Настаўнікі будуць шукаць новую працу

25.11.2008

Настаўнікі, якія ўратаваліся ад скарачэнняў, будуць шукаць новую працу

Праблемы беларускай 11-гадовай сярэдняй школы “Еўрарадыё” абмеркавала з Уладзімірам Здановічам, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, старшынёй Камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе.
Беларускія школьнікі перажылі першую чвэрць навучальнага года. Менавіта перажылі, бо вяртанне да 11-гадовай сярэдняй школы пасля некалькіх гадоў 12-годкі складана назваць іначай як цяжкім іспытам. Яго здаюць усе: ад першакласнікаў да рэктараў беларускіх ВНУ, якім у ліпені 2009-га давядзецца разбірацца са 107 тысячамі выпускнікоў – “з рыскай” ды “без рыскі”...


Еўрарадыё: У ранейшых інтэрв’ю Вы называлі неспадзяванае вяртанне да 11-годкі і “дыверсіяй”, і “вяртаннем у пячорнае стагоддзе”. Ці спраўдзіла першая чвэрць навучальнага года Вашыя меркаванні?
Ул. Здановіч: У пэўны час я выказваў наступныя меркаванні наконт мэтазгоднасці 11-годкі: у прынцыпе, яна мае права на жыццё, але трэба тым вучням, якія пераходзілі на 12-годку, даць скончыць школу! Цяпер падчас абмеркавання таго, якая сістэма лепшая, што лепш – 12 ці 11 – ніхто не зможа даць пэўны адказ, бо няма з чым параўноўваць!
Еўрарадыё: Ці ва ўсіх сярэдніх навучальных установах нармальна ўспрынялі 11-годку?
Ул. Здановіч: Заўважу, што становішча ў нашых школах пакуль даволі спакойнае. Нам удалося на гэтых першых месяцах працы ў 2008–2009 навучальным годзе пазбегнуць звальнення настаўнікаў са школ. Прынамсі, масавага звальнення. Гэта адбылося таму, што раней у беларускіх школах не вельмі спяшаліся дзяліць класы на групы. Але зараз такое дзяленне правялі, і таму з’явілася большая колькасць гадзін.
Еўрарадыё: Класы сталі меншыя, гадзін стала больш, і...
Ул. Здановіч: ...і таму настаўнікаў ніхто не звальняў. Што датычыцца навучальных дапаможнікаў і падручнікаў, праграмы вярсталіся вельмі хутка, летам, але атрымаліся даволі лёгкімі для ўспрымання. Асабліва – для тых настаўнікаў, якія працуюць у школе не першы год. Праграмы і навучальныя дапаможнікі вялікай ролі ў іх працы не адыгрываюць. Праблема не вырашаная з падручнікамі для класаў “з рыскамі”. З другога паўгоддзя. Электронныя варыянты такіх падручнікаў існуюць, але, зразумела, не ў кожнай школы ёсць рэсурсы, каб гэтыя падручнікі спампаваць і раздрукаваць на ўсіх. Але, я спадзяюся, пасля Новага года з гэтымі падручнікамі праблемаў не будзе.
Еўрарадыё: Як на якасць адукацыі паўплывала ўвядзенне сістэмы факультатываў замест профільных класаў?
Ул. Здановіч: Што тычыцца ўвядзення факультатываў замест паглыбленага вывучэння і профільнага вывучэння, якое было раней – мне здаецца, што тут адбылося зніжэнне якасці навучання. У агульным, у маштабах краіны. Бо на факультатывы, натуральна, прыходзяць толькі тыя вучні, якія хочуць вучыцца, бачаць сваё далейшае жыццё ў ВНУ, астатнія іх ігнаруюць. І на факультатывах людзі атрымліваюць менш ведаў, чым пры навучанні ў профільных класах!
Еўрарадыё: Факультатывы, на якія ў гэтым годзе замененыя профільныя класы, сапраўды наведваюць не ўсе. Але не толькі праз тое, што вучні не маюць цікавасці да паглыблення ведаў. Справа ў тым, што факультатывы вынесеныя па-за сетку асноўных заняткаў, што робіць іх наведванне... мякка кажучы, нязручным.
