У Рыгу накіравалася транспартная калона з абсталяваннем для адзінай у Латвіі беларускай школы. Такім чынам выконваецца даручэнне Аляксандр Лукашэнка аказаць усебаковую падтрымку навучальнай установе. Аўтобус, новая мэбля, абсталяванне для кабінетаў, кампутары, спартыўны рыштунак, падручнікі і дапаможнікі — усё адразу і не пералічыш. Гэта першая такая маштабная дапамога рыжскай школе з моманту яе заснавання. Шчаслівы паварот у жыцці адной школы шырока асвятляўся ў беларускай прэсе, дзякуючы гэтаму пра яе даведалася ўся краіна.
А што мы ведаем пра іншыя беларускія школы за мяжой — іх гісторыю, сучасны стан, крыніцы фінансавання?
Іх пасля доўгага перыяду нацыянальнага нігілізму на бацькаўшчыне засталося не так ужо і шмат — акрамя Латвіі беларускамоўныя школы ёсць у Літве і Польшчы. У Эстоніі ў хуткі часе з'явіцца нядзельная школа. Была спроба стварыць школу ў Празе. У Маскве ўсё яшчэ наперадзе. Ёсць жаданне наладзіць навучанне па-беларуску ў Іркуцкай вобласці Расіі, месцы кампактнага пражывання этнічных беларусаў.
Латвія
Гісторыя беларускамоўнай адукацыі ў гэтай краіне сягае ў 20–30-я гады мінулага стагоддзя. У рамках нацыянальна-культурнай аўтаноміі тагачасная Латвія гарантавала прадстаўнікам нацменшасцяў, у тым ліку і беларусам, права на адукацыю на роднай мове. На той час тут дзейнічала каля 50 беларускіх пачатковых школаў. Вялікая заслуга ў гэтым сябра ўраду БНР Кастуся Езавітава, дзякуючы якому настаўнікамі ў тагачасную Латвію прыехалі Паўліна Мядзёлка, Максім Гарэцкі, Ян Шчорс ды іншыя.
У сярэдзіне 30-х навучанне па-беларуску ў Латвіі пачало згортвацца, а давяршылі гэты працэс бальшавікі — у 1945 годзе тут не засталося ніводнай беларускамоўнай школы.
Рыжская беларуская школа, якую ўрэшце ўзяў пад асабістую апеку кіраўнік Беларусі, пачала працу ў 1994 годзе. На сёння гэта адзіная беларуская школа ў Латвіі. Цяпер тут вучыцца 130 вучняў, 70% з якіх — этнічныя беларусы. Беларуская мова і літаратура — абавязковыя прадметы, па-беларуску ладзяцца ўсе пазакласныя мерапрыемствы.
Літва
На сёння віленская сярэдняя школа імя Францішка Скарыны, адчыненая намаганнямі віленскіх беларусаў ў 1994 годзе, адзіная беларускамоўная ў краіне. Яе называюць пераемніцай традыцый знакамітай Віленскай беларускай гімназіі, што дзейнічала ў 1919–1944 гг. Віленская гімназія была адной з першых беларускіх школаў у Вільні на пачатку ХХ ст. (усяго іх у той час было каля дзесятка). Заснавалі яе Іван Луцкевіч, кс. Адам Станкевіч, Браніслаў Трашкевіч, Міхась Кахановіч, які стаў першым дырэктарам установы. Наталлю Арсенневу, Яўгена Скурка, Антона Шукелойця, Міхася Вітушку, Алеся Салагуба ў віленскай гімназіі вучылі Максім Гарэцкі, Іван ды Антон Луцкевічы, Язэп Драздовіч, Рыгор Шырма ды Барыс Кіт.
Сёння ў віленскай школе займаецца каля 180 вучняў. Фінансуецца яна літоўскім урадам.
Польшча
Тут беларуская мова вывучаецца на розных узроўнях — пачынаючы з дзіцячых садкоў (па адным у Беластоку і Гайнаўцы), да ўніверсітэтаў. У пачатковай школе беларуская мова мае статус дадатковага прадмета для добраахвотнага вывучэння. Родная мова як абавязковы прадмет вывучаецца ў гайнаўскім Комплексе школаў з дадатковым вывучэннем беларускай мовы, які складаецца з ліцэя і гімназіі. А таксама ў ІІ Агульнаадукацыйным ліцэі з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім. Умоўна беларускімі школамі можна лічыць тыя польскія школы, у якіх агульная колькасць вучняў супадае з колькасцю тых, хто вывучае беларускую мову. Гэта, напрыклад, школа №3 у Бельску Падляскім, пачатковая школа і гімназія ў Дубічах Царкоўных, пачатковая школа і гімназія ў Чыжах. Агулам, па інфармацыі МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», па стане на 2010 год у Польшчы беларускую мову ў 38 навучальных установах — дзіцячых садках, пачатковых школах, ліцэях і гімназіях — вывучае 3044 чалавекі.
Рэкордная ж колькасць вучняў беларускай мовы была зафіксаваная ў 1967/1968 навучальным годзе — 12 504 вучняў. З таго часу колькасць ахвочых вывучаць родную мову на Беласточчыне стала скарачаецца.
Расія
Колькі год таму кіраўніцтва Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Расіі» планавала адчыніць беларускую школу ў Маскве. Аднак большасць бацькоў не задаволіла месца на ўскраіне горада, якое выдзеліла мэрыя Масквы. На красавіцкім з’ездзе ФНКА новае кіраўніцтва падзялілася аптымістычнымі намерамі адчыніць школу ў Маскве ўжо ў наступным годзе, а таксама заснаваць Незалежны беларускі інстытут з функцыямі навуковай установы і метадалагічнага цэнтру.
У Іркуцкай вобласці, дзе пражывае адна з найбольшых беларускіх дыяспараў, настаўнікі-беларусы выказваюць жаданне выкладаць родную мову. Для гэта шмат не трэба — метадычныя матэрыялы, падручнікі і рэгулярныя стажыроўкі ў Беларусі.
Чэхія
На жаль, не атрымалася са школай у Празе. Колькі год таму мясцовыя беларусы задумалі стварыць для сваіх дзяцей нядзельную школу. Праз «Бацькаўшчыну» атрымалі падручнікі, але не склалася. Чэшскія беларусы не здолелі паразумецца паміж сабой: адны бацькі не ўгледзелі практычнай патрэбы ў навучанні па-беларуску, другіх не задаволіла месца, абранае пад школу.
Эстонія
Міністэрства адукацыі Эстоніі дала дазвол на стварэнне беларускай нядзельнай школы ў Таліне. Яна будзе насіць імя У.Караткевіча. Беларускую мову, літаратуру і гісторыю талінскія беларусы будуць вывучаць па творах класіка. У будучыні эстонская дыяспара спадзяецца адчыніць беларускія класы ў школах.
***
АДРАСЫ І КАНТАКТЫ
Вільня
Сярэдняя школа з беларускай мовай выкладання імя Ф. Скарыны
Вул. Сеціна, 21 (Sietyno g. 21)
Тэл./факс: +370 (5) 2459127
www.skorina.info
rastine@skorinos.vilnius.lm.lt
Рыга
Рыжская Беларуская асноўная школа
Вул. Келдыша, 4 (Riga, Keldisa iela, 4)
Тэл.: +371 67247545
Бельск Падляскі
ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча
Вул. Каперніка, 4 (ul. Kopernika, 4)
Тэл.: +48 502383944
szkola@lozbjn.pdt.pl
Гайнаўка
Комплекс школ з дадатковым навучаннем беларускай мове
Гайнаўка, вул. Пілсудскага, 3 (ul. Pilsudskiego 3)
Тэл.: +48 085 682 24 96
zsdnjb@o2.pl
Паводле Нашай Нівы