Пасля доўгіх і насычаных зімовых канікул я хвалявалася: як сын, вучань 9-штрых класса, пачне 3-ю чвэрць? Першыя два навучальныя дні некалькі супакоілі: у чацвер сын прынёс 8 па хіміі, у пятніцу — 7 па матэматыцы. Таму спакойна зазірнула ў дзённік і аслупянела: у пятніцу ў радку «фізіка» рукой сына было напісана «Не падрыхтаваны да ўрока» і стаяла рашучая, тлустая «адзінка» з подпісам настаўніцы. Напярэдадні я пыталася ў сына, ці зроблены ўрокі, і ён упэўнена адказаў: «Так!»
— Што гэта?! — патрабавала я адказу ад свайго дзіцяці.
— А гэта за тое, што ў мяне не было сшытка.
— Як гэта — «не было»?! Я ж бачыла, як ты збіраў сумку, і сшытак бачыла.
— А нам у чацвер сказалі, што з другога паўгоддзя трэба заводзіць новыя сшыткі.
Я здзівілася:
— Дык старыя ж спісаны толькі напалову.
— Ну, не ведаю... Фізічка сказала, каб мы завялі новыя. Дарэчы, і па хіміі трэба, і па матэматыцы... Я думаў, што ў мяне ёсць чыстыя, а вечарам паглядзеў — няма. Дык я зрабіў хатняе заданне на лістку і перад урокам паказаў настаўніцы, сказаў, што на наступным уроку сшытак будзе і я ўсё ў яго перапішу. Дык яна закрычала, каб я напісаў у дзённіку, што не падрыхтаваны да ўрока, і паставіла «адзінку».
Я не ведаю, чым выклікана неабходнасць заводзіць новыя сшыткі замест напалову запоўненых старых. Увесь час пераемнасць ведаў была адной са складаючых паспяховага навучальнага працэсу. Мала таго, што вучні 9-штрых класа галопам праскакалі па праграме 9-га класа, што 3-ю чвэрць пачалі без многіх падручнікаў для 10-га класа, дык, відаць, камусьці вельмі захацелася, каб яны не маглі ў любы момант зазірнуць у сшытак, каб асвяжыць у памяці нейкую формулу ці азначэнне з таго, што вывучалі ў першых дзвюх чвэрцях. Як у Райкіна: «Забудзьце ўсё, чаму вас вучылі ў 1-м паўгоддзі...»
Але гэта адзін бок медаля. Другі — так, можа, нехта выдае няўцямныя распараджэнні, якія цяжка патлумачыць з пункту гледжання здаровага сэнсу. Але ж нехта іх выконвае. І па ступені стараннасці пры гэтым можна меркаваць аб чалавеку, аб яго прафесійных якасцях і прыярытэтах. Што, над настаўніцай фізікі ў той момант стаяў чыноўнік — вынаходнік новых тэхналогій у навучанні, ці завуч, што яна вымушана была выказаць такое службовае рвенне? І ці адпавядае адзнака 1 ступені непадрыхтаванасці майго сына да ўрока (калі ўжо слепа следаваць патрабаванням арфаграфічнага рэжыму)? І ўвогуле, у чым настаўніца бачыць сваё прызначэнне на гэтай працы — у тым, каб навучыць фізіцы, ці ў тым, каб выканаць загад зверху?
Аляксандра БАТУРЫНА
«Народная воля»
Як мой сын прынёс са школы «адзінку»
16.01.2009