Асоба ў адукацыі: Наталля Ільініч

03.06.2010

Адчуць дух беларускага мястэчка
паводле газеты «Звязда»
Мы самі ўзялі на сябе смеласць назваць маршрут унікальным, таму на стопрацэнтную праўдзівасць дадзенага сцвярджэння не прэтэндуем. Але... адна з нас мае вопыт выхавання траіх школьнікаў, кожны з якіх практычна штогод выбіраўся на нейкую экскурсію: Хатынь, Мір — Нясвіж, Дудуткі, Полацк, Белавежская Пушча, Лідскі замак, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Вязынка... Сайты турыстычных цэнтраў і тураператараў прапануюць для школьных груп каля паўсотні экскурсій па Беларусі на розную тэматыку — ад ваенна-патрыятычнай да прыродазнаўчай. Аднак ніводны з гэтых маршрутаў не падобны на той, што распрацаваны ў Тальцы. Ды і настаўнікі, якіх мы апыталі, пацвердзілі: пра падобнае для школьнікаў яны не чулі.

У чым жа справа? Напэўна, у збегу абставінаў.
Наталля Ільініч, настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы, аўтар кнігі «Талька і наваколлі" і кіраўнік школьнага этнаграфічна-краязнаўчага гуртка, два гады рыхтуецца распачаць агратурыстычную дзейнасць. Яна зарэгістравалася, распрацавала маршрут... Свой дом Наталля перабудоўвае для таго, каб турысты — сям'я альбо невялікая група, чалавек 8–10, — змаглі тут спыніцца, пераначаваць, пэўны час пажыць. На пачатку 2008 года Наталля ўзяла крэдыт для рэканструкцыі свайго дома. Абклала яго сілікатнымі блокамі і павялічыла, прыбудавала мансардны дах (там будзе дзве спальні і камінная зала), веранду з асобным уваходам, ізаляваны гасцявы пакой, закупіла абсталяванне для санвузла, памяняла вокны і дзверы, паставіла лазню... Але крэдытных грошай не хапіла, каб усё закончыць, і Наталля аказалася ў складанай сітуацыі. У недабудаваным доме яна не можа прымаць турыстаў. А каб узяць яшчэ адзін мэтавы крэдыт для развіцця аграсядзібы, ёй трэба распачаць турыстычную дзейнасць.

Спачатку Наталля разгубілася, маўляў, дзеля таго і прашу крэдыт, каб усё дарабіць, закупіць веласіпеды, пасцельную бялізну і тады ўжо запрасіць першых гасцей. З гэтай нагоды яна і звярнулася ў «Звязду» (а да гэтага звярталася ў банк, раён, вобласць...). Аднак журналісты, сустрэўшыся з самой Наталляй, а таксама з прадстаўнікамі банка і мясцовых уладаў, прапанавалі гаспадыні... пачаць. І пачаць з тых, каму не патрэбна сядзіба, але каго могуць зацікавіць маршруты. Школьнікі натуральна і лагічна першымі прыйшлі ў галаву. Тым больш што нагамі падлеткаў талькаўскія сцежкі ўжо выпрабаваныя. Неабходнасць у прыёме падобных груп і робіць прапанову талькаўскай настаўніцы ўнікальнай. Вялікія грошы такія экскурсіі не прынясуць, але яны могуць наблізіць ажыўленне агратурыстычнай дзейнасці ў Тальцы.

Наталля ўпэўненая, што гэта патрэбна не толькі ёй. Хоць і ёй, як настаўніцы вясковай школы, колькасць дзяцей у якой увесь час змяншаецца, вельмі важна мець нейкія перспектывы на будучыню. Вясковы турызм, як вядома, прыносіць дадатковы прыбытак не толькі гаспадару сядзібы, але і яго суседзям, якія прадаюць турыстам свае вырабы і паслугі (мёд, катанне на кані, сувеніры...), наймаюцца ў будаўнікі. Турысты садзейнічаюць ажыўленню ўсёй мясцовасці, бо яны заходзяць у магазін, наведваюць музей, карыстаюцца грамадскім транспартам.

