На сёлетнім «Беларускім пяціборстве» — рэкордная колькасьць удзельнікаў

13.01.2011

У Магілёве ў дзясяты раз адбылося інтэлектуальнае спаборніцтва для школьнікаў «Беларускае пяціборства». Традыцыйна ў ім удзельнічаюць вучні старэйшых клясаў. Яны спраўджвалі свае веды па пяці школьных дысцыплінах. Усе заданьні — на беларускай мове. Адказваць спаборнікі павінны таксама па беларуску. Якасьць мовы ўлічваецца падчас падвядзеньня вынікаў.

Пяціборства ўсе гады арганізуюць сябры Таварыства беларускай мовы. Праходзіць яно ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова. На яго запрашаюцца ўдзельнікі школьных алімпіядаў. Сёлетняе Пяціборства атрымалася самым масавым, зазначае яго ініцыятар Міхась Булавацкі.


«Рэкордная колькасьць удзельнікаў — сорак два чалавекі. Такога ў нас ніколі не было раней, нягледзячы на тое, што інфармацыя пайшла позна і не шырока. Нават ня ведаю, з адкуль такая колькасьць удзельнікаў узялася. Летась было трыццаць шэсьць».

Кожны ўдзельнік за дзьве гадзіны меўся разьвязаць матэматычную задачу, адказаць на пытаньні з гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і прыродазнаўства. Ня ўсе справіліся з заданьнямі.

«Усё ж такі тут пяць відаў іх. Не сказаць, каб яны былі складаныя, вось толькі адно заданьне выклікала цяжкасьць. Там трэба было згадаць урывак пра родную мову. А самога ўрыўку не было. Трэба было самому напісаць гэты ўрывак ці ўзгадаць аўтара. Я не прыгадала ні аўтара, ні самога ўрыўку», — зазначае адна з удзельніц.

Ці былі цяжкасьці з-за беларускай мовы, пытаю ў двух хлопцаў, якія абмяркоўваць свае дасягненьня на Пяціборстве:

Юнак: «Ня кожнае слова разумееш. З-за гэтага можаш няправільна зразумець заданьне і наагул яго правільна зрабіць».

Юнак: «Я беларускую мову ведаю дужа добра. Мяне бабуля вывучыла і настаўнік у школе вучыў».


Абмеркаваньне вынікаў удзелу ў Пяціборстве.

Прысутнічалі на пяціборстве й настаўніцы. Яны апекаваліся вучнямі, якія прыехалі на школьныя алімпіяды з іншых раёнаў вобласьці. У адной зь іх пытаю, навошта прывялі дзяцей яшчэ й на Пяціборства:

«Такі вось неадназначны конкурс дае магчымасьць праверыць сябе ў пляне інтэлектуальнага разьвіцьця ў некалькіх прадметах адначасова. А тое, што беларуская мова, то, мне здаецца, гэта нармальна ўспрымаецца».

Міхась Булавацкі дапаўняе выказваньне настаўніцы:

«Просты ўдзел у гэтым пяціборстве ўплывае на дзяцей так, што яны ахвотней вучаць беларускую мову».

Карэспандэнт: «А ўзровень беларускай мовы?»

Булавацкі: «Нізкі даволі. І якраз мы пра гэта крычым. Пяціборства агаляе праблемы. Калі трэба выкласьці разьвязак матэматычнай задачы ці адказ на пытаньне па фізыцы на беларускай мове, не хапае слоўнікавага запасу ў дзяцей».

Некаторыя са школьнікаў удзельнічаюць у беларускамоўным мерапрыемстве па некалькі разоў. Напрыклад, пераможца леташняга Пяціборства Настасься Жыркевіч з Бабруйску:

«Мне дапамагае гэта. Вось, напрыклад, сёлета былі цытаты. Чаму б не пачытаць гэтыя цытаты пра мову? Гэта ж цікава. Я люблю беларукую мову. Я ганаруся, што валодаю ёю. Веру, што яна будзе той мовай, якой будуць карыстацца ўсе. Разумны чалавек павінен быць добрым ува ўсім».

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 годзе. Міхась Булавацкі высьветліў, што заданьні алімпіядаў па матэматыцы прапануюцца школьнікам толькі на расейскай мове і паспрабаваў арганізаваць нефармальную алімпіяду, але па-беларуску. На яе прыйшло тры дзясяткі вучняў. Ад 2001 году спаборніцтва праводзіцца па пяці прадметах школьнай праграмы.

Радыё Свабода