. Па-другое, даволі часта здаецца іспыт па замежнай мове. Гэтага таксама няма. То-бок, усё гэта на выбар выпускніка. І калі міністр адукацыі спрабаваў неяк абгрунтаваць увядзенне новых правіл, ён сказаў, што новы парадак — ЦЭ — прадухіліць, як ён выказаўся, «бегатню» паміж рознымі ВНУ пры паступленні. Але на самай справе гэта звужае магчымасці выбару для вучняў. Я б таксама адзначыў надзвычай архаічную працэдуру падачы дакументаў — яны да гэтага часу абавязаныя падавацца ў папяровай форме. Абсалютна вось гэта незразумела. У выніку фактычна выпускнік зможа падацца толькі ў адну навучальную ўстанову. Гэта, канечне, значна абмяжоўвае выбар.

— Апошнія два гады ў адукацыйнай сферы абсалютная цішыня наконт Беларусі ў Балонскім працэсе, да якога краіна далучылася ў 2015 годзе, цяпер для нас там — усё?

— Не зусім зразумела, што Мінск збіраецца рабіць далей з Балонскім працэсам. Вельмі часта кажуць, што нібыта Расія і Беларусь выйшлі з Балонскага працэсу. На самай справе гэта не так. Адзінае, што адбылося ў гэтым годзе, гэта тое, што еўрапейскі сакратарыят Балонскага працэсу прыпыніў афіцыйныя кантакты з уладамі Расіі і Беларусі. Вось і ўсё. У Балонскім працэсе не прадугледжаная працэдура выключэння. Такую працэдуру можа разгледзець канферэнцыя міністраў адукацыі дзяржаваў, што ўваходзяць у еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі, якая адбудзецца ў 2024 годзе. Што да вынікаў непрацяглага актыўнага ўдзелу Беларусі ў працэсе, то рэформа вышэйшай адукацыі ўсё ж зрабіла вышэйшую адукацыю больш падобнай на тую, якая існуе не толькі ў Балонскім працэсе ці ў прасторы вышэйшай адукацыі Еўропы, — ва ўсім свеце. То-бок, змянілася архітэктура вышэйшай адукацыі. З’явіліся бакалаўрыят, магістратура, бакалаўрыят чатырохгадовы і гэтак далей. Усё гэта адбылося, і зараз адматаць назад, вярнуцца ў мадэль савецкай вышэйшай школы наўрад ці будзе магчыма. Таму што гэта патрабуе каласальных высілкаў, і, хутчэй за ўсё, на гэта не пойдуць. Але, канечне, Балонская сістэма ў нас не даведзеная да канца. Напрыклад, старыя пяцігадовыя навучальныя планы проста ўпіхнулі ў чатыры гады, што, безумоўна, прыводзіць да павелічэння нагрузкі і для выкладчыкаў, і для студэнтаў. Збольшага гэта нагрузка аўдыторная, і гэта абсалютна не падобна на тыя тэхналогіі, якія існуюць у іншых краінах.

— Зараз, як разумею, увогуле можна казаць пра ізаляцыю, да якой набліжаецца наша сістэма...

— Безумоўна, гэта будзе суцэльная катастрофа, бо не могуць навука і адукацыя развівацца ізалявана. Наступствы гэтай ізаляцыі, асабліва тое, што тычыцца сацыяльна-гуманітарных навук, мы і па сёння адчуваем. Бо, на жаль, пасля распаду Савецкага Саюза вось гэтая інерцыя захавалася, і пасля таго, як камуністычная ідэалогія сябе дыскрэдытавала, замест яе ў гэтую адтуліну пайшла ідэалогія такога шалёнага этнічнага нацыяналізму і шавінізму ў Расіі, што ў выніку і прывяло да агрэсіі ва Украіне. Гэта вось абсалютна бачная ўзаемасувязь. З пункту гледжання сацыяльна-гуманітарных навук Расія і Беларусь таксама не інтэграваліся ў сусветную прастору і таму папросту размаўляюць на абсалютна іншых мовах. У Беларусі фактычна галоўным трэндам пасля 2020 года стала мілітарызацыя і школьнай, і вышэйшай сістэмы адукацыі. Тут табе і ўзмацненне вайсковай падрыхтоўкі, і настаўнікі па гэтай падрыхтоўцы, якія нібыта збольшага будуць ідэалагічную функцыю выконваць, і ўсё больш вайсковай атрыбутыкі мы бачым у сістэме адукацыі. Здаецца, улады не хаваюць нават, што, паводле іх бачання, у першую чаргу школа павінна выхоўваць толькі адну кампетэнцыю — гэта паслухмянасць. І гэтая новая сістэма ЦЭ, дзе няма абавязковай матэматыкі, дзе няма абавязковай замежнай мовы, толькі, на маю думку, пацвярджае гэта.

