У адукацыі, як і ў футболе, разбіраюцца ўсе. І гэта небяспечна, бо ў адукацыйныя эксперты апошнім часам трапляюць выпадковыя людзі. Хто больш раскручаны – той і эксперт! Вядзеш інстаграм з кветачкамі і пейзажамі – эксперт у мастацтве! Маеш фэйсбук – ужо аналітык! З’явіўся на YouTube – кіраўнік think tank.
Таму напішу шпаргалку для адукатараў. Не прэтэндую на аўтраства ці know-how, гэта азы, які ведаюць усе, хто чытае літаратуру па прадмеце або цікавіцца, што робіцца ў адукацыйным свеце. У канцы будзе спіс літаратуры, без прачытання якой вы – не эксперт.
Спадзяюся, будзе карысна пачытаць тым, хто плануе адукацыйныя праекты, і тым, хто будзе іх экспертна ацэньваць і прымаць рашэнні.
Што такое рэформа адукацыі і калі для яе будзе час?
Пачнем з таго, што любая рэформа пачынаецца з падрыхтоўкі кадраў, а не з напісання новых падручнікаў.
Таму цяпер самае галоўнае, каб усе суб’екты адукацыйнага працэсу ведалі, як працуе сістэма адукацыі, да якой мы імкнемся, што ў адукацыі мае эфект, а што – не, і пачалі рабіць змены ў тым месцы, дзе магчыма. Умоўна кажучы, з’есці вялікі кавалак сыру лягчэй, калі кожны будзе рабіць у ім сваю дзюрку. Адны паціху мяняюць змест, другія – методыкі і тэхналогіі, трэція – сістэму кіравання. З методыкамі прасцей – з дапамогай ТБШ амаль усе настаўнікі ведаюць, куды рухацца і нават вялікая частка педагогаў мае ў сваім арсенале практычны досвед выкарыстання самых сучасных адукацыйных тэхналогій. Самы час узяцца за змест.
Змест
Бадай, самая важная частка. Ён найбольш састарэў, не адпавядае патрэбам рынку працы, забруджаны ідэалогіяй… У змест раней дзяржава не пускала нікога. Але часы змяніліся, з’явілася паралельная школа: анлайн-навучанне, адукацыйныя курсы, рэпетытары, самаадукацыя і нават беларускія школы ў замежжы, але ўсё гэта ідзе ўраздроб, несістэмна – не мае добрага сучаснага зместу і адной мэты. Здаецца, трэба напісаць новыя падручнікі і ўсё будзе ок. І гэта вялікая памылка.
Падручнікі
Падручнікі – наогул, апошняе, што павінна нас цікавіць, калі мы думаем пра змест, бо яны становяцца неактуальнымі раней, чым на іх высыхае тыпаграфская фарба. Каб мець якасныя вучэбныя дапаможнікі (не толькі падручнікі) – трэба якасная ПРАГРАМА. Калі ёсць рамкавая праграма – дзяржава абвяшчае конкурс на іх напісанне. Але дэмакратычная дзяржава нават гэтага не робіць – усё аддае ў рукі камерцыйных выдавецтваў. Яны канкуруюць паміж сабой, шукаюць аўтараў, ствараюць ім умовы, друкуюць сігнальныя экзэмпляры, ствараюць відэа-дадаткі, працоўныя сшыткі, цэлыя навучальныя комплексы і рэкламуюць сярод школ. Настаўнікі толькі выбіраюць з прапанаваных, і школа іх закупляе. Найлепшыя аўтары і выдавецтвы маюць сур’ёзную замову і, адпаведна, прыбытак. Падручнікаў паводле адной праграмы можа быць шмат. Настаўнік можа напісаць свой або наогул ад яго адмовіцца.
На жаль, некаторыя людзі, якія сябе лічаць абазнанымі ў адукацыі, не здагадваюцца, што, любыя навучальныя матэрыялы ствараюцца адпаведна праграмам з мэтамі і стандартамі. Няма сэнсу іх пісаць з галавы. Атрымаецца, марнаванне сілаў і сродкаў.
Праграмы
Дзе ўзяць праграму?
У ідэале праграму па кожным прадмеце трэба напісаць, абапіраючыся на вучэбныя стандарты. Менавіта ў стандартах прапісана што і ў якім узросце павінен ведаць, умець наш вучань. Перакладай на свой прадмет – і гатова!
Вучэбныя стандарты
Калі нехта скажа, што стандарты ў нас ёсць – дык іх не можа быць. Бо як можна распрацаваць стандарты для таго, не ведаю чаго? У адукацыі не прапісана мэта. Без яснай вызначанай мэты школа не ведае, каго і для чаго яна павінна рыхтаваць.
Мэта
Мэта - гэта не прыгожыя, але пустыя словы, напісаныя ў актуальным кодэксе аб адукацыі, а кампетэнтнасная мадэль вучня (такі ідэал выпускніка). Крытэрыі вымярэння кожнай кампетэнцыі – гэта і ёсць стандарты адукацыі.
