Калядныя рэйды ТБШ

16.01.2009

Падыходзяць да заканчэння гасцявыя рэйды ў мінскія беларускамоўныя школы і садкі, якія наладзілі прадстаўнікі Таварыства беларускай школы.
Напярэдадні Новага года ТБШ ужо наведала СШ № 60, гімназіі № 14 і 23. Асноўная мэта сустрэч – калядныя віншаванні і ганараванне дыпломамі ТБШ “За прафесійнае майстэрства і выхаванне нацыянальнай свядомасці будучых актыўных грамадзян незалежнай Беларусі” лепшых педагогаў, якія выкладаюць па-беларуску, уручэнне невялікіх падарункаў навучальным установам і настаўнікам.
Да фармавання падарункаў далучыліся шматлікія грамадскія арганізацыі. “Цэнтар Супольнасць” падараваў школам розныя метадычныя дапаможнікі, літаратуру па грамадзянскай адукацыі, а таксама запісаў адмысловы DVD дыск “Гадуем беларусаў”, у які ўвайшлі сцэнары дзіцячых святаў, гульні, метадычныя матэрыялы па краязнаўстве і этнашколе, песенькі для маленькіх, аўдыёкнігі, казкі, чытанкі, мультфільмы, мастацкія фільмы і шмат чаго карыснага для настаўніцкай працы. Грамадскае аб’яднанне “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” прэзентавала настаўнікам гістарычныя кнігі, Аб’яднанне бацькоў з Беласточчыны “АБ-БА” падаравала кожнай школе беларускі лемантар – каляровы набор літар алфавіта, які стварыла выдатная беларуская настаўніца з Беластоку Аліна Ваўранюк. Беларуская школка ў Нью-Ёрку і культурна-адукацыйная фундацыя Орса-Рамана дапамаглі сфармаваць для кожнага беларускага садочка вялікія наборы дыскаў і касет з мультфільмамі, казкамі, песенькамі, а настаўнікам яны падаравалі кнігі беларускіх класікаў: Янкі Купалы, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча і іншых. А кампанія “Будзьма!” дапамагла аздобіць падарункі адмысловымі торбачкамі, віншавальнымі паштоўкамі. Ад імя ТБШ педагогаў віншалі Алесь Лозка, старшыня, і Тамара Мацкевіч, намесніца старшыні грамадскага аб’яднання.

На фоне шматлікіх перадкалядных турботаў, а таксама бясконцых рэформаў, праверак, бюракратычных патрабаваньняў, школьныя і дашкольныя ўстановы з задавальненем віталі гасцей з падарункамі і віншаваннямі. У сярэдняй школе г. Мінска, № 60, адзінай, дзе арганізавана навучанне па-беларуску ва ўсіх класах, гасцей весяліў традыцыйнымі песнямі калядны гурт школьнікаў з “зоркай” і “казой”. Падарункі і дыпломы ТБШ атрымалі настаўнікі гісторыі Людзміла Крыловіч і Аксана Хахлова, якія шмат намаганняў удзяляюць краязнаўчай працы.

Плённая размова адбылася ў сталічнай гімназіі №14, дзе сёлета ў чатырох першых беларускіх класах навучаецца 84 вучні (падобны вялікі набор адбыўся яшчэ толькі ў 4-й гімназіі). Дарэчы, ў гімназіі №14 працуе знакамітая настаўніца хіміі Тэрэса Іванаўна Мятліцкая, якая сёлета стала пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі". Дырэктар Святлана Босая распавяла пра іншыя поспехі гімназіі. Ганараванні ад ТБШ атрымалі Марыя Гарохава, намеснік дырэктара, Дзмітрый Ровенскі, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля “Дударыкі”, Святлана Собаль, загадчык бібліятэкі, Наталля Шурдзякова, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

У гімназіі №23, што на праспекце Незалежнасці, былі ганараваны разам з дырэктарам Нінай Нікіцінай у асноўным выкладчыкі, якія развіваюць у дзяцей мастацкія здольнасці (спевы, танцы, выцінанка і г.д.). Гэта – Алена Туміловіч, Вікторыя Бельчанка, Наталля Гамаюнава, Ірына Моніна. Але настаўніцкі калектыў гімназіі унікальны. Тут працуюць выдатныя філолагі-мовазнаўцы, якія выкладаюць шведскую, кітайскую, польскую ды англійскую мовы па-беларуску, вартыя адмысловых ўзнагарод ад ТБШ.

