Заява ТБШ у абарону адукацыі

21.09.2010

У апошнія гады пагражальна зменшыўся агульны ўзровень адукаванасці школьнікаў і іншых навучэнцаў адукацыйных устаноў, знізіўся статус педагога ў грамадстве, штучна звужана сфера роднамоўнага ўжывання, а таксама магчымасці нацыянальнага самапазнання і этнічнай самаіндэнтыфікацыі, пра што сведчыць апошні перапіс насельніцтва.
Школьная рэформа 2008 года не вырашыла злобадзённыя праблемы, а, наадварот, значна ўзмацніла іх. Нацыянальная адукацыя не толькі не прыблізілася да сусветных стандартаў, а і зрабіла значны крок ад сваіх ранейшых заваёў і бліжэйшых суседзяў.
Зменшылася колькасць гадзін на вывучэнне школьных прадметаў, растварылася «Айчынная і сусветная культура», марна згублены “этнакласы”, дзе жадаючыя маглі развіваць мастацкія здольнасці і самасвядомасць.
У перадвыбарны перыяд робяцца папулісцкія захады без кардынальнага і сістэмнага вырашэння адукацыйных праблем: матэрыяльная падтрымка беларускамоўных школ за мяжою з ігнараваннем такіх на радзіме; аднаразавыя падвышэнні заробкаў, якія праз пэўны час з’ядае інфляцыя; выбарачныя ўліванні грашовых сродкаў у асобныя ўстановы; часова-безсістэмнае павяртанне ў дарэформенны перыяд і г.д.
«Таварыства беларускай школы» патрабуе:
 каб і нашы дзеці маглі набываць грунтоўныя веды па абранаму і прыродна-прыдатнаму цыклу прадметаў (профілю), адмяніць ганебную “ўраўнілаўку” і вярнуць сярэднім адукацыйным установам профільнае і паглыбленае навучанне, якое апраўдана дзейнічае ва ўсіх цывілізаваных краінах;
 вярнуць у школу неабгрунтавана скасаваны прадмет «Айчынная і сусветная культура», які існуе, напрыклад у Расіі і Ўкраіне, пачынаючы з 9 класа, а таксама ў сярэднія класы «Музыку» і «Выяўленчае мастацтва» (у Расіі вывучаецца да 9 класа, на Украіне – да 8 і 7 адпаведна);
 ствараць не толькі прыдатныя ўмовы для вывучэння замежных моў, так і нацыянальнаму цыклу прадметаў (гісторыя і геаграфія па-беларуску), фальклорна-этнаграфічнаму накірунку, што існуе ў іншых народаў;
 даць магчымасць настаўніку годна працаваць: без дробязнай апекі, залішняй паператворчасці, неўласцівых прафесіі абавязкаў;
 дзеля захавання нацыянальнай бяспекі, незалежнасці Беларусі распрацаваць дзяржаўную праграму па грамадзянскаму выхаванню і развіцці нацыянальнай свядомасці як для падрастаючага пакалення, так і для службовых асоб.