Спецыяльны карэспандэнт Настаўнік.Info правяла дзень у старэйшых класах амерыканскай школы. Дзякуючы вашым падказкам, ёй было пра што распытаць тамтэйшых вучняў і настаўнікаў. Адзінае, не атрымалася асвятліць такую істотную для беларускіх педагогаў «сістэму матэрыяльнага стымулявання»: акцэнтавацца на чужых заробках у Амерыцы папросту не прынята...
Аповед пра амерыканскую школу варта пачаць з тлумачэння таго, што ляжыць у падмурку амерыканскай сістэмы адукацыі – і якія мэты яна перад сабой ставіць. Перш за ўсё, адукацыйныя ўстановы ЗША ўвасабляюць роўнасць магчымасцяў як асноўную нацыянальную каштоўнасць. Ад 1825 г. школы сталі адкрытымі для ўсіх класаў амерыканцаў, а іх утрыманне пачало фінансавацца з падаткаў грамадзян краіны. Цяпер фінансаванне прыходзіць з крыніц трох асноўных узроўняў: федэральнага, штатавага і мясцовага. А разам з фінансаваннем ідзе і вызначэнне кірунку праграмы. Безумоўна, ёсць агульныя патрабаванні да навучальнага зместу, але і штат, і горад, і школа з мясцовай супольнасцю могуць уносіць у яго свае змены. Напрыклад, можна ўвесці вывучэнне замежнай мовы раней альбо пачаць выкладаць новы прадмет (лаціна, палітычная сістэма ЗША, скульптура, інш.) Такія змены найчасцей сустракаюцца ў прыватных школах, але бываюць і ў дзяржаўных, напрыклад, у так званых чартарных школах (charter school), г.зн. школах з ліцэнзіяй – “хартыяй” – на самастойнае размеркаванне дзяржаўных рэсурсаў.
Appleton West High School – звычайная публічная школа для 1600 вучняў 9 – 12 класаў. Школа заснаваная яшчэ ў 1938 г., але выглядае нашмат навей за большасць нашых школ: вялізны будынак з добра ўкамплектаванымі класамі, вялікімі калідорамі з вучнёўскімі шафкамі, абвесткамі, плакатамі праектаў, малюнкамі, вялікімі аўдыторыямі-амфітэатрамі, спартовымі заламі і – ліфтамі для дзяцей з адметнасцямі развіцця! Апошняе яшчэ раз падкрэслівае тое, што амерыканцы выступаюць за роўнасць для ўсіх.
Сцяна школьнага калідора
Навучальны год тут, як і ва ўсіх астатніх школах штата Вісконсін, пачынаецца 1 верасня, але вучням шмат што належыць зрабіць ужо ў жніўні. Так, яны мусяць абраць, якім спортам будуць займацца цягам восеньскага семестра, а таксама зарэгістравацца на курсы. Абавязковыя прадметы ёсць – але ўсё роўна выбар у вучняў даволі вялікі. Ім даюцца спісы эквівалентных прадметаў з таго ці іншага абсягу і яны могуць абраць той, які ім найбольш даспадобы. Напрыклад, з раздзелу Fine art вучань можа абраць выяўленчае мастацтва, дызайн, музыку ці спевы ў хоры. З прыродазнаўчых навук можа абраць біялогію, экалогію, хімію ды г.д. Калі дзевяцікласнік ужо мае добрыя веды, напрыклад, у матэматыцы – ён можа ўзяць найвышэйшы клас разам з выпускнікамі. У класе да яго паставяцца, як да роўнага, без паблажлівых ільготаў і з павагай да меркавання.
Наогул, у амерыканцаў паўсюль прынята задаваць пытанні і весці дыскусіі. Настаўнікі чакаюць ад вучняў актыўнага ўдзелу нават у лекцыях. У часе шматлікіх настаўніцкіх прэзентацый (ці не кожны пакой мае ўбудаваны праектар) часта гучаць пытанні, адказы на якія, як правіла, прадугледжваюць не проста паўтор вывучанай інфармацыі – а практычнае выкарыстанне новых ведаў у жыццёвай сітуацыі.
Праца настаўніка скіравана непасрэдна на дзяцей. Яны самі ацэньваюць якасць сваіх заняткаў – іншыя настаўнікі не сядзяць на адкрытых уроках, максімум мясцовае кіраванне можа наведаць заняткі, але гэта здараецца зрэдку. Канцылярская праца збольшага пераведзеная ў электронны фармат. Напрыклад, адзнакі, якія атрымлівае вучань, змяшчаюцца ў онлайн і доступ да гэтай інфармацыі мае толькі ён і бацькі.
Калі ўжо вядзецца пра бацькоў, то ў старэйшых класах іх уплыў значна меншы. У пачатковай і сярэдняй школе бацькі мусяць штодня распісвацца ў «дзённіках», сачыць за выкананнем хатніх заданняў. У старэйшых класах кантроль бацькоў ужо неабавязковы. Безумоўна, некаторыя бацькі штодня спраўджваюць онлайн адзнакі сваіх дзяцей, іншыя – дазваляюць дзецям самім вырашаць большасць школьных пытанняў. Наогул, самастойнасць і індывідуалізм вучняў уражвае. Кожны сам абірае прадметы, мае індывідуальны расклад, нясе самастойную адказнасць за сваю паспяховасць. Напрыклад, калі вучань не зразумеў нешта падчас занятку ці мае праблемы з выкананнем хатняга задання, ён не чакае, калі яго выклічуць, а нязмушана падыходзіць пасля заняткаў ці “фортак” да выкладчыка і вырашае гэтыя пытанні.
Дарэчы пра “форткі”: выпускнікі маюць прывілей браць менш прадметаў, чым астатнія вучні, калі яны ўжо прайшлі максімальны ўзровень нейкіх прадметаў. Нават калі гэта першы ўрок, яны знаходзяцца ў школе, у бібліятэцы, і выкарыстоўваюць вольны час з карысцю. І самае галоўнае, працэс навучання і сама школа ім падабаюцца!
Школьны дзень амерыканскага старшакласніка пачынаецца з дабораў да школы на машыне. Пераважная большасць вучняў, старэйшых за 16 год, мае ўласныя аўтамабілі, гэта лічыцца найбольш зручным і бяспечным спосабам. Грамадскі транспарт у большасці гарадоў ЗША не вельмі зручны для карыстання.
Элен каля сваёй шафкі
Прыехаўшы ў школу за паўгадзіны да пачатку, вучні маюць час узяць-пакласці рэчы ў сваю шафку, пакамунікаваць: невялікія групы вучняў проста сядзяць на падлозе калідора, размаўляюць, смяюцца, робяць фота… Прыблізна за пяць хвілін да заняткаў яны перасоўваюцца ў класы, могуць перакінуцца колькімі словамі з настаўнікам, задаць пытанні наконт тэмы ці ўчорашняга школьнага мерапрыемства. Пасля званку ў 7:39 ўсе ўздымаюцца і прысягаюць сцягу ЗША, паўтараючы вядомыя ўсім словы следам за радыё, у некаторых школах гучыць гімн. Але гэтая частка неабавязковая, калі нехта з вучняў (напрыклад, замежнікі) не будзе прысягаць – гэта ўспрымаецца спакойна і ні на што не ўплывае.
У дзень 7 заняткаў па 50 хвілін кожны з перапынкамі ў 5 хвілін паміж імі і 50-хвілінным абедам. Пры гэтым час абеду вучань выбірае з трох магчымых варыянтаў, адпаведна свайму раскладу. Многія вучні выкарыстоўваюць “ланч” і для іншых мэтаў, напрыклад, паўгадзіны яны могуць аддаць на рэпетыцыю жаночага хору. У сталоўцы ёсць розная ежа і напоі, але многія прыносяць пад’едак з дому. “Гэта больш здаровая ежа”, – патлумачыла мне старшакласніца.
З цікавых момантаў раскладу заняткаў важна зазначыць 10-хвілінны класны час: дзеці збіраюцца ў сваёй пэўнай аўдыторыі, абмяркоўваюць бягучыя навіны, слухаюць абвесткі класнага кіраўніка ды г.д. Лічыцца, што гэтая сустрэча дапамагае вучням не быць «згубленымі» ў працэсе змены класаў, навучання з рознымі людзьмі. Для дзевяцікласнікаў, якія ўпершыню мяняюць класы, гэта асабліва важна. Дарэчы, для іх ладзіцца і іншая дапамога ў адаптацыі. Кожны новы вучань мае прызначанага сябра-старшакласніка, які сустракаецца з ім штоддня на 5–10 хвілін пад час перапынкаў, абеду ці класнага часу і пытаецца, што чуваць, дае парады, дапамагае зарыентавацца ў навучанні. Старшакласнікі вельмі адказна ставяцца да гэтай дзейнасці і лічаць яе за вялікі гонар.
Цяпер крыху пра заняткі на прыкладзе раскладу старшакласніцы Ellen Ketter. Першы ўрок – гішпанская мова, паглыблены курс (AP), які можа быцць залічаны ва ўніверсітэце. Элен гэты курс брала ў мінулым годзе, таму цяпер можа наведваць яго факультатыўна. Звычайна гэты час яна праводзіць у бібліятэцы, рыхтуецца да наступных заняткаў, папярэдне адзначыўшыся ў пэўным адміністратыўным кабінеце. Але гэтым разам яна вырашыла прыйсці на ўрок, каб паказаць мне, як у іх выкладаюцца замежныя мовы. Адразу скажу, што іншыя мовы не вельмі папулярныя ў ЗША. Звычайна дзеці пачынаюць вучыць замежную мову ў сёмым класе. Элен вывучала гішпанскую мову з пачатковай школы, таму была наперадзе і магла ўзяць паглыблены курс раней. Апрача гішпанскай мовы, якая, безумоўна, самая папулярная замежная мова для вывучэння, у Appleton West High School вывучаецца французская і нямецкая.
«Батанікі" на ўроку гішпанскай мовы
Нажаль, мне давялося назіраць не звычайны ўрок, а ўрок, прысвечаны папярэдняй кантрольнай рабоце, але зазначу асноўныя адрозненні. Першае – ужыванне мультымедыйнай тэхнікі. На праектары былі выведзеныя заданні тэста і вучні маглі лёгка арыентавацца, аб чым ідзе гаворка. Другое ўражанне – я амаль ўсё разумела, нават не ведаючы гішпанскай мовы! Уся граматыка і іншыя тлумачэнні былі на англійскай мове. Заданні тэста таксама не былі занадта цяжкія – пераклад пэўных слоў, практыкаванні на канчаткі, заданні ўставіць словы і фразеалагізмы.
Другі ўрок – вышэйшая матэматыка, таксама паглыбленая. Тут разбіраліся цяжкія заданні з нейкага спаборніцтва, шмат ужывалася дошка.
Трэці ўрок, пасля класнага часу,– хор у аўдыторыі-амфітэатры. Цікавая рэч – спявалі чэскія песні! Каб правільна вымаўляць словы, дзеці перад кожнай песняй прамаўлялі словы з асістэнтам. Праз 1,5 месяцы рэпетыцый яны меліся выступаць у касцёле.
Пасля трэцяга ўроку ў Элен абед, але першыя паўгадзіны яна бавіць на рэпетыцыі жаночага хору. Тут ужо спяваюць па-англійску.
Урок англійскай мовы на вуліцы
Чацверты ўрок – англійская мова. Настаўніца паабяцала дзецям, што яны правядуць заняткі на вуліцы, калі ўсе прыйдуць у строях (пад час homecoming week, на які мне шчасціла патрапіць, у школе штодня выбіраецца тэматыка строяў і дзеці прыходзяць альбо ў піжамах, альбо ў пірацкіх убраннях, альбо ў вобразе «батанікаў» – апошняе якраз прыпала на дзень майго візіту). Таму ўвесь клас разлёгся на лужку пад вялікім дрэвам і слухаў тлумачэнні настаўніцы наконт пэўнай кнігі.
Пяты ўрок – экалагічныя даследаванні (environmental studies). Вучні атрымалі аркушы з лабараторным заданнем і выконвалі яго ўвесь урок. Лабараторнае заданне прадугледжвала збіранне шкілета яшчаркі, а таксама адказ на тэарэтычныя пытанні.
Шосты ўрок – паглыбленая біялогія. Гэта ўлюбёны прадмет Элен – яна