Сярэдняя адукацыя ў Беларусі — бясплатная і даступная, і гэта гарантавана артыкулам 49 Канстытуцыі РБ.
На практыцы ж ва ўсіх школах краіны — ад сталіцы да глыбінкі — даўно дзейнічаюць так званыя школьныя паборы з бацькоў. Мы ўжо не адзін раз пісалі на гэтую тэму на старонках “ГС”, але інфармацыйныя нагоды не знікаюць.
“Ці мае права збіраць грошы дырэктар СШ №7 Цыганкова Л.М. прымусова на газонакасілку з усіх навучэнцаў школы?” — задавалі нам на мінулым тыдні SMS-пытанне бацькі вучняў сёмай школы.
На гэта дырэктар школы Ларыса Цыганкова адказала: “Дырэктар грошай не збірае. У нас прайшоў бацькоўскі сход, на якім бацькам аб’явілі, што школе патрэбна газонакасілка. Было сказана, што грошы на яе набыццё можна пералічыць у школьны фонд на дабрачынны рахунак. Нумар гэтага рахунку класныя кіраўнікі давялі да бацькоў у сваіх класах. Дапамога гэтая цалкам добраахвотная. Ніхто з педагогаў у свае рукі з бацькоў грошай не збіраў і не збірае. Мы дзейнічаем строга ў межах заканадаўства...”
Адказы кіраўнікоў навучальных устаноў вельмі падобныя ў такіх выпадках. Ды яны і не могуць быць іншымі. Бо не дырэктары ці іншыя педагогі, а школы праз апякунскія рады атрымліваюць гуманітарную дапамогу. І не толькі на газонакасілку, але і на еўрарамонт могуць знайсціся грошы ў бацькоў на цалкам законнай падставе. Гуманітарную ж дапамогу ніхто ў краіне пакуль не забараняў. Асабліва для дзяржаўных устаноў адукацыі, на ўтрыманне якіх у належным стане ў Міністэрства адукацыі і мясцовых уладаў часта не хапае сродкаў. Тут, галоўнае, арганізаваць механізм паступлення такой дапамогі.
Пра паборы ў беларускіх школах цікава выказаўся нядаўна начальнік упраўлення школьнай адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый Гладкоў.
«Мне не вельмі падабаецца, калі кажуць “школьныя паборы“. Гэта няправільна. Гэта паборы, якія, магчыма, на тэрыторыі школы робяцца. І робяцца аднымі бацькамі з другіх бацькоў. Справа ў тым, што ў педагогаў няма такіх функцыяў — рабіць гэтыя паборы, грошы браць з бацькоў. Хто будзе ў гэтым заўважаны, будзе звольнены адразу. Ёсць апякунская рада, ёсць палажэнне аб апякунскай радзе, і там усё прапісана. Адміністрацыя школы ў асобе дырэктара, педагогаў ніякага дачынення да гэтага не мае. Гэта адны бацькі бяруць грошы ў другіх бацькоў», — заявіў спадар Гладкоў карэспандэнту “Радыё Свабода”.
Як вынікае са слоў начальніка ад адукацыі, адны бацькі могуць браць грошы з другіх бацькоў на школьныя патрэбы, але ніяк не могуць рабіць гэта дырэктар ці педагогі.
Што да бацькоў — аўтараў SMS-пытання, то вы смела і на цалкам законнай падставе можаце не пералічаць грошы на газонакасілку, як і на ўсё іншае, што прапануюць вам яшчэ купіць для школы на чарговым бацькоўскім сходзе. А можаце пералічаць. Выбар за вамі.
Газета Слонимская
Школе патрэбна газонакасілка: Аб механізме паступлення гуманітарнай дапамогі для дзяржаўных устаноў адукацыі
23.11.2010