Ул. Здановіч: Тут ёсць праблема, і з гэтай праблемай да мяне звярталіся настаўнікі... Я не буду казаць, з якіх школ і мястэчкаў. Атрымліваецца вось што. Напрыклад, заняткі пачынаюцца ў другую змену, а факультатыў – з раніцы, а 8-й. Ён вымушаны спачатку прыехаць на факультатыў, потым у яго некалькі гадзін для адпачынку. Ён можа паехаць дахаты, паснедаць, а потым – ізноў заняткі. Такім чынам, ён у школе цэлы дзень – ад 8-й раніцы да 8-й увечары...
Еўрарадыё: У такім выпадку навучэнцы губляюць не толькі час, але і грошы за праезд?
Ул. Здановіч: Праблема таксама і з набыццём праязных білетаў. Таму што ў нас жа няма зараз магчымасці забяспечваць усіх вучняў агульнаадукацыйных школ бясплатным праездам да месцаў навучання. Гэта накладна ў буйных гарадах.
Еўрарадыё: Які выхад вы бачыце з гэтай сітуацыі?
Ул. Здановіч: Адміністрацыя школ не павінна літаральна выконваць усе прапановы, з якімі выступае міністэрства адукацыі. Напрыклад, паўгадзіны пасля заняткаў прайшло, і для адпачынку гэтага дастаткова. Тады можна ставіць факультатыў у расклад. Гэта будзе больш кампактна, і з’явіцца больш вольнага часу – так бы мовіць, непустога часу ў вучняў.
Еўрарадыё: Як вынік “недападрыхтаванасці” вучняў – меркаванае спрашчэнне цэнтралізаванага тэставання? Уяўляю сабе сітуацыю: тэсты простыя, усе абітурыенты, якіх за кошт класаў “з рыскай” нашмат больш, чым у мінулым годзе, паказваюць амаль аднолькавы вынік і набіраюць прахадны бал. Але ВНУ ж не гумовыя...
Ул. Здановіч: Калі ўводзілася 11-годка, былі такія выказванні: калі выпуск з сярэдняй школы будзе большы – прыём у ВНУ не толькі не зменшыцца, але нават і павялічыцца! Але зараз, калі першая чвэрць скончылася, кажуць ужо іншае: не хвалюйцеся, колькасць месцаў не зменшыцца! Аб павелічэнні чамусьці ніхто ўжо нават не кажа! Гэта мяне здзіўляе. Але я лічу, што асаблівых праблем не будзе. Калі паглядзець на папярэднія гады – у сярэднім школу заканчвала 90 тысяч выпускнікоў. Зараз – 107 тысяч прыкладна. Да іх трэба дадаць выпускнікоў сярэднеспецыяльных навучальных устаноў – гэта і будзе асноўная маса абітурыентаў. Адрыў ад папярэдніх гадоў не вельмі вялікі!
Еўрарадыё: А ці тое самае з базавай адукацыяй?
Ул. Здановіч: Пасля 9 класа ў гэтым годзе будзе выпуск у 240 тысяч чалавек. Таму што былыя 8-класнікі і былыя 9-класнікі – усе яны зараз лічацца вучнямі 9-х класаў! Гэта ў 2 разы больш, чым у папярэднія гады. Давайце глядзець: частка з іх пяройдзе ў 10-ы клас. А астатнія захочуць вучыцца ў ПТВ і ў сярэднеспецыяльных навучальных установах. Ці хопіць ім месца? І наогул, глядзіце, наколькі менш у школах на наступны год будзе дзяцей! У першы клас у 2009 годзе пойдзе каля 92 тысяч вучняў. А скончыць 11 клас 107 тысяч чалавек. Гэта мінус 15 тысяч школьнікаў. Прыкладна 40% ад 240 тысяч уладальнікаў атэстата аб базавай адукацыі таксама сыдуць са школы – гэта яшчэ мінус 100 тысяч чалавек. Такім чынам, у 2009 годзе колькасць вучняў у беларускіх школах зменшыцца прыкладна на 105 тысяч, што складае каля 10% ад агульнай колькасці школьнікаў. Прагноз несуцяшальны: настаўнікам, якія у гэтым годзе нейкім цудам уратаваліся ад скарачэнняў, на наступны год дакладна давядзецца шукаць новую працу.


Зміцер Глінскі
Паводле «Еўрарадыё»