Ці задавалі вы сабе калі-небудзь пытанне: “Як займаюцца вашы аднагодкі ў школах іншых краін?” А вось рабяты з Асацыяцыі беларускіх гайдаў мелі выдатную магчымасць даведацца аб дацкай школе: на працягу візіту ў Данію яны наведалі адну са школ у невялікім гарадку Вібю.
— Данія — адна з самых развітых у сацыяльным плане краін, — расказвае Вольга Віхарава, адказная за сувязі з грамадскасцю Асацыяцыі беларускіх гайдаў. — І адукацыйная сістэма тут вельмі прагрэсіўная. Нягледзячы на тое, што яна ў нечым падобная на нашу (напрыклад, там таксама абавязковая дзевяцігадовая адукацыя), адрозненняў значна больш.
У школе, якую наведалі гайды, 55 настаўнікаў і каля 400 вучняў. Урокі праходзяць з 8 гадзін раніцы і да 14 гадзін. Сярод школьных прадметаў такія, як: дацкая мова, матэматыка, музыка, англійская і нямецкая мовы, біялогія, мастацтва, гісторыя, фізіка, геаграфія, кулінарыя, ручная праца, фізічная культура. Цікава, што дацкія школьнікі ўжо з першага класа вывучаюць рэлігіязнаўства, знаёмяцца з рознымі культурамі і іх традыцыямі.
Самая нізкая адзнака, якую можна тут атрымаць, — -3 балы, потым ідзе 0, 2, 4 (гэта ўжо добра, крыху больш, чым сярэдняя адзнака), 7, 10 (вельмі добра) і 12 (выдатна).
Акрамя звычайных школ у Даніі ёсць унікальныя. Па сваім жаданні рабяты могуць пайсці ў школу гайдынгу або скаўтынгу. Іх у Даніі дзве: Korint і Bregning. Рабяты не проста кожны дзень ходзяць на ўрокі, але жывуць усе разам у школьным інтэрнаце. У гэтых установах педагогі кіруюцца прынцыпам “навучанне праз рух”: тут упэўнены, што немагчыма набыць якія-небудзь навыкі, не зразумеўшы іх на ўласным вопыце, не зрабіўшы нечага самастойна.
Даведка “Ра”
Заснавальнікам гайдынгу і скаўтынгу з’яўляецца англійскі палкоўнік Роберт Бадэн-Паўэл. У пачатку XX стагоддзя ён вырашыў стварыць такі рух, які дапамагаў бы маладым людзям навучацца выжываць у дзікай прыродзе. Тады гэта быў рух толькі для хлопчыкаў, і называўся ён скаўтынг, а юным лэдзі прапаноўвалася сядзець дома і займацца мастацтвам альбо рукадзеллем. Аднак дзяўчынкам таксама хацелася гуляць у розныя вясёлыя гульні, займацца арыентаваннем і хадзіць у паходы. Тады Роберт Бадэн-Паўэл стварыў асобны рух для дзяўчынак і назваў яго гайдынг.
А як у нас?
На жаль, у нашай краіне пакуль няма падобных школ. Аднак паўдзельнічаць у гайдаўскім руху можна. У рэспубліцы вось ужо 17 гадоў дзейнічае Асацыяцыя беларускіх гайдаў, якая падтрымліваецца Міністэрствам адукацыі, дзіцячымі арганізацыямі і фондамі.
— Па даных на 1 студзеня 2010 года, членамі Асацыяцыі беларускіх гайдаў з’яўляюцца 1460 чалавек. Атрады гайдаў існуюць у Мінскай, Гомельскай, Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, — распавядае Вольга Віхарава. — Наша мэта — дапамагчы дзяўчатам Беларусі развіць іх патэнцыял, каб стаць актыўнымі грамадзянамі сваёй краіны. Задачы гайдаўскага руху — гэта дадатковая адукацыя ў розных галінах ведаў, фарміраванне характару, набыццё дзяўчатамі практычных уменняў і навыкаў, падрыхтоўка да сямейнага жыцця і жыцця ў сучасным грамадстве, развіццё творчых здольнасцей і інтарэсаў.
Алёна Драздоўская, Раніца
Як вучацца ў Даніі
13.01.2011