Ваш голас

11.11.2010

Тры этычныя аргументы супраць практыкі дэпрэміявання ва ўстановах адукацыі

Каб зразумець этычнае значэнне дэпрэміявання, трэба спачатку звярнуцца да яго псіхалагічнага значэння.

Як перажываецца дэпрэміяванне педагогам, які звычайна прывык да пэўнай колькасці заробку і цяпер пазбаўляецца нейкай яго часткі? Менавіта як пазбаўленне, як страта, недаатрыманне, абмежаванне з боку вонкавай карнай сілы, якая выяўляе ў гэтым сваю ўладу і ўсёмагутнасць. Адміністрацыя школы паўстае ў гэтым выпадку ў вобразе раззлаванага дарослага, які, караючы, адбірае ў дзіцяці нейкую гульнявую ці смакавую забаўку або яе перспектыву. Сапраўды, ад гэтай каральнай меры адміністрацыі часцяком залежыць, якая будзе вячэра педагога ў найбліжэйшы месяц, бо грошы самі па сабе, не перакладзеныя на мову тавару, не маюць ніякага значэння — груба кажучы, дэпрэміяванне прадвызначае не запоўненасць кашалька, а запоўненасць страўніка. А гэта наўпрост супярэчыць інстынкту самазахавання, які прымушае пазбягаць такога павароту падзеяў і выклікае цалкам зразумелы страх. Што ж атрымліваецца? Якая мэта такой практыкі?

З боку адміністрацыі, відавочна, ставіцца наступная мэта: дысцыплінаванне працаўніка дзеля аптымізацыі выканання службовых абавязкаў, што забяспечыць нармальную дзейнасць арганізацыі.

Але давайце паглядзім, што ўяўляе сабою гэтае дысцыплінаванне. Як ужо было паказана, пачуццём, якое яго фундуе, ёсць страх. Страх прымушае ў далейшым пазбягаць свайго прадмета і рабіць для гэтага ўсё магчымае. Мінімальна для паспяховага прадухілення акту, які ёсць прадметам страху, патрабуецца своечасовае выкананне патрабаванняў адміністрацыі і службовых абавязкаў. На жаль, у большасці выпадкаў тыя парушаныя патрабаванні, якія прыводзяць да дэпрэміявання, зводзяцца да чыста бюракратычных працэдур, а да навучальнага працэсу, які павінен заставацца найгалоўнейшай мэтай і клопатам педагога і які пераважна складаецца з непасрэднага ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў, не маюць ніякага дачынення. Але нават калі і так, чаму менавіта пры дапамозе страху адміністрацыя дамагаецца карэкцыі дзейнасці педагога? Зірніце, наколькі гэта груба і неэфектыўна, бо педагога прымушаюць толькі баяцца, але зусім не робяць яго лепшым! Для вучняў існуюць падтрымлівальныя і стымулявальныя заняткі, якія служаць мэтам карэкцыі навучання, дык чаму б не падтрымаць і стымуляваць педагогаў, якія з нейкіх прычынаў (веру, што ў большасці выпадкаў не з простай ляноты ці нядбайнасці) не змаглі выканаць пастаўленыя задачы? Адміністрацыя, якая жадае дасягнуць эфектыўнага, справядлівага і чалавекаарыентаванага кіравання, павінна ажыццяўляць сваю дзейнасць, грунтуючыся не на пачуцці страху, але на пачуцці ўдзячнасці.

Але давайце глянем яшчэ глыбей: якой ёсць сутнасць дзеянняў адміністрацыі, калі яна практыкуе дэпрэміяванне? Для гэтага звернемся да падставаў дадзенай практыкі.

Працаўнік не выканаў пастаўленых задач, чым учыніў некаторую шкоду арганізацыі, недадаў ёй патрабаванага, пазбавіў яе пэўных выгод, якія аптымальна яна жадае атрымліваць: гэта можа быць і прыхільнасць да яе вышэйшых установаў, і «рэйтынг»; гэта і своечасовая справаздачнасць, і адсутнасць штрафаў, якія накладаюцца на ўстанову ў некаторых выпадках. Што ж робіць у гэтым выпадку адміністрацыя ў адказ на дзеянні працаўніка? Тыя ж самыя дзеянні з тымі ж самымі наступствамі! Атрымліваецца, што «пазбаўленне» і «невыкананне» дрэнныя не самі па сабе, а толькі ў дачыненні да таго, хто мае больш улады. Сумны ўзор таго, як структура нівелюе мараль і легалізуе амаральныя дзеянні, хаваючыся за вэлюмам «права».

«Вока за вока, зуб за зуб» — менавіта такі прынцып і матыў дзеянняў па дэпрэміяванні. Гэта завецца помстай. Чаму так атрымліваецца, што хрысціянская цывілізацыя, быццам бы заснаваная на адмаўленні помсты («Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую» (Мц. 5: 39)), практыкуе гэтую самую помсту паўсюдна? Крывадушнасць, дарэчы, — такі ж грэх. Да каго звярталіся Хрыстос і Буда, калі першы вучыў, што на зло трэба адказваць не злом, а дабром, а другі — што «ніколі ў гэтым свеце нянавісць не спыняецца нянавісцю, але адсутнасцю нянавісці спыняецца яна»?

Педагог адной са сталічных школ, які пажадаў застацца невядомым, бо гаворыць не ад свайго імя, а ад імя ratio, аднаго на ўсіх. З пошты рэдакцыі Нашай Нівы