Заява асамблеі “Беларускамоўнае навучанне і выхаванне: нацыянальная бяспека і незалежнасць краіны”
прынятая 23 мая 2008 года грамадскімі аб’яднаннямі “Таварыства беларускай школы” і “Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны”
Абмеркаваўшы стан навучання і выхавання ў адукацыйных установах краіны, прадстаўнікі дзвюх арганізацый канстатуюць, што апошнія 12 гадоў установы адукацыі краіны вымушаны працаваць ва ўмовах крайняй нестабільнасці.
1. Неапраўдана часта змяняюцца вучэбныя планы, праграмы, падручнікі. У канцы 90-х гадоў падставай для замены дапаможнікаў была наяўнасць у іх гістарычнага сімвалу, як, напрыклад, у “Буквары”. Цяпер выключаюцца з праграмаў творы таленавітых, у тым ліку народных, пісьменнікаў. Прапануюць скасаваць – таксама шляхам неапраўданага злучэння ў адну – навучальныя дысцыпліны. Перадузятаму рэфармаванню найперш паддаюцца дысцыпліны, якія фармуюць патрыятызм, грамадзянскія пачуцці, маральныя якасці, эстэтычны густ: літаратура, гісторыя, мастацкая культура.
2. Дзеля г.зв. аптымізацыі зачыняюцца школы, ліцэі, ВНУ, сярод якіх установы, якія складалі гонар беларускай адукацыі, – Беларускі гуманітарны ліцэй з яго рэгіянальнымі філіямі і Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
3. Неабгрунтаваная, амаль штогадовая змена правілаў прыёму ў ВНУ і размеркавання выпускнікоў стварае сітуацыю нераўнапраўя для абітурыентаў і выпускнікоў вышэйшай школы розных гадоў, прыводзіць да зніжэння якасці адбору будучых спецыялістаў, стварае нервовую атмасферу ў грамадстве ў цэлым.
4. Беларуская мова як мова навучання і выхавання, а таксама як прадмет надалей маргіналізуецца, дыскрымінуецца. Ствараюцца ўмовы для паслядоўнага скарачэння колькасці вучняў, якія займаюцца па-беларуску.
5. Пазбаўленне навучэнцкай моладзі, пачынаючы з малодшага школьнага ўзросту, ільготаў на праезд сур’ёзна ўплывае на дабрабыт іхніх сем’яў, стварае дадатковае сацыяльнае напружанне. Да гэтай праблемы істотна дадаецца недахоп студэнцкіх інтэрнатаў.
6. Школы і ўніверсітэты пачынаюць выкарыстоўвацца як інструмент палітычнага ўціску. З ВНУ па надуманых прычынах нават выключаюць найбольш таленавітых і творчых студэнтаў з патрыятычнымі і дэмакратычнымі перакананнямі (Акадэмія кіравання, БДЭУ, ГДУ, МДЛУ, БДУ і інш.). Не на дэмакратызацыю і асобу працуе навязаная кантрактная сістэма, псеўдаграмадскія арганізацыі ў адукацыйных установах.
Пра глыбокі крызіс у адукацыйнай сферы сведчыць неадпаведнасць цяперашняй беларускай адукацыі еўрапейскім стандартам, яе недастатковая фінансавая падтрымка і жорсткі ідэалагічны ўціск. Сотні прафесіяналаў з’язджаюць на працу за мяжу. Моладзевая эміграцыя набыла самыя маштабныя памеры.
Перад новым наступам на беларускую школу, які плануецца ў выглядзе чарговай псеўдарэформы, у абарону прафесіяналізму і педагагічнай кампетэнтнасці выступілі настаўнікі-пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў розных гадоў, былыя работнікі Міністэрства адукацыі, найбольш свядомыя і знаныя ў гэтай сферы спецыялісты. Педагагічная і бацькоўская грамадскасць адчувае страх і трывогу з-за пагрозы рэпрэсіяў.
Непрадбачлівыя ініцыятывы супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі і наваяўленых спецыялістаў у кіраўніцтве краіны адбіваюцца на прэстыжы Беларусі за межамі краіны, на грамадзянскім спакоі і перспектывах устойлівага развіцця дзяржавы. Неабходная сапраўдная рэформа, скіраваная на збліжэнне з еўрапейскімі стандартамі, на выхаванне адукаваных і карысных сваёй краіне грамадзянаў і патрыётаў, але яна нават не планавалася. Пытанне насамрэч не ў працягласці навучання, а ў стаўленні да нацыянальнай сістэмы адукацыі.
Асамблея настойліва рэкамендуе:
• Каб унікнуць паспешлівасці і новых памылак, Міністэрству адукацыі на працягу года правесці работу для асэнсавання і аналізу сітуацыі, навуковага і эканамічнага абгрунтавання і стварэння новай канцэпцыі развіцця беларускай адукацыі, угрунтаванай на нацыянальным і сусветным досведзе.
• Разумеючы найважнейшае значэнне нацыянальна-культурных каштоўнасцяў, беларускай мовы, гуманітарных прадметаў у фармаванні грамадзянскай супольнасці, адказнай за лёс краіны, у выхаванні высокіх чалавечых якасцяў, беларускага патрыятызму, адпаведна прадставіць у школьных вучэбных планах “Беларускую мову”, “Беларускую літаратуру”, “Гісторыю Беларусі”, “Айчынную і сусветную мастацкую культуру”, а таксама аднавіць экзамен па беларускай літаратуры.
• Усведамляючы, што людзі нараджаюцца з неаднолькавымі магчымасцямі і задаткамі, пазбягаць непедагагічнага прынцыпу “адзін капыл” пры стварэнні канцэпцыі размеркавання сістэмы класаў і тыпаў устаноў (паглыбленыя, профільныя; гімназіі, ліцэі і г.д.), зберагчы створаную і апрабаваную сетку гімназіяў, ліцэяў, ліцэйскіх класаў.
• З мэтай набліжэння нашай адукацыі да сусветных нормаў, росту яе прэстыжнасці ў грамадстве распрацаваць захады дзеля дапасавання сістэмы айчыннай адукацыі да Балонскага працэсу.
• Забяспечыць належны кантроль за выкананнем канстытуцыйных нормаў выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах рэспублікі, Пастановы Міністэрства адукацыі ад 27 жніўня 2002 г. “Праграма дадатковых мер па пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі”.
Асамблея выступае з ініцыятывай правядзення сёлета Бацькоўскага Форуму з удзелам прадстаўнікоў бацькоўскіх радаў і бацькоўскіх камітэтаў школ краіны з мэтай абмеркавання планаванай рэформы адукацыі.
Заява ТБШ і ТБМ
29.05.2008