У сваім лісце ў «Звязду» Наталля Валянцінаўна пералічыла 10 прычын, чаму аграсядзіба «Талькаўская» павінна быць створаная:
1.Талька — лепшае месца для адпачынку. Тут рэкі Таль, Свіслач, возера Грымячае, прыгожыя сасновыя бары, балоты, поўныя ягад і грыбоў, чыстае паветра, цішыня.
2. Сядзіба будзе спрыяць адраджэнню і развіццю вёскі...
3. Мая дачка, будучы менеджар па турызме, зможа працягнуць маю справу.
4. Увесь час, што я працую ў школе, а гэта 24 гады, мы з фальклорна-краязнаўчым гуртком вучняў ходзім у турпаходы па родным краі, займаемся даследчай працай у архівах і на мясцовасці, вядзём школьны краязнаўчы музей...
5. У 2007 г. у інтэрнэце з'явіўся сайт пра нашу мясцовасць www.talka.іnfo...
7. Асаблівасцю нашай сядзібы стане рэканструкцыя народных святаў — Каляды, Гуканне вясны, Юр'я, Купалле.. .
8. Сядзіба зможа працаваць і з замежнымі турыстамі...
9. У нас цудоўны малады сад, агарод, карова, куры...
10. Беларуская кухня — другая асаблівасць нашай сядзібы...

— Калі наш праект будзе ажыццёўлены, — дадае Наталля, — выйграюць усе. Краіна атрымае яшчэ адну вясковую міні-гасцініцу, у якой за невялікія кошты будуць адпачываць і знаёміцца з мясцовымі традыцыямі і ладам жыцця беларусы і замежныя турысты. Талька атрымае стымул для развіцця, а наша сям'я зможа прымяніць свае ўменні, веды і сілы на добрую справу і гэтым зарабіць сабе на жыццё.

Дарэчы, тое, што Талька — лепшае месца адпачынку, лічыць не адна толькі настаўніца гісторыі. У 30-я гады тут летаваў Якуб Колас з сям'ёй, і потым да канца сваіх дзён ён рэгулярна наведваў гэтыя мясціны. Дагэтуль у Тальцы захаваўся дом, у якім жыў паэт з жонкай і сынамі. Малодшы сын Міхаіл Канстанцінавіч таксама добра памятае і любіць гэтыя масціны. Колас апеў Тальку і наваколле ў паэме «Міхасёвы прыгоды»:

Талька — слаўная рачушка,
Грунт яе пясчаны,
Бераг мяккі, як падушка,
Дзірваном засланы...

Дарэчы, адна з петляў «зялёнага маршруту» прадугледжвае наведванне мясцін, якія любіў Колас, якія ўвайшлі ў яго вершы: таямнічае возера Грымячае, паляна Ласіныя ямы, мясціны, дзе калісьці стаяла маленькая вёсачка Загібелька, лясная варта.

Але дачнікі ведалі і любілі гэтыя мясціны яшчэ да Коласа. Наталля мае цікавыя ўспаміны пра 20-я гады XX стагоддзя аднаго з жыхароў Талькі. Яшчэ адна пятля маршрута расказвае пра саму Тальку, яе гісторыю, людзей, паданні. Узнікненне мястэчка — так называлася цэнтральная частка Талькі — абавязана яўрэям. У XІX стагоддзі тут жыло толькі іудзейскае насельніцтва, а хрысціяне — у Слабодцы і Рудні. Сёння ў Тальцы няма ніводнага яўрэя, але засталася памяць пра іх, показкі, захаваліся і яўрэйскія вуліцы. Памятаюць Тальку і яўрэі — выхадцы з гэтага месца... У Тальцы захавалася шмат старых драўляных будынкаў, сярод якіх вылучаецца двухпавярховы дом чыгуначнікаў пры станцыі, пабудаваны ў XІX стагоддзі (у ім дагэтуль жывуць людзі).

Наталля правяла журналістаў «Звязды» якраз па гэтым маршруце, самым кароткім. Наша вандроўка заняла каля трох гадзін. І справа нават не ў тым, што цікава было даведацца пра тое, што сто гадоў таму тут працавала капялюшная майстэрня, ваўначоска, кузня, млын, маслабойня... Што вось у гэтым доме знайшлі скарб, а вось там была сінагога. Самае галоўнае, мы, няспешна крочачы па гэтай каларытнай і яшчэ поўнай жыцця вёсачцы з прыгожымі яскравымі дамкамі, мостам цераз разлітую Таль, драўлянай школай з садам, старымі дрэвамі і бусламі, быццам пагрузіліся ў іншае вымярэнне. У гэтым вымярэнні распускаюцца пупышкі на дрэвах, у ім рэчы захоўваюць памяць пра людзей, час тут запавольвае свой бег, а паветра напоўненае адчуваннем вечнасці.

