«Выпаў грук паэтаў з рук»

08.01.2009

У мінскім выдавецтве “Радыёла-плюс” выйшла кніжка дзіцячых вершаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна “Выпаў грук у грома з рук”. Тут сабраныя як дзіцячыя вершы мінулых гадоў, гэтак і сённяшнія вершы Барадуліна для маленькіх, дзе з'яўляюцца такія сучасныя рэаліі, як інтэрнэт, мабільнік, ролікі… Пра кніжку распавядае яе выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.



У.Сіўчыкаў: Гэта не першая кніжка Барадуліна для дзетак – такія кнігі ўжо выходзілі і ў “Юнацтве”, і ў іншых выдавецтвах. І калі я дазнаўся, што ў адным зь дзяржаўных выдавецтваў нават не некалькі месяцаў, а некалькі гадоў ляжыць рукапіс для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, то з радасьцю прапанаваў перакінуць яго да нас. Так і сталася. Кніжка пад назваю “Выпаў грук у грома з рук” і падзагалоўкам “Вершы, загадкі, лапатушкі, цвялілкі, бубнілкі, пацешкі чакаюць усмешкі” якраз днямі пабачыла свет.


А вось гэтыя ўсе жанры, якія прыведзеныя ў падзагалоўку, – гэта арыгінальныя прыдумкі дзядзькі Рыгора?


У.Сіўчыкаў: Мне здаецца, што ў большасьці – так. Можа быць, “загадкі” і “пацешкі” можна сустрэць дзе яшчэ. А ўсе гэтыя “бубнілкі” і “цвялілкі” – я не чуў, каб нехта называў свае вершы так.


Спадар Уладзімер, наколькі я разумею, у гэтую кніжку ўвайшлі ня толькі вершы дзядькі Рыгора для дзяцей, але й вершы іншых паэтаў, перакладзеныя Барадуліным?


У.Сіўчыкаў: Кніжка сапраўды складаецца з двух раздзелаў. У першым – уласна аўтарскія, барадулінскія рэчы. А ў другім – ізноў жа, барадулінскія, але гэта, хутчэй, не пераклады з іншых моваў, а пераспевы, адвольныя пераказы. Вось, да прыкладу, адна з рэчаў Яна Бжэхвы “Лятучая карова”, як вы можаце здагадацца, пра карову, якая хацела лётаць:


...Аблокі ела ля небакраю,


Удосыць насыціўшыся, сказала:


“Не птушкай – кароваю быць жадаю” –


І тут жа долу ціхутка ўпала.


Вы скажаце, што нясу несусвецце?


А я распавёў, як здарэнне хацела.


Бо ведаю: у жаўруковым павеце


Карова была, што лётаць умела.


Вось гэткім чынам лятучая карова з аднайменнага верша польскага класіка Яна Бжэхвы загаварыла па-беларуску.


Распавесьці пра ўласныя вершы для дзяцей я папрасіў самога Рыгора Барадуліна.


Дзядзька Рыгор, скажыце, адкуль пасьля “сур’ёзных” кніжак вашых вершаў узялася гэтая кніга для дзяцей?


Р.Барадулін: Разумееце, я неяк увесь час паралельна займаўся дзіцячымі вершамі. Да таго, як мяне перасталі выдаваць у дзяржаўных выдавецтвах, у мяне многа выходзіла дзіцячых кніжак. А цяпер дайшло да таго, што калі ў так званым “новым” Саюзе пісьменьнікаў пералічалі дзіцячых паэтаў, дык мяне нібыта і няма... А я нават рады, што мяне няма ў той кампаніі!.. Я змалку любіў казкі, якія слухаў ад мамы. І вершамі сваімі я практычна гадаваў і дачку, і ўнучку – па сямейнай службе ў мяне дзіцячыя вершы!.. (усьміхаецца)


Дзядзька Рыгор, а ці не было складана Вам прыстасавацца да сучасных рэаліяў і напісаць вершы пра мабільнік, інтэрнэт, ролікі?


Р.Барадулін: Акружаны такімі абставінамі, што воляю-няволяй будзеш падпарадкоўвацца сучаснасьці. Таму што ня толькі ж пісаць пра лапці ды аборы...


А ці пішуцца Вам дзіцячыя вершы цяпер?


Р.Барадулін: Патроху парой прыходзяць у галаву...


На заканчэнне прапаную вам верш Рыгора Барадуліна “Павуцінне” з ягонай новай кнігі


Ёсць павук, нябачны, быццам сон,


Павуцінаю няўлоўны ён.


Абвівае шар зямны з імпэтам.


Той павук завецца інтэрнэтам.


Што было, што ёсьць,


Што будзе ў свеце –


Зьвесткі ёсць пра ўсё ў інтэрнэце.


З дому не выходзячы нікуды,


Можаш слухаць птушак, быццам цуды.


Ні пяра не трэба, ні паперы


Сябру ліст прыслаць. Нячутна ў дзверы


Грукнецца нябачны пашталён,


Ліст у той жа міг уручыць ён.


Слухай інтэрнэт, чытай, пішы –


Але і сам мазгамі варушы!



Арцём Багданаў, Мінск


«Польскае радыё для замежжа»