PISA – 2009: вынікі

06.01.2011

Міжнародная праграма ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў (PISA) забяспечвае самы шырокі ў свеце і строгі набор міжнародных даследаванняў па ацэнцы ведаў і ўменняў вучняў сярэдніх школ. Асноўнымі абсягамі для ацэнкі адукацыйных дасягненняў вучняў ў 2009 годзе сталі ключавыя кампетэнцыі ў галіне чытання (прыярытэтны абсяг ацэнкі, на які адведзена дзве траціны часу тэставання), прыродазнаўчых навук і матэматыкі.

Ключавое пытанне даследавання – «Ці валодаюць навучэнцы 15-гадовага ўзросту, якія атрымалі агульную абавязковаую базавую адукацыю, ведамі і ўменнямі, неабходнымі ім для паўнавартаснага функцыянавання ў грамадстве?». Даследаванне PISA скіравана не на вызначэнне ўзроўню засваення школьных праграм, а на ацэнку здольнасці навучэнцаў прымяняць атрыманыя ў школе веды і ўменні ў жыццёвых сітуацыях.У гэтым адлюстроўваюцца сучасныя тэндэнцыі ў ацэнцы адукацыйных дасягненняў.

У даследаванні PISA таксама вывучаюцца фактары, якія дазваляюць растлумачыць адрозненні ў выніках навучэнцаў краін-удзельніц праграмы. Пры правядзеньні даследаванняў улічваюцца характарыстыкі навучэнцаў і іх сем'яў, характарыстыкі адукацыйных устаноў і навучальнага працэсу.

У даследаванні 2009 года прынялі ўдзел 65 краінаў свету. На жаль, у Беларусі якасць школьнай адукацыі ніхто сур’ёзна не даследаваў, таму пра стан нашай адукацыі мы можам меркаваць з вынікаў краінаў, якія маюць падобную да беларускай сістэму адукацыі.

Лідэрамі аказаліся школьнікі з Карэі, Фінляндыі, Кітая, Сінгапура, Эстоніі, Японіі, Канады, у апошнія гады паспяховыя рэформы адукацыі дазволілі наблізіцца да лідэраў Польшчы, Латвіі, Германіі. А вось Расія, Казахстан, Азербайджан і Кыргызстан знаходзяцца ў ліку аўтсайдэраў.

Тут можна больш падрабязна азнаёміцца з вынікамі краінаў, якія прынялі ўдзел у даследваннях, англійскай і рускай мовамі.

PISA праводзіць даследаванні раз на тры гады. У наступных, запланаваных на 2012 г., Беларусі таксама не будзе, бо для ўдзелу краіны, якія зацікаўленыя ў аб’ектыўнай ацэнцы школьнай адукацыі і шляхах яе паляпшэння, мусілі падаць заяўкі да сакавіка 2010 г. Беларусь заяўкі не падала.

Вынікі PISA-2009 былі абвешчаны ў сярэдзіне снежня 2010 г., цяпер ва ўсіх краінах ідзе актыўнае абмеркаванне нядаўніх даследаванняў.

Расійскі Цэнтр правядзення даследаванняў назваў найбольш вузкія месцы і хібы, якія прадэманстравала PISA. Усе іх пералічыць цяжка. Вось асноўныя:

* Недастатковы дыялагічны характар гуманітарнай адукацыі ў расійскай школе. Вучні не маглі выканаць заданні, якія прапаноўвалі параўнаць розныя пункты погляду на з’явы і падзеі, выказаць уласнае стаўленне і версію іх зместу.

* Дэфіцыт такіх якасцей, як самастойнасць мыслення і ініцыятыва ў выбары ўласнай жыццёвай пазіцыі.

* Нізкі ўзровень навучальных кампетэнцый, асноўнай з якіх з’яўляецца уменне працаваць з інфармацыяй.

* Недастатковае развіццё камунікатыўных уменняў. Каля траціны расійскіх школьнікаў прапускалі тыя заданні, дзе патрабавалася даць адказ у свабоднай форме.

* Для Расіі паказчык выкарыстання метадаў, арыентаваных на запамінанне вышэйшы, чым паказчык выкарыстання актыўных метадаў.

* Слабая арыентацыя ў актуальных праблемах прыродазнаўчых дысцыплін (экалагічныя праблемы, уплыў навукі і тэхнікі на развіццё грамадства ды інш.)

* Перагружанасць прыродазнаўчых курсаў пры малой увазе, якая надаецца развіццю інтэлектуальных уменняў (аналіз, абагульненне, ацэнка і інш. )

* Расійская школа не забяспечвае дастатковую гатовасць яе выпускнікоў да жыцця ў постіндустрыяльным грамадстве.
* Расійская школа неэфектыўная і неканкурэнтаздольная, бо паводле сучасных крытэраў ацэнкі якасці яна шмат год аказваецца значна ніжэй за сярэднія міжнародныя паказчыкі. Прычым неадаптаванымі аказваюцца нават элітныя школы.

Як паведамляе сайт Міністэрства адукацыі Польшчы, Польшча трапіла ў нешматлікую групу краін света, дзе ў апошняе дзесяцігоддзе відавочна палепшыліся веды і ўменні маладых людзей, якія атрымалі сярэднюю алукацыю. Польшча знаходзіцца ў ліку краін, якія маюць паказчыкі вышэйшыя, чым у сярэднім у краінах АЭСР (Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця), прычым у апошнія гады Польшча паказала значнае паляпшэнне кампетэнцыяў у чытанні і прыродазнаўчых навуках.

Польшча знаходзіцца ў першай дзясятцы або блізка да першых дзесяці краін ЕС (5 месца у чытанні, 6-е месца ў галіне прыродазнаўчых навук, 11 па матэматыцы).

У Польшчы вынікі даследаванняў PISA выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы ключавых праграмных дакументаў, у тым ліку Нацыянальнай праграмы рэформавання на 2008–2011 гады, аператыўнай праграмы развіцця людскіх рэсурсаў на 2007–2013 гады. Вынікі PISA павінны адказаць на наступныя пытанні: У якой ступені маладыя людзі гатовыя да вырашэння праблем у будучыні? Ці могуць маладыя людзі эфектыўна аналізаваць прычыны і выказваць ясна свае думкі? Ці гатовыя яны захоўваюць здольнасць да навучання на працягу ўсяго жыцця? Як распрацаваць навучальныя праграмы школ і сістэму адукацыі, каб дапамагчы ім зрабіць гэта? Як зменшыць адрозненні ў жыццёвых шанцах сярод моладзі сродкамі адукацыі?

У знак прызнання прагрэсу адукацыі, які адбываецца ў Польшчы ў апошняе дзесяцігоддзе, Варшава была абраная месцам афіцыйнай прэзентацыі вынікаў міжнароднага даследавання PISA па развіццю адукацыі ў свеце ў 2000–2009 гадах. Прэзентацыя будзе арганізавана ў рамках АЭСР у супрацоўніцтве з польскім урадам, 10 лютага 2011 года.

Гл. таксама: Метадычка з заданнямі OECD PISA – 2000