У суботу, 5 красавіка, распачалася першая ў гісторыі беларускай адукацыі серыя прафесійна-псіхалагічных сумоўяў, без якіх цяпер немагчыма будзе паступаць на спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне», «дзяржаўнае кіраванне і права», «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка», «міжнародныя адносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «мытная справа», «журналістыка», «міжнародная журналістыка». У тых гутарках, што былі прызначаныя на 5 красавіка, прыняла ўдзел больш за тысячу чалавек. Па кожнай спецыяльнасці працавала некалькі камісій, кожная з якіх прымала па 20–30 чалавек.
У чарзе на сумоўе па спецыяльнасцях “Журналістыка. Міжнародная журналістыка”, што адбавалася ў БДУ, кожны абітурыент імкнуўся праявіць свае здольнасці і таленты, як мог: хтосьці прынес з сабой стос публікацыяў у раённых газетах “Прыдзвінне” і “Працоўная трыбуна”, хтосьці – свежы выпуск “Советской Белоруссіі”, хтосьці ўкладаў у вокладку пашпарту членскі білет БРСМ. Многія спрабавалі схіліць думку камісіі на свой бок, перайшоўшы на беларускую мову. Вядома ж, не заўсёды такія прыёмы спрацоўвалі: у пашпарт камісія не глядзела, публікацыі не разглядала, так што нахабныя вынаходнікі маглі прынесці з сабой шматстаронкавыя раздрукоўкі любога тэксту, звонку падобнага да газетных артыкулаў. Праўда, тым, у каго апошнія адсутнічалі, казалі аб маласці шанцаў на паступленне. Інтэрнэт-публікацыі, напрыклад, у выглядзе блога, не прымаліся да ўвагі, называліся “сюрэалізмам”. Не цікавіла чальцоў камісіі ні назва блога, ні ягоны характар, ні рэйтынг. Нават з улікам таго, што многія абітурыенты збіраюцца паступаць на новую спецыяльнасць “Web-журналістыка”, і могуць выпрабоўваць такім чынам свае здольнасці. Таксама камісію цікавіла, ці ведаюць іншагароднія акулы пяра назвы газет родных мясцін і дадаткаў да іх. Праўда, пытанне аб тым, ці чытаюць іх самі тутэйшыя насельнікі, чамусьці не паўставала. Калі ж пытанне аб наяўнасці публікацыяў здымалася, гутарка схілялася ў іншыя бакі: тых, хто мае надрукаваныя вершы, прапаноўвалі іх зачытаць, іншых пыталі аб тым, хто ваш кумір, як завуць рэдактара галоўнай афіцыйнай беларускай газеты і інш. Але ж нягледзячы на даволі розную ступень прафесійнай падрыхтоўкі і апублікаванасці матэрыялаў, рэкамендацыі атрымалі ўсе ахвотныя паступаць на журфак, акрамя адлічанага з 3-га курса грамадскага актывіста Франака Вячоркі. Падобныя вынікі былі і на іншых спецыяльнасцях. Паводле Еўрарадыё, не атрымалася пакарыць першую прыступку да заваёвы годнага звання беларускага студэнта, пяці чалавекам.
Застаецца адкрытым пытанне аб патрэбнасці такога мерапрыемства. Сапраўды, навошта было лішні раз турбаваць і без таго стомленых і знерваваных вучняў-выпускнікоў, калі амаль усе ў выніку рэкамендацыі атрымалі. Магчыма, гэта робіцца для “адаптацыі” псіхалогіі вучняў і настаўнікаў. Ствараецца ўяўленне аб тым, што гэта нібыта “дробная фармальнасць”. Але ж для тых, хто актыўна выяўляе сваю грамадскую пазіцыю, такой фармальнасцю можна лёгка стварыць перашкоду да жыццёвай самарэалізацыі.
Раман Даўжэнка
Першы дзень сумоўяў
07.04.2008