Дзіцячым садкам, № 187, дзе гадуюцца 4 групы беларускамоўных дзетак, і № 534, што мае аж 12 беларускіх групаў, вельмі пашанцавала з загадчыцамі. Гэта дачуваецца адразу, калі ўваходзіш у садочкі. Таццяна Юрчык, загадчыца дзіцячага садка №187 і Ларыса Урулёва загадчыца дзіцячага садка №534 атрымалі дыпломы ТБШ за неабыякавае стаўленне да сваёй працы. Пра такіх кажуць, што яны аддюць працы ўсю душу. Яны здолелі не толькі сабраць найлепшых дашкольных педагогаў для дзетак, зрабіць музеі, знайсці сучаснае абсталяванне, здабыць мільёны цацак-лялек, нават зрабіць жывы куточак з хамячком і чарапашкамі, але і пасяліць беларускую дух ў свае садочкі. А наогул, ў Мінску існуе каля 100 беларускіх груп у садках.

ТБШ яшчэ наведала дзіцячы садок № 202, дзе ёсьць 2 беларускія групы. Педагогі гэтага садочка распавядалі пра жаданне мець яшчэ больш беларускіх групау, скардзіліся на недахоп метадычных распрацовак для беларускамоўных дзетак, што цяжка знайсці ў продажы беларускія дзіцячыя песні, музыку для фальклорных святаў, сцэнары. Таму былі вельмі ўзрадаваныя атрыманым як па замове падарункам: касетам, дыскам, мультфільмам, метадычнай літаратуры. Асабліва ўпадабалі кнігу “Скарбонка гульняў”, якую выдалі грамадзкія арганізацыі “Чазенія” і “Цэнтар Супольнасць”.

Дыпломамі ТБШ былі ўзнагароджаныя Наталля Анішчук, Ларыса Баброва, Марына Салавей — выхавацелі ДДУ № 187 Мінска, Святлана Купрэйчык, Галіна Грыгор’ева, Аксана Шкрэдава, Галіна Кішкурна, Святлана Занімон – выхавацелі ДДУ №534, а таксама Ірына Юркевіч, загадчыца ДДУ №202, і выхавацелі Наталля Рак і Тацяна Тарлоўская.

У гімназіі №9 г. Мінска ганараванне адбылося падчас педагагічнай нарады, на якой прысутнічалі ўсе настаўнікі. Дыпломы атрымалі Марына Янчэўская, Інэса Андрыянава, а таксама дырэктар – Ларыса Апалінская, якая пры атрыманні дыплома ТБШ пажартавала, што з-за такой ўзнагароды яна можа пазбавіцца працы. Дарэчы, калі б такі ўплыў мелі ўзнагароды грамадскіх арганізацыяў на кадравыя рашэнні адукацыйнага начальства, то ТБШ б дакладна не пераводзіла свае дыпломы на настаўнікаў. Лепш бы пачало з тога самага начальства, якое прыдумляе непадрыхтаваныя рэформы, ды стварае перашкоды для развіцця беларускамоўнага навучання.

У гімназіі №4, якой кіруе пераможца конкурса ТБШ, лаўрэат звання “Беларускі настаўнік 2007 года” Юры Бандарэнка, сёлета адзначана праца выкладчыкаў Алены Калтовіч (беларуская мова), Уладзіміра Дземідовіча (гісторыя), Кацярыны Богдан (пачатковыя класы), Ірыны Дземідовіч (англійская мова), а таксама намеснікаў дырэктара Наталлі Юшкевіч і Галіны Філіпёнак.

Сёлета мінскай СШ №2 нададзены статус гімназіі (№28). Усе класы тут маюць беларускую мову навучання, гімназія спецыялізуецца на вывучэнні замежных моваў. Вялікая заслуга ў гэтым, безумоўна, былога дырэктара Аляксандра Сядзякі – намесніка старшыні ТБШ, выдатнага выкладчыка фізікі, які за свае педагагічныя, мовазнаўчыя таленты і грамадзянскую працу атрымаў ад ураду Францыі ордэн Акадэмічных пальмаў. ТБШ узнагародзіла выкладчыкаў гімназіі № 28 Таццяну Куракевіч (пачатковыя класы), Вольгу Грышкевіч, Наталлю Штанюк і Наталлю Дабравольскую (беларуская мова).

ТБШ мае намер наведаць яшчэ некалькі дзіцячых садкоў і школаў.

Фотарэпартаж з садкоў
Фотарэпартаж са школаў

16.01.2009 Алесь Лозка, Тамара Мацкевіч