— Няма абавязковай замежнай мовы, затое ёсць абавязковая характарыстыка...

— Так, будзе абавязковая характарыстыка. Але незразумела, як яна будзе працаваць. Гэта нідзе не прамоўлена, не прапісана, што гэта значыць. Ці будзе гэтая характарыстыка пры роўных балах даваць перавагі пры паступленні? Але паступленне куды? Вышэйшая школа зараз гатовая прыняць практычна на ўсе сто адсоткаў усіх выпускнікоў школ. Пра што будзе ісці гаворка, пра спецыяльнасці? Ці наадварот, хтосьці з нядобрай характарыстыкай не атрымае права паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову? Гэта нідзе не прамоўлена.

— Ну, у савецкі час пужалі: вось атрымаеш кепскую характарыстыку — удалым шлях па жыцці не будзе...

— Але ўсім пісалі там амаль што аднолькавае. Да гэтага, я думаю, усё і звядзецца.

— Вашае меркаванне наконт беларускай мовы ў беларускай адукацыі? Магчымасць выбару школьнікам экзамену па рускай ці беларускай мове як паўплывае?

— Тут зноў жа такі атрымліваецца, што не абавязкова ведаць дзве, абавязкова ведаць адну мову. Пры гэтым усім зразумела, што без ведання рускай мовы ў гэтай сістэме зрабіць нейкую кар’еру немагчыма. І атрымліваецца так, што беларуская мова будзе ўсё больш не запатрабаваная. Тым больш мы бачым, і ёсць прыклады, калі за тое, што чалавек размаўляе па-беларуску, гэта дадатковыя катаванні ў ГУБАЗІКу, магчыма, затрыманні на вуліцы і гэтак далей. Але самае галоўнае, я заўважыў, што ў гэтым годзе было катастрафічнае зніжэнне колькасці жадаючых паступіць на аддзяленне беларускай філалогіі. Проста выпускнікі прагматычна разумеюць, што куды з гэтымі ведамі беларускай? Так, яна нібыта не забароненая, але гэта адсутнасць якіх-небудзь перспектыў, тым больш выкладання ў школе. А часам гэта папросту і рызыка. Такая пазіцыя дзяржавы. З аднаго боку, забараніць гэтую мову яна б і хацела, але ўсё ж нейкія там абмежаванні існуюць. Але з іншага боку, тое, што дзяржава да беларускасці ставіцца адмоўна, гэта абсалютна відавочна, нягледзячы на ўсе публічныя заявы. І гэта бачна па тым, як адбываецца пагром беларускіх выдавецтваў, і шмат яшчэ іншых прыкладаў.

— Неяк безнадзейна...

— Надзеяй магу падзяліцца. 28 лістапада ў Варшаве была вялікая канферэнцыя, прысвечаная праблемам адукацыі ў эміграцыйным асяродку і не толькі. У тым ліку было абвешчана пра стварэнне асацыяцыі, якая будзе ажыццяўляць дапамогу настаўнікам, выкладчыкам і навукоўцам, якія ў Беларусі пацярпелі ад рэпрэсій, згубілі працу, і тым, хто апынуўся ў замежжы і каму патрэбная дадатковая дапамога ў адаптацыі, прыстасаванні да новых умоў існавання. Толькі такой супольнай працай можам не толькі падтрымліваць, захоўваць беларускасць адукацыі, але і развіваць.
 

Рыгор Сапежынскі