Задача мае рашэнне – для беларускамоўных выкладчыкаў
Дацэнт кафедры агульнай матэматыкі і інфарматыкі БДУ Аляксандр Самадураў ужо 20 гадоў выкладае студэнтам толькі па-беларуску.
– Неяк мне лёсам наканавана, што добра ведаю англійскую мову, здольны падтрымаць размову на італьянскай ці нямецкай, – кажа кандыдат фізіка-матэматычных навук і любімы выкладчык некалькіх пакаленняў студэнтаў Аляксандр Самадураў. – Праз тое крыху разумею моўныя магчымасці. Ну дык вось, да матэматыкі беларуская мова больш здатная, чым, напрыклад, руская. У доказ гэтага тэзіса Аляксандр Аляксандравіч звычайна прыводзіць студэнтам прыклад: рускі тэрмін «решаемая задача» шматзначны: гэта і «задача, якую рашаюць» і «задача, якая мае рашэнне». А ў беларускай мове непажаданай двухсэнсоўнасці няма. І такіх прыкладаў шмат.
Расійскія карані і шаноўны ўзрост майго суразмоўцы дыктуюць наступнае пытанне:
— Але ж вы выкладаеце больш за дваццаць гадоў... Што прымусіла рускамоўнага выкладчыка матэматыкі аднойчы рашуча і назаўсёды пераступіць моўны бар’ер?
— У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя я працаваў у славяна-балтыйскім універсітэце горада Осла. У адным з тамтэйшых часопісаў знайшоў навуковы артыкул пра такую з’яву, як памоўе. Асэнсоўваючы прачытанае, успомніў сваё студэнцкае юнацтва. У нас была завядзёнка: да іспытаў рыхтаваліся разам і ганялі адзін аднаго па пытаннях білетаў. Самым лепшым знаўцам матэматыкі сярод нас быў адзін хлопец, якога, на жаль, няма ўжо на гэтым свеце. Але ў залікоўцы ў яго былі тройкі, а ў нас — “выдатна”. Толькі на пятым курсе, калі ён абараняў дыплом, старшыня дзяржкамісіі адзначыў у сваёй справаздачы яго асаблівыя веды. Калі я сам стаў старшынёй дзяржкамісіі — некалькі гадоў прысутнічаў на абароне дыпломаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, пераканаўся, што гэтая выснова абы-каму не пішацца. Я зразумеў, што мой таленавіты сябар проста саромеўся гаварыць: мова ў яго была невыразная, беларуска-руская трасянка. Вырашыў гэтую сітуацыю змяніць — і стаў выкладаць па-беларуску. Дарэчы, на нашай кафедры я такі не адзіны. І лекцыі чытаюцца, і вучэбная літаратура выдаецца на роднай мове.
У пачатку 90-х, калі Аляксандр Самадураў чытаў першыя лекцыі па-беларуску, шмат хто казаў пра неабходнасць вярнуць беларусам матчыну мову. Але, пагадзіўшыся з неабходнасцю гэтага кроку, навукоўцы часам скардзіліся: няма ў беларускай мове сучаснай, па апошняму слову навукі тэрміналогіі. Маўляў, вялікая навука ў часы Расійскай імперыі і СССР рабілася па-руску.
— Гэта казалі тыя, каму не хацелася перабудоўвацца, — пярэчыць матэматык. — Тэрміналогію ў нас яшчэ ў 30-я гады стварылі. Да таго ж тэрміналогія жывая рэч і з цягам часу мяняецца. Вось усім вядомы матэматычны знак “нуль” — па-руску зараз кажуць “ноль”. Сто гадоў таму яго і ў рускай мове не было — быў “олік”, ці “нал”. А зараз тэрмін “нуль” знаёмы кожнаму дзіцяці!
