Як 11-класнікам і настаўнікам гісторыі без стрэсу перажыць 27 красавіка?

21.04.2023

27 красавіка 2023 года ў школах запланаваны рэспубліканская кантрольная работа па гісторыі Беларусі і "Дыктоўка Перамогі".

Згодна з загадам міністра адукацыі для ўсіх 11-класнікаў 27 красавіка 2023 года правядуць рэспубліканскую кантрольную работу па гісторыі Беларусі. Мэта гэтай кантрольнай работы "вывучыць узровень ведаў і ўменняў вучняў 11 класа па прадмеце "Гісторыя Беларусі" і фактараў, якія іх абумовілі". Кантрольная пройдзе 27 красавіка, пачатак яе правядзення 10:00. Напісаць работу трэба будзе за 45 хвілін.

Дэма-версію работы можна паглядзець тут: https://monitoring.adu.by/attachments/article/64/Demo_RKR_History_Bel.pdf

У выпускнікоў і іх бацькоў узнікае шмат пытанняў:

  • Навошта менавіта цяпер праводзіць гэты маніторынг ведаў 11-класнікаў, калі ў іх наперадзе хуткія іспыты і хваляванні праз новы фармат выпускной і ўступнай кампаній — цэнтралізаваныя экзамены ў маі і цэнтралізаванае тэсціраванне ў чэрвені?
  • Няўжо нельга даць 11-класнікам спакойна закончыць школу і добра падрыхтавацца да экзаменаў, якія стартуюць ужо ў маі?

Акрамя рэспубліканскай кантрольнай работы па гісторыі Беларусі для 11-класнікаў (а гэта больш за 50 тысяч навучэнцаў), на гэты дзень 27 красавіка запланавана яшчэ і асветніцка-патрыятычная акцыя "Диктант Победы". Асноўныя задачы гэтага праекта "вывучэнне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, павышэнне гістарычнай пісьменнасці і патрыятычнага патэнцыялу беларускай моладзі". Дыктоўка будзе складацца з 25 заданняў. Іх распрацоўку ажыццяўляе навукова-метадычная ўстанова "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Тэматыка пытанняў закране трагедыю ў Хатыні, генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дыктоўка пройдзе ў адзіны дзень, 27 красавіка, пачатак 14:00 на 180 пляцоўках ва ўстановах адукацыі, культуры, бібліятэках, музеях і іншых арганізацыях. Час напісання працы складзе 45 хвілін. Паводле папярэдніх даных, у дыктоўцы плануюць узяць удзел 5,7 тыс. чалавек.

Таксама ёсць шэраг пытанняў:

  • Чаму гэта дыктоўка, дзе зроблены акцэнт на трагедыі Хатыні і генацыдзе, называецца не дыктоўка Памяці, а дыктоўка Перамогі?
  • Ці можна якасна арганізаваць і нармальна правесці два такіх маштабных мерапрыемствы ў адзін дзень? Настаўнікаў гісторыі ўвогуле можна не шкадаваць?