З гэтых мясцін родам Іосіф Жыновіч, славуты цымбаліст, імя якога носіць Нацыянальны аркестр народных інструментаў, ім жа створаны ў 40-я гады. Дагэтуль жывуць у вёсцы Арэшкавічы людзі, якія памятаюць і сям'ю Жыновіча, і яго самога. У Тальцы нарадзіўся і жыў да 17 гадоў народны артыст БССР, акцёр тэатра і кіно Іван Шаціла. У 50-я гады ў Талькаўскай школе працавалі пісьменнік Міхась Скрыпка і літаратуразнаўца Ларыса Кароткая. Ёсць каля Талькі вёска Паддзягцярная, адкуль родам два Героі Савецкага Саюза — Алена Мазанік, якая падклала міну ў ложак генеральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ, і Мікалай Чэпік, які загінуў у Афганістане.

Пра маршрут «Талькаўскія скарбы» можна распавядаць доўга, бо ён багаты, як наша гісторыя, і непаўторна прыгожы, як нашы мясціны. Самае галоўнае, што ёсць цікавы апавядальнік і знаўца, ёсць жывыя сведкі і ахоўнікі ведаў, традыцый, майстэрства. Але лепш за ўсё — выпрабаваць.

— Мы гатовыя быць першымі, — запэўніла класны кіраўнік 7 «а» класа Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў Людміла Пагодзіна. — Адпачыць на прыродзе, пабачыць новыя мясціны і шмат чаго пра іх даведацца — не сумняваюся, дзецям гэта спадабаецца і запомніцца.

Адна з галоўных асаблівасцяў Талькаўскага маршрута для школьнай групы — магчымасць паехаць на экскурсію-пікнік невялікай групай. Да Талькі можна даехаць на электрычцы, а значыць, заказваць аўтобус на 43 чалавекі няма неабходнасці. Гэта вельмі важна, бо адна з мэтаў такіх паездак — аб'яднаць дзяцей, зрабіць іх сябрамі. А калі едуць некалькі розных класаў, дасягнуць гэтага цяжка.

За свае паслугі правадніка і экскурсавода Наталля збіраецца з групы (у любым складзе) браць з разліку па 20 тысяч рублёў за дзве гадзіны. Яна мяркуе, што якраз столькі часу спатрэбіцца, каб давесці турыстаў да галоўнага пункта самай кароткай пятлі маршруту і па дарозе расказаць і паказаць шмат чаго цікавага і незвычайнага. Пасля адпачынку і абеду на прыродзе група ўжо самастойна можа вярнуцца да электрычкі. Атрымліваецца, што для класа са сталічнай школы ў 20 чалавек паездка ў Тальку будзе каштаваць па 9 тысяч для кожнага плюс выдаткі на пікнік. Для параўнання: трохгадзінная экскурсія па Мінску (30 км) каштуе сама мала 17 500 рублёў для аднаго чалавека, пры ўмове, што ўся група налічвае 40 школьнікаў. Гэта таксама без уліку харчавання. Таннасць — другая асаблівасць паездкі ў Тальку. А яшчэ — большая свабода ў часе. Электрычкі з Мінска ў Тальку і назад ходзяць амаль штогадзінна, гэта значыць, дзеці могуць самі выбраць, колькі ім сядзець ля вогнішча альбо гуляць у пляжны валейбол, і ў якім тэмпе вяртацца на чыгуначную станцыю.

Што ж, застаецца спадзявацца, што прапанова талькаўскай настаўніцы і сапраўды зацікавіць патэнцыйных турыстаў, дзякуючы чаму нашы дзеці атрымаюць магчымасць адчуць водар гісторыі роднай зямлі, а Талька набудзе другое сваё жыццё.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.
в. Талька Пухавіцкага раёна.