Руская матэматычная навуковая тэрміналогія таксама з’явілася параўнальна нядаўна — у 1866 годзе, нагадаў мне суразмоўца. Тады пачаў выдавацца першы матэматычны часопіс па-руску. А да той пары матэматыкі Расійскай Імперыі пісалі па-французску. Дарэчы, першы расійскі падручнік па матэматыцы саставіў і выдаў беларускі асветнік, перакладчык і выдавец Ілля Капіевіч яшчэ на мяжы ХVII—XVIII стагоддзяў. Гісторыя таксама сведчыць, што былі ў нашага суайчынніка вялікія праблемы з тым, каб прабіць у Пятра Першага грошы на аплату выдання... А Міхайла Ламаносаў ужо вучыўся па больш вядомай “Арыфметыцы” Магніцкага.
Аказалася, наша мова не толькі дакладна перадае змест матэматычных задач, але і спрыяе паразуменню матэматыкаў розных краін і народаў. Колькі гадоў таму Аляксандру Самадураву давялося ўдзельнічаць у міжнароднай канферэнцыі ў Сербіі. Даклад ён чытаў па-беларуску, прычым прысутныя засведчылі, што не маюць патрэбы ў перакладзе: беларуская і сербская мовы вельмі падобныя. Мясцовае тэлебачанне нават зняло спрэчку беларускага матэматыка Самадурава з сербскім прафесарам Багданавічам:
— Ён мне даводзіў, што Беларусь — гэта паўночная Сербія, а я яму — што Сербія ёсць паўднёвая Беларусь. Кажу: вось я ў Мінску жыву на вуліцы паэта Багдановіча, а ты — матэматык Багданавіч... Тут ён дастае кніжку сваіх вершаў і падпісвае яе для мяне.
Сюжэт з навуковай спрэчкай двух матэматыкаў-мовазнаўцаў круцілі ў кожным выпуску навін. У Прышціне тым часам трэба было хадзіць з дакументамі: аўтаматчыкі маглі любога спыніць для высвятлення асобы.
Аляксандра Самадурава таксама некалькі разоў спынялі, але, зірнуўшы ў твар, пашпарта не пыталіся: “Знамо, знамо!”.
— Студэнты сёння не тыя, што дваццаць гадоў таму, — дзеліцца назіраннямі суразмоўца. — Бо сёння за грошы можа вучыцца амаль кожны, у каго яны ёсць. У тыя часы платнікаў на курсе было некалькі, яны не ўплывалі на агульны ўзровень падрыхтоўкі: калі з сотні першакурснікаў 80 былі моцнымі студэнтамі, 20 — горшымі, дык тыя 20 паступова падцягваліся. Цяпер на першы курс паступае 200 чалавек, і на тыя ж 80 моцных прыходзіцца 120 слабейшых. Пачынаецца “раўненне на сярэдзіну”: кожны думае, што ён не горшы за большасць. І выкладчыкі міжволі павінны выцягваць слабейшых, а не ісці ўперад з лепшымі... Не так даўно рэктар Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта Віктар Садоўнічы казаў, што платнае навучанне у МДУ павінна каштаваць сама меней 8 тысяч еўра штогод... Мусіць, даступнасць вышэйшай адукацыі не заўсёды на карысць яе якасці.
Студэнтам-гуманітарыям, якія ў БДУ таксама вывучаюць матэматыку, дацэнт Самадураў часта задае адно пытанне: ці бясконцае мноства ўсіх тэкстаў, якія ўжо напісаны і будуць напісаны сённяшнімі студэнтамі? І даказвае, што яно канечнае: значыць, калі-небудзь усе кніжкі, вершы і артыкулы пабачаць свет. Так што гуманітарыям, у тым ліку журналістам, трэба загадзя думаць, чым яны займуцца потым.
Падамся ў матэматыкі, падумала на гэта я. Мову ж, здаецца, крыху ведаю...
Аказалася, наша мова не толькі дакладна перадае змест матэматычных задач, але і спрыяе паразуменню матэматыкаў розных краін і народаў.
Паводле «Народнай газеты»
Задача мае рашэнне – для беларускамоўных выкладчыкаў
30.01.2010