У Мінску працуе выстава «Зямля і космас Язэпа Драздовіча»

18.10.2008

15 кастрычніка ў Менску ў Доме-музеі I з'езду РСДРП адкрылася выстава «Зямля і космас Язэпа Драздовіча», прысвечаная 120-годдзю са дня нараджэння аднаго з заснавальнікаў нацыянальнага гістарычнага жывапісу, майстра дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва, скульптара, этнографа, фалькларыста, археолага, педагога і пісьменніка Язэпа Драздовіча.

У экспазіцыі прадстаўлена 177 твораў графікі, жывапісу, разьбярства па дрэве, у тым ліку знакамітыя маляваныя насценныя дываны «З замкам над возерам. Накцюрн» і «Тракайскі замак», творы, прысвечаныя касмічнай тэме, матэрыялы навуковых даследаванняў па астраноміі, а таксама фрагменты яго археалагічных калекцый.


Па словах доктара філалагічных навук Арсена Ліса, адкрыццё Я.Драздовіча як мастака адбылося паўстагоддзя таму. «Гэта быў выбітны графік, які афармляў першыя беларускія перыядычныя выданні, у тым ліку газету «Наша Ніва», першыя выданні беларускага каляндара. Гэта быў выбітны асветнік, які ўдзельнічаў у заснаванні беларускіх школ, дзе сам і выкладаў", — сказаў навуковец.

Паводле naviny.by