23 ліпеня быў прыняты Закон “Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, а 1-га верасня 2010 года ён уступіў у сілу. З пачатку навучальнага года школьнікі пачалі хвалявацца з-за гэтай своеасаблівай перабудовы, і размовы аб новаўвядзеннях не сціхаюць… Ці падабаецца вам рэформа беларускай мовы і ці патрэбна яна ўвогуле? Ці лёгка зараз ізноў вучыць правілы? Ці змаглі б вы перайсці на новы правапіс у паўсядзённым жыцці? З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да вучняў выпускных класаў, інтарэсы якіх згаданыя змены закранаюць у першую чаргу.
Ілья, 16 год:
— Шчыра кажучы, мне ўсё роўна. Наркамаўка назаўсёды застанецца наркамаўкай, і нейкія касметычныя перамены асабліва нічога не зменяць. Не варта было перапісваць два-тры правілы і горда называць гэта “новым правапісам”: такія рэчы толькі блытаюць людзей. Але новага матэрыялу няшмат, таму нейкіх праблем у яго вывучэнні няма. Я ўжо даўно выбраў для сябе варыянт правапісу, і гэта тарашкевіца. Падабаецца таксама лацінка, але я разумею, што наша грамадства не гатова да такіх, можна сказаць, “глябальных” змен.
Даведка “Ра”
Тарашкевіца — варыянт беларускага правапісу, заснаваны на літаратурнай норме беларускай мовы. Названа імем аўтара “Беларускай граматыкі для школ” (1918 г.) Тарашкевіча. Пры параўнанні тарашкевіцы і наркамаўкі ў першую чаргу звяртае на сябе ўвагу наяўнасць мяккіх знакаў у першай: у тарашкевіцы змякчэнне зычных перад мяккімі гукамі адлюстроўваецца на пісьме (сьнег, каханьне). Наркамаўка — варыянт беларускай арфаграфіі, які з’явіўся пасля рэформы правапісу 1933 года. Рэформа была прынята пастановай Саўнаркама, паводле яе пачалі дзейнічаць 20 новых правіл.
Лацініца, або лацінка, — варыянт лацінскага алфавіта, прыстасаваны для запісу беларускай мовы. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі карыстаюцца кірыліцай, лацінка лепш адлюстроўвае некаторыя фанетычныя з’явы беларускай мовы.
Міша, 17 год:
— Я лічу, што любой сучаснай мове з цягам часу ўласціва мяняцца. З новымі правіламі я знаёмы слаба, але думаю, што яны не нанеслі сур’ёзнага ўрону беларускай мове. Калі нейкія змены адбыліся, то гэта, вядома, было неабходна. А ў далейшым вывучаць беларускую мову я, хутчэй за ўсё, не буду.
Валера, 16 год:
— Мне не падабаюцца любыя моўныя змены, бо яны апаганьваюць тую мову, на якой людзі за многія гады прызвычаіліся размаўляць. Мову нельга змяняць, бо гэта парушае культуру народа, яго традыцыі і звычаі. Новыя змены катастрафічна перашкаджаюць навучальнаму працэсу. Спачатку нам тлумачылі адно, а цяпер — іншае. Пакуль не збіраюся пераходзіць на новыя правілы, таму што я кансерватар і ўсё новае даецца мне з вялікай цяжкасцю.
Ала, 16 год:
— Мне моўныя змены не перашкаджаюць. Некаторыя правілы навукоўцы проста ўніфікавалі і сістэматызавалі. Сказаць, што ад гэтага павялічыўся аб’ём вучэбнага матэрыялу, нельга. Да таго ж мова гібкая, яна ўвесь час мяняецца, у некаторых выпадках гэта адбываецца натуральным шляхам: людзі пачынаюць ігнараваць складаныя правілы ў штодзённым ужытку, а навукоўцы падладжваюцца пад неафіцыйныя нормы. У рускай мове, напрыклад, дазволілі ўжываць слова “кофе” і ў мужчынскім, і ў сярэднім родзе, таму што многія гаварылі няправільна. У беларускай мове працэс змен больш штучны, таму што ёй амаль ніхто не карыстаецца. Вось і даводзіцца навукоўцам падтрымліваць яе жыццядзейнасць такім чынам.
Іра, 17 год:
— Змены не падабаюцца, паколькі асаблівага сэнсу ў іх, на мой погляд, няма. На вучэбны працэс яны не вельмі ўплываюць. Новы правапіс бліжэй да размоўнага стылю маўлення, але калі ісці па мадэлі спрашчэння мовы, то навошта наогул патрэбны правілы? А якія правілы патрэбны вам?
Анастасія Бандаровіч, Раніца
Новы правапіс: школьнікі рэагуюць
02.12.2010