Калі будзе такая мадэль (мэта), толькі тады можна распрацаваць вучэбныя стандарты, праграмы (змест), якія будуць працаваць на стварэнне такога выпускніка, падабраць адпаведныя методыкі, і толькі потым напісаць падручнікі, навучыць усім гэтым карыстацца настаўнікаў, а праз некалькі гадоў памераць гэтыя кампетэнцыі па распрацаваных крытэрах і зрабіць карэкціроўку праграм, методык, падручнікаў, і так па коле. Гэта называецца Цыкл Дэмінга — мадэль развіцця, якая прыйшла з бізнесу ў адукацыю і працуе. Так робіць увесь свет.
Рэформа адукацыі – гэта і ёсць перманентны працэс кручэння гэтага кола. Мяняецца свет – мяняюцца мэты – мяняецца адукацыя.
З чаго пачаць?
Усё вышэй сказанае запусціць не складана. Толькі тут патрэбна нашая самаарганізацыя і мінімальная каардынацыя.
Галоўнае, каб мы не пачалі мітусіцца, і не ставілі воз перад кабылай. Думаю, цяпер самы час узяцца за змест адукацыі і прывесці яго да такога стану, каб ён адпавядаў патрэбам вучня. Міжнародныя дакументы прапануюць разглядаць іх з чатырох ракурсаў: патрэбы развіцця і самавыяўлення асобы, будучага працаўладкавання, сацыяльнай інклюзіі і актыўнай грамадзянскасці.
Эксперты павінны хуценька вывучыць еўрапейскія рамкавыя дакументы, якія апісваюць тэндэнцыі развіцця адукацыі і рэкамендацыі для стваральнікаў адукацыйных праграм, напісаць паводле іх невялікія рэзюмэ, каб настаўнікі, бацькі і ўсе зацікаўленыя арыентаваліся, і маглі свядома паўдзельнічаць у абмеркаванні мэтаў адукацыі (чаго мы ад яе хочам).
Маючы ясныя мэты, можна стварыць праграмы, зрабіць якасны актуальны змест. Адданых прафесіі людзей у Беларусі шмат, ды і дыяспары дапамогуць у вывучэнні досведу іншых краін. Пасля таго, як мы будзем мець праграмы, можна спакойна брацца за агульнанацыянальную Новую беларускую школу. Няхай на першых парах яна будзе анлайн-офлайнавай. Не важна. Ёй будуць карыстацца беларускія дзеці і настаўнікі ў Беларусі і ў замежжы, бо цяпер галоўнае – якасныя запатрабаваныя веды, а не паперка дзяржаўнага ўзору. І рана ці позна Новая беларуская школа стане асновай новай беларускай адукацыйная сістэмы.
Літаратура:
- Key competences for all - Publications Office of the EU (europa.eu) (https://op.europa.eu/fr/publication-detail/-/publication/40e3f123-b564-11ec-b6f4-01aa75ed71a1/language-en/format-PDF/source-254679928 ) exe summary
- Key competences for all - Publications Office of the EU (europa.eu) (https://op.europa.eu/en/publication-detail/-/publication/a5b0c2a2-b562-11ec-b6f4-01aa75ed71a1/language-en ) study. Final Report
- Key competences for all - Publications Office of the EU (europa.e (https://op.europa.eu/en/publication-detail/-/publication/56046bc9-b16b-11ec-83e1-01aa75ed71a1/language-en/format-PDF/source-254680109 ) recommendations
- ) OECD FUTURE OFEDUCATION AND SKILLS 2030. OECD Learning
Compass 2030. A SERIES OF CONCEPT NOTES
- Рэкамендацыі Еўрапарламента і Рады Еўропы аб ключавых кампетэнцыях навучання на працягу жыцця (2006/962/EC) Recommendation on key competences for lifelong learning, (2006/962/EC), 18.12.2006 — Рэжым доступу: https://eur-lex.europa.eu/legal-content/EN/TXT/?uri=celex%3A32006H0962 (пераклад дакумента па-беларуску тут: https://nastaunik.eu/metoda/quality/9486 ).
У рэкамендацыях сфармуляваны спіс базавых кампетэнцыяў, якімі павінен валодаць чалавек у сучасным інфармацыйным грамадстве. Дае разуменне пра вынікі навучальнага працэсу і кампетэнтнасны падыход.
- Hattie, John. Visible Learning: [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу : https://www.visiblelearningmetax.com/Influences
Па-беларуску агляд кнігі Дж. Хэці тут: https://nastaunik.eu/files/f/1064_mackievic_orsa-romana-fpv.pdf
(Карысна для разумення, якая палітыка ў менеджменце школаў і выбары методык добра ўплывае на навучальныя дасягненні. Кніга “Бачнае навучанне: сінтэз 800 метааналізаў уплыву на дасягненні” прафесара Оклендскага і Мельбурнскага ўніверсітэтаў Джона Хэці абагульняе вынікі 15-гадовых даследаванняў уплыву на навучальныя дасягненні школьнікаў з розных краінаў свету.)
7. Канцэпцыя Новай украінскай школы https://nastaunik.eu/node/15477
Тамара Мацкевіч,
для Nastaunik.info