Новы навучальны год стартаваў з добрай навіны — усім педагогам абяцаюць падняць заработную плату. Прычым размова ідзе не пра сімвалічнае павышэнне заробкаў. Нарэшце галасы настаўнікаў, прафсаюзных лідараў і прадстаўнікоў галоўнага адукацыйнага ведамства былі пачутыя, – піша газета Звязда, якая апошнімі месяцамі вяла на сваіх старонках дыскусію пра незайздросны стан беларускага настаўніка.
Ці сапраўды - свайго інтэрнэт-форуму ў беларускіх настаўнікаў няма? Чаму менавіта сайт «Звязды» пераўтварыўся ў стыхійны форум, дзе настаўнікі дзяліліся адно з адным праблемамі і спосабамі свайго «выжывання» ў школе?
Мы гатовы разам з вамі шукаць адказы – на гэтае і іншыя пытанні. А цяпер прапануем поўны тэкст нашых калег са Звязды – да вашай увагі і вашага абмеркавання . Ваш Nastaunik.info.
«У нешчаслівага настаўніка не можа быць шчаслівых вучняў"
Звязда
Новы навучальны год стартаваў з добрай навіны — усім педагогам абяцаюць падняць заработную плату. Прычым размова ідзе не пра сімвалічнае павышэнне заробкаў. Нарэшце галасы настаўнікаў, прафсаюзных лідараў і прадстаўнікоў галоўнага адукацыйнага ведамства былі пачутыя. Добра было б, калі б у Міністэрстве адукацыі пачулі і пра іншыя праблемы, якія настаўнікі ўзнімалі апошнія месяцы на старонках «Звязды».
Так сталася, што свайго інтэрнэт-форуму ў беларускіх настаўнікаў няма. Таму менавіта сайт «Звязды» пераўтварыўся ў стыхійны форум, дзе настаўнікі дзяліліся адно з адным праблемамі і спосабамі свайго «выжывання» ў школе. Як вынікае з той інфармацыі, якую мы атрымліваем непасрэдна ад удзельнікаў навучальнага працэсу, а не з высокіх трыбун, дэбюракратызацыя да многіх нашых школ пакуль не дайшла. І новы навучальны год пачаўся для настаўнікаў усё з тых жа праблем. Таму нават у час масавых летніх водпускаў педагогаў мы працягвалі атрымліваць ад іх паведамленні на наш сайт. Настаўнікі хочуць быць пачутымі. Даём ім слова...
@
Учора была на метадычным аб'яднанні. Усе інстанцыі лаюць школу, маўляў, нічога не робім. Даішнікі абураюцца: «У школе павінен быць стэнд, а калі не будзе — крыўдуйце на сябе...» Міліцыя патрабуе ад нас план сумеснай работы, і хоць гэты план — сумесны, але складаць яго павінна ўсё роўна школа. У сямейным недабрабыце вінаватая зноў-такі школа. Бацькі вучняў вядуць амаральны лад жыцця — гэта школа вінаватая, што давяла іх да такога стану. <І>Адпрацавала 20 гадоў у школе, але не хачу ісці на работу, а памяняць яе ў гэтым годзе не атрымалася. І кінуць не магу, бо трэба карміць дзяцей. Прыгадваю пачатак сваёй педагагічнай дзейнасці, прыгадваю з цеплынёй, бо цяпер стала невыносна працаваць. Пачынаецца навучальны год, і ад гэтай думкі хочацца плакаць. І не ў адной мяне такі стан. Чыноўнікі, ну павярніцеся вы да Настаўніка, ну дайце яму спакойна працаваць, вучыць дзетак, атрымліваць хоць бы маральную асалоду ад стасункаў з дзецьмі. Няхай нас не тузаюць іншыя ведамствы, няхай яны займаюцца сваёй работай.
Настаўнік.
@
А ў нас жнівеньскую канферэнцыю правялі ў суботу, калі дзіцячыя сады былі закрытыя. Некаторым настаўнікам давялося ісці на яе са сваімі дзецьмі, бо пакінуць іх не было з кім. Дык іх яшчэ і абвінавацілі ў тым, што дзецьмі прыкрываюцца, каб на канферэнцыю не ісці. Адкажыце, гэта нармальна?
Настаўніца, Гомельская вобласць, раённы цэнтр N.
@
За тры тыдні да заканчэння водпуску нас адклікаюць (не па загадзе, а па тэлефоне) з патрабаваннем да пачатку жніўня падрыхтаваць кабінеты да новага навучальнага года. А адпачынак завяршаецца 14 жніўня. Няўжо ў нас не будзе часу, каб падрыхтавацца? А да прыёмкі школы патрабуюць падрыхтаваць яшчэ і дакументацыю па кабінеце. І навошта тады такі адпачынак? Напэўна, для таго, каб папракаць настаўнікаў у тым, што адпачынак у нас ТАКІ ПРАЦЯГЛЫ!
Наталі.
@
...Па расказах важатай з вялікай стажам сёлета як ніколі строга сачылі за работай педагогаў. Акрамя падрабязных планаў мерапрыемстваў важатых абавязалі весці яшчэ і дзённікі з запісамі аб паводзінах кожнага дзіцяці. Я шмат гадоў працавала ў лагеры і не ўяўляю сабе, калі выхавальнік ці важаты можа знайсці час, каб запоўніць дзённікі на 25—30 дзяцей? Гэта магчыма толькі ноччу. Але калі ноччу не спаць, а запаўняць дакументацыю, то як на наступны дзень працаваць? І каму патрэбныя гэтыя дзённікі? Дзецям? Бацькам? Глупства. Яны патрэбныя толькі тым, хто правярае. А ім, напэўна, няма чаго рабіць, бо ў 35-градусную спякоту яны правяраюць макіяж, дрэс-код, прычоскі ў важатых, ну і, зразумела, паперкі. Жывую работу з дзецьмі задушылі папяровай плынню. Мой знаёмы настаўнік прызнаўся, што ўжо гадоў пяць не водзіць дзяцей у паходы, таму што, перш чым адправіцца ў паход, настаўніку трэба самому прайсці па гэтым маршруце, скласці падрабязную карту маршрута ў пэўным маштабе, пазначыць на карце ўсе стаянкі, месцы прыёму ежы, усе водныя крыніцы, з якіх трэба ўзяць узоры вады і завезці іх у лабараторыю на аналізы (зразумела, за свае грошы) і гэтак далей. І які чалавек добраахвотна павесіць на сябе гэту работу? А калі на крок ад маршрута адхіліўся ці якое дзіця захварэла — а-та-та!
Педсаветы ў школах даўно ператварыліся ў «пужалаўку», таму што на кожным з іх на галовы настаўнікаў вывальваецца чарговая порцыя загадаў, інструкцый, распараджэнняў. А далей чуеш фразу: «А калі вы не зробіце, не падрыхтуеце, не напішаце, вам за гэта будзе...» (у каго на што фантазіі хапае). Я яшчэ застала часы, калі на педсаветах сапраўды бурна абмяркоўвалі практычна кожнага вучня. У людзей гарэлі вочы! Мы за ідэю, а не з-пад палкі хадзілі па дамах, гадзінамі сядзелі на тэлефонах, размаўляючы з бацькамі. А зайдзіце ў школу цяпер. Згаслыя позіркі, запужанасць, хутчэй штосьці зрабіць і збегчы, каб вочы не бачылі. Ёсць адна прымаўка «У нешчаслівай маці не можа быць шчаслівых дзяцей». Я б яе перафразавала так: «У нешчаслівага настаўніка не можа быць шчаслівых вучняў". Каму патрэбная такая школа, калі і настаўнікі, і вучні ў ёй нешчаслівыя?
Ала, былы настаўнік.
@
Сёлета пішам акты падрыхтаванасці кожнага вучня да школы. Хто будзе іх чытаць?
Лена, Віцебская вобласць.
@
Калі ў нашым раёне праводзілі даследаванне, каб высветліць сярэдні ўзрост педагогаў, аказалася, што сярэдні ўзрост — 51 год. Ведаю, што сёлета многія настаўнікі пайшлі на выслугу, не дапрацаваўшы да пенсіі. Рабіце высновы!!!
Міла.
@
З нашай школы сёлета пайшло 20(!) настаўнікаў: хто — сам, а каго — выжылі. Калі малодшая школа яшчэ цепліцца, то ў старэйшай выкладаць няма каму. Чаму часта ў кіраўнікі трапляюць самыя нахабныя і грубыя людзі? Чаму ніхто не займаецца абаронай правоў настаўнікаў? Хоць на прыкладзе маіх калег, якія адчулі, што так быць не павінна і звярнуліся ў у суд, бачу, што змагацца з гэтым можна.
Лера.
@
Я 17 гадоў адпрацавала ў гарадской школе. Вось ужо два гады працую ў іншай сферы і толькі цяпер адчула сябе чалавекам. Зарабляю ў тры разы больш, на рабоце да мяне ставяцца з павагай, пасля работы я вольная і нікому нічога не павінна. У мінулым засталося афармленне прыгожых папак і набыццё за ўласныя сродкі партрэтаў, ручак для шафаў, гаршкоў для кветак і іншай «драбязы» для афармлення кабінета. А з маёй школы народ проста паваліў. Звольніліся працэнтаў 35 настаўнікаў, самых вопытных, якія мелі вышэйшыя і першыя катэгорыі, прычым настаўнікі звальняюцца пасярэдзіне навучальнага года. На мой погляд — гэта своеасаблівы пратэст супраць самаўпраўства і хамства многіх чыноўнікаў.
Настаўнікі ў пераважнай сваёй большасці вельмі разумныя, развітыя людзі, якія ўмеюць вучыць і хутка навучаюцца самі, таму мы не згубімся ў гэтым свеце, заўсёды знойдзем сабе сферу дзейнасці. Я ўжо прайшла праз страхі і хваляванні кшталту: «а як жа я без школы і без вучняў?...» Цудоўна! Чаго і ўсім жадаю!
Ала, былы настаўнік.
@
Вось і я ўжо больш не настаўнік. Пасля 20 гадоў работы ў адукацыі толькі настаўнікаў нашай школы гэта засмуціла і адміністрацыю, а вось раённае кіраўніцтва, як мне падаецца, толькі ўзрадавалася — месца вызвалілася. І ніякага шкадавання. Толькі пачула: «Калі пажадаеце вярнуцца — мы вас назад не возьмем! Месца будзе занятае». Вось так, працаваў-працаваў, і нікому ты не патрэбны?
Людміла.
@
Сачыў за каментарамі да чэрвеня, спадзяваўся, што за лета што-небудзь зменіцца, «Звязду» пачуюць. Але марна спадзяваўся. Зноў давялі план па платных паслугах, пайшлі «касякамі" розныя конкурсы-мерапрыемствы (Чырвоны Фонд, Фонд Міра і г.д). Газету «Юны выратавальнік» — выпісалі. Але цярпенне лопнула пасля таго, як нам паведамілі, што мы павінны выканаць дзяржаўны заказ па здачы металалому — 10 тон, інакш усіх пазбавяць прэміі, і мы яе не ўбачым, пакуль не збяром металалом. А я быў упэўнены, што ў нас толькі адзін дзяржаўны заказ — вучыць дзяцей. Выходзіць, памыляўся. Крыўдна...
Аляксандр.
@
Хочацца павіншаваць настаўнікаў з пачаткам навучальнага года і пажадаць ім паболей ЦЯРПЛІВАСЦІ (тым, у каго яна яшчэ засталася). Хочацца верыць у лепшае...
U4shka.