Ударым рок-н-ролам па непісьменнасці

22.03.2009

Будучым летам споўніцца тры гады з дня выхаду ў сьвет грунтоўнага кніжнага тому “222 альбомы беларускага року” вядомых музычных аналітыкаў Вітаўта і Анатоля Мяльгуя. За гэты час кніга мела шырокі розгалас у дзяржаўнай і незалежнай прэсе, атрымала адмысловую карону на фэстывалі “Рок-Каранацыя”, а з 2007-га трапіла ў праект «Беларуская інтэрнэт-бібліятэка», дзе на працягу 16 месяцаў знаходзілася ў спісе 25 найбольш папытовых топаў названага парталу. А калі прыгадаць яшчэ й першы том названых аўтараў (“Праз рок-прызму”, 1989, New York), дык тут увогуле круглы юбілей – 20 гадоў!
Нягледзячы на маштабныя прэзэнтацыі кнігі ў клубах і канцэртных залах Мінска, Баранавічаў, Воршы, Полацку ды іншых гарадоў Беларусі, цікавасць да ўнікальных выданьняў і ягоных аўтараў не змяншаецца. І вось нядаўна ў канфэрэнц-залі Таварыства Беларускай Мовы лэйбл “БМАgroup” наладзіў яшчэ адну тэматычную сустрэчу для беларускіх настаўнікаў, якая мела назву “Маскультура ў школьнай праграме”.

На сустрэчу ў Мінск прыехалі настаўнікі з Гародні, Берасця, Маладзечна, Смалявічаў, Гомеля, Віцебска, былі журналісты сталічных газет, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый. Пасьля ўступнага слова Ірыны Коваль, сакратара грамадзкага Архіву Найноўшай Гісторыі “Дыярыюш”, больш за гадзіну Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльґуй распавядалі пра рэцэнзаваныя ў кнізе літаратурна-музычныя праекты беларускіх выдаўцоў, дзе ў розных жанрах сучаснай музыкі ажывае наша сучасная, класічная і архаічная паэзія: трыб’ют-альбомы меладычных песень на вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Геніюш, Сяргея Новіка-Пяюна, аўтарскія кружэлкі папулярных артыстаў (Змітра Вайцюшкевіча, Вальжыны Цярэшчанкі, Тацьцяны Беланогай, гуртоў «Tesaúrus», “P.L.A.N.”, “DeadMarsh”) з новым гучаньнем паэзіі Рыгора Барадуліна, Сяргея Законьнікава, Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Някляева, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна.

Журналісты таксама прывялі прыклады з названай кнігі, калі беларуская песня дапамагае юнаму пакаленню асэнсаваць ня толькі айчынную, але і замежную паэзію: Робэрт Бёрнс у песьнях “P.L.A.N.”, Эміль Вэрхарн у песьнях "”Asguard”, японскія паэты ў песнях Вайцюшкевіча; і ўсё гэта ў дасьціпных беларускіх перакладах, у вельмі разнастайным спектры стыляў – ад блюзу і рок-н-ролу да цяжкога авангарднага металу.

Але каштоўнасць масавай папулярнай песьні на думку вядомых аўтараў не абмяжоўваецца літаратурным зьместам твораў, бо менавіта ў песьнях можна адшукаць і актуальны грамадскі водгук на падзеі жыцця, і гістарычныя загадкі, пашырыць асацыятыўнасць мастацкіх вобразаў. Напрыклад, няўжо ня стануць больш пераканаўчымі ўрокі гісторыі, калі вобраз нашага славутага змагара Кастуся Каліноўскага падмацуе песьня Эдуарда Акуліна “Сляза па Кастусю Каліноўскаму”? Няўжо вучням не дапаможа асэнсаваць спрэчную асобу генэрала Станіслава Булак-Балаховіча адна з песень Андрэя Плясанава: “Калі станем людзьмі, пабудуем тут горад, назавем яго проста – Балаховічаўград”? Няўжо не стануць больш натхнёнымі ўрокі маляваньня ў школе пад рамантычныя вобразы кампазыцыяў гурта “zIGZAG” (“Палымянае неба", «Птушкі", «Гара»)? А вывучэнне гісторыі і літаратурных помнікаў “Слова пра паход Ігаравы», “Статут Вялікага Княства Літоўскага”, бітваў пад Грунвальдам і Воршай ці не стануць зразумелымі пад надзвычай папулярныя песні гуртоў «Стары Ольса», “Testament”, «Камэлот»? Дый нават вывучэнню геаграфіі маглі б дапамагчы песні кшталту «Нёман» Нестара Сакалоўскага з праекта «Я нарадзіўся тут», «Па дарозе з Вільні на Полацак» Леры Сом, «На месцы Аршанскае бітвы» Андрэя Мельнікава, «Жураўлі на Палессе ляцяць» гурта «Песняры», «Беларусь» гурта “Znich”, «Белавежская пушча» Данчыка. Дый хіба рытмічныя зонгі “N.R.M.” сапсуюць урокі фізкультуры? А яны ж, больш таго, умацуюць працэс самаідэнтыфікацыі грамадзяніна Беларусі.

Галоўнай высновай Вітаўта і Анатоля была ідэя татальнага вяртання беларускага кантэксту ў беларускія школы, каб выхоўваць не маргіналаў памерлай імпэрыі, якія за доступ да харчовага карыта толькі і чакаюць чужой всказівкі, а паўнавартасных грамадзян краіны Беларусь, здольных жыць і радавацца жыццю. Адным словам: народ, які страціць нацыянальную маскультуру, не будзе мець увогуле ніякай адметнай культуры. Таму жыве рок-н-рол!

Завершылася сустрэча ў Таварыстве Беларускай Мовы адказамі Мартыненкі і Мяльгуя на надзённыя пытанні настаўнікаў, пакінуўшы адчуваньне ўзаемнага абагачэння духовым досведам. Асабліва цікавым у гэтым сэце апынуўся амаль дэтэктыўны расповед журналістаў пра факт свайго першага кніжнага праекту ў ЗША, калі рукапіс беларускай кнігі пра сучасную музыку давялося таемна перапраўляць амэрыканскім выдаўцам з пэўных трэціх краін, затое потым яна стала набыткам не толькі буйнейшай у свеце Бібліятэкі кангрэсу ЗША (каталогавы №89–62683), але і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (№1Ба 15880). А настаўнікі на сутрэчы ў ТБМ атрымалі яшчэ і падарунак ад выдаўцоў: камплект дыскаў беларускай папулярнай музыкі (і такіх папулярных, як “Guda”, «Я нарадзіўся тут», «Стары Вольса», трыб’юты «Жыць для Беларусі" Ларысе Геніюш і «Дні лятуць» Сяргею Новіку-Пяюну) ды той самы том пра яе – «222 альбомы беларускага року».

Яніна ІЛЬЯШЭВІЧ


Паводле www.AntiShow.Biz