Алесь Язвінскі: Патомны настаўнік з Нясвіжа
Паводле Нашай Нівы
Алесь Язвінскі нар. у 1957 у вёсцы Омельна Пухавіцкага раёна. Ад 1979 выкладае фізвыхаванне ў школе №3 Нясвіжа. Жанаты. Мае двух сыноў і дачку.
Яго дзед скончыў у пачатку ХХ ст. Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, каля сарака гадоў настаўнічаў. Унук мае ўсе шанцы дагнаць продка — ён распачаў чацвёрты дзясятак гадоў на нялёгкай школьнай ніве.
«Я сам скончыў гэтую школу, больш за трыццаць гадоў выкладаю ў ёй. Унукі маіх колішніх вучняў хутка пойдуць вучыцца», — расказвае настаўнік фізкультуры Нясвіжскай школы №3 Алесь Язвінскі. 15 студзеня яго разам з пяццю настаўнікамі Міншчыны, сябрамі апазіцыйных партый, выклікала загадчыца ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таіса Данілевіч, каб выставіць ультыматум: або праца, або партыя. Алесь Язвінскі абраў трэці шлях — звярнуўся ў пракуратуру.
Настаўнік патанае ў паперах
У Нясвіж Алесь Язвінскі перабраўся з бацькамі з Пухавіцкага раёна ў пачатку 1970‑х. Давучыўся ў старэйшых класах школы №3, паступіў у інстытут, а ў 1979‑м вярнуўся сюды настаўнікам фізвыхавання. «За тры дзесяцігоддзі выкладання ў школе ў арганізацыйным плане сёння найгоршая для працы сітуацыя. Такога нават за Брэжневым не было, — кажа ён. — Настаўнікі проста патанаюць у паперах. Мы ператвараемся ў робатаў, якія ўвесь час рыхтуюць справаздачы, амаль не маючы часу на асноўную дзейнасць — навучанне дзяцей. Праз гэта шмат хто кідае настаўніцтва ды сыходзіць на вольны хлеб. З нашай школы ўжо сышлі настаўнікі спеваў і музыкі і малявання, якім скарацілі гадзіны».
Настаўнік прыгадвае свайго дзеда па бацькавай лініі, выпускніка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі: «Дзед расказваў, што найлепшы час для ягонай прафесіі быў за палякамі — за месячны заробак ён мог купіць карову. Слова пана настаўніка было законам «. Прыйшлі саветы, пачалася калектывізацыя. Вяскоўцы завіталі да настаўніка раіцца, ці ісці ў калгас. Ён ім кажа — ісці, бо зямлю адбяруць у любым выпадку, а не аддасі сам — паедзеш з дзецьмі ў Сібір. Так ён спрычыніўся да арганізацыі першага калгаса на Стаўбцоўшчыне. Цяпер у настаўніка няма такога аўтарытэту, яго ніхто не слухае, нават дзеці. А заробак — смешны.
Тым не менш, сыны Язвінскага абралі педагагічную адукацыю. Праўда, старэйшы, Зміцер, па спецыяльнасці не працуе, іграе ў музычным гурце «Рахіс». А вось Юра, малодшы, пайшоў у бацьку — вучыцца на настаўніка фізвыхавання. Дачка Наталля паступіла ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.
Будзь гатовы да беспрацоўя
Спадар Алесь — сябар Кансерватыўна‑Хрысціянскай Партыі БНФ, у Фронце ад пачатку існавання арганізацыі. На пытанне, што значыць быць настаўнікам‑апазіцыянерам у маленькім гарадку, спадар Алесь адказвае проста: «Працу і палітыку не змешваю».
У горадзе і раёне яго добра ведаюць як фронтаўца, выдаўца папулярнай у Нясвіжы газеты «Брама». Але ў школе Алесь Язвінскі толькі настаўнік. Адно што выхоўвае ў дзяцей пачуцце патрыятызму. Ладзіць летнікі ў Мікалаеўшчыне, на радзіме Коласа, арганізоўвае выезды на святы сярэднявечнай культуры. Да сур’ёзных канфліктаў з чыноўнікамі ў Язвінскага ніколі не даходзіла. Былі інцыдэнты, кажа настаўнік, але вертыкальшчыкі заўсёды намагаліся дзейнічаць у рамках існых законаў. Аднойчы нясвіжскія фронтаўцы нават выйгралі суд у райвыканкама.
Пагроза прыйшла не адтуль, адкуль ён чакаў
Спадар Алесь некалькі дзён не мог сабрацца з думкамі пасля візіту да чыноўніцы з Мінаблвыканкама. Ад настаўніка з Нясвіжа разам з шасцю іншымі педагогамі кіраўніца абласнога аддзела адукацыі запатрабавала выйсці з апазіцыйнай партыі. Інакш страціш працу.
«Я не трымаю на людзей крыўды. І на Таісу Данілевіч як на чалавека не крыўдую, бо не мне яе судзіць. Але мне робіцца жахліва ад думкі, што такія людзі, як яна, кіруюць на вярхах, ды яшчэ ў сістэме адукацыі. Яе ідэал настаўніка — маўклівая, безыдэйная істота, гатовая выканаць любы загад».
Ён не хваліць сябе, не заломвае рук. «Я працую, як атрымліваецца, як працуе большасць. Не дасягнуў вышыняў, але і не маю спагнанняў, каб быць звольненым». У шафе ягонага школьнага кабінета, нібыта пратэстуючы супраць лішняй сціпласці гаспадара пакоя, ляжыць стос грамат за спартыўныя дасягненні школьных камандаў.
Сямён Печанко,
Нясвіж—Мінск 17:29, 28 студзеня 2010