Асобы: Міхаіл Петух

26.10.2010

Фільм “Горад на Вяллі” Міхаіла Петуха перамог у першым рэгіянальным свяце-конкурсе аматараў краязнаўчага кіно “Гэта МОЙ Край”.

Міхаіл Мікалаевіч Петух – даўні сябра Nastaunik.info. Кіруе дзіцячым турысцкім клубам “Чарапашкі” Цэнтра пазашкольнай работы пры Вілейскім аддзеле адукацыі амаль 20 год. Актыўна ўдзельнічае ў працы па аднаўленню помнікаў прыроды і гісторыі на тэрыторыі Вілейскага раёна, стварае прэзентацыіі вандровак. Здейсніў дзіцячую экспедыцыю ўздоўж лініі фронту Першай сусветнай вайны, якая пралягала на тэрыторыі Браслаўскага, Пастаўскага, Мядзельскага, Вілейскага, Смаргонскага раёнаў. Пад час экспедыцыі былі даследаваныя аб’екты, якія захаваліся на гэтай зямлі з тых часоў.

Віншуем пераможцу, зычым плённай працы, верных гадаванцаў, цікавых вандровак!

Таямніцы горада на Вяллі

16 кастрычніка ў Палацы культуры прадставілі дзесяць фільмаў працягласцю 20–25 хвілін аматары з розных гарадоў Беларусі.

– Я хацеў зрабіць дзіцячае кіно, – расказвае Міхаіл Петух. – Гэта ні ў якім разе не гісторыя ў коміксах. Гэта тая самая гісторыя, але расказаная “на пальцах”, каб было зразумела кожнаму.

Стужку працягласцю трынаццаць хвілін каманда рабіла больш за месяц. А пачалося ўсё з паэзіі. Вілейскі паэт Уладзімір Цынунін апрача іншага піша вершы на гістарычныя тэмы. Міхаілу Петуху яны спадабаліся, вось і нарадзілася думка гэтыя вершы візуалізаваць. А тэкст чытала Насця Лазар, вучаніца гімназіі №2. Каб пазбегнуць павучальнага тону. Яшчэ адзін удзельнік каманды – Дзяніс Канецкі. Ён быў вадзіцелем здымачнай групы, прычым на сваім аўтамабілі. Застаўся ў камандзе нават пасля таго, як давялося машыну з балотнай гразі выцягваць.

Першыя кадры фільма – фатаграфіі Віталя Кастэнкі і Анатоля Рогача.

– Вы калі-небудзь датыкаліся да спружыны? – пытаецца рэжысёр-аматар. – Ад дотыку яна потым доўга вібрыруе. Гэтыя людзі падчас гутаркі нібы знаходзяць у суразмоўцы нейкую спружыну, якая потым усё раскачваецца. Фільм безумоўна прысвечаны ім.

Вілія – любімая рака вядомага турыста. Адзначае і яе бясспрэчную гістарычную значнасць, і надзвычайную прыгажосць. Узгадвае, што неяк бачыў Вілію, пакрытую лёдам, і што снег у маі бачыў – ля гэтай ракі. А на світанні Вілія – гэта казка.

– Зямля наша надзвычай багатая, – гаворыць Міхаіл Петух. – А багацце яе найперш у людзях. Таму і такое прысвячэнне – супергісторыку і супертурысту.

У фільме, напрыклад, паказваюцца валуны з ямкамі. Што гэта і адкуль – ніхто не ведае. На звычайных валунах зробленыя невялікія адтуліны, яўна штучнага паходжання. Знаходзяць такія нават у Скандынавіі. А на Вілейшчыне іх асабліва многа. На адным з такіх валуноў адтуліны былі выкладзеныя ў форме сузор’я Вялікай Мядзведзіцы.

– Неразгаданыя загадкі гісторыі ледзь не на кожным кроку, – адзначыў пераможца конкурсу. – Напрыклад, чаму нашы дзеці гавораць “ма” – санскрыцкае “не”? Беларуская мова наогул найбольш набліжаная да санскрыту з усіх славянскіх. Таямніц хапае, галоўнае, каб было каму іх раскрываць.

Для таго і было створанае гэта свята-конкурс – каб гледачам захацелася даведацца больш аб сваёй зямлі.

Зоя Хруцкая, Рэгіянальная газета

Глядзі таксама: Міхаіл Петух: “Турызм – лад жыцця”