Еўрапейскі гуманітарны універсітэт запрашае студэнтаў бакалаўрскіх, магістарскіх і аспіранцкіх праграм беларускіх, літоўскіх і замежных ВНУ прыняць удзел у міжкультурным праекце «Еўрапейскі тыдзень».
Праект задуманы з мэтай фармавання платформы для прэзентацыі Беларусі і
беларускай інтэлектуальнай супольнасці еўрапейскім калегам, а таксама для таго, каб азнаёміць беларусаў з працэсамі еўрапейскай інтэграцыі. Арганізатары «Еўрапейскага
тыдня» спадзяюцца, што гэтая падзея стане пачаткам усведамлення і фармавання ўласнай еўрапейскай ідэнтычнасці.
У рамках праекту мяркуецца правядзенне трохдзённай міжнароднай студэнцкай
канферэнцыі і праца трох секцый:
• Беларусь на межах Еўропы
• Еўропа як аб'ект вывучэння
• Цэнзура ў беларускіх медыя
Акрамя таго, удзельнікі канферэнцыі прымуць удзел у тэматычных круглых сталах з вядомымі беларускімі і замежнымі акадэмічнымі дзеячамі, палітыкамі, журналістамі і інш.
Падчас «Еўрапейскага тыдня» адбудзецца шэраг сустрэч з прадстаўнікамі еўрапейскіх арганізацый, фотавыстава і кінапаказы.
Даты правядзення мерапрыемства: 14 – 18 красавіка 2008 г. (Вільнюс, Літва).
Для ўдзелу ў праекце неабходна да 1 красавіка 2008 г. накіраваць у аргкамітэт праекту заяўку вызначанага ўзору (гл. дадатак 1). У заяўцы неабходна даць кароткую анатацыю свайго выступу і пазначыць:
• Тэму дакладу.
• Секцыю (іі), у працы якой вы жадаеце прымаць удзел.
Аргкамітэт праекту праводзіць конкурс заявак, па выніках якога найлепшым
замежным (і іншагароднім) прэтэндэнтам забяспечваецца поўная аплата выдаткаў на праезд і пражыванне. У асобных выпадках па рашэнні аргкамітэту магчыма частковае пакрыццё выдаткаў.
Па выніках канферэнцыі мяркуецца стварэнне электроннай версіі матэрыялаў канферэнцыі і круглых сталоў і выпуск іх у фармаце CD-дыска «Еўрапейскі тыдзень».
Працоўныя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская.
Заяўкі на ўдзел у праекце дасылайце на электронны адрас: euroweek@ehu.lt з пазнакай zajauka.
Праз гэты адрас можна таксама атрымаць кансультацыі па любых пытаннях,
датычных правядзення канферэнцыі.
Паводле http://ehu.lt/
Еўрапейскі тыдзень з ЕГУ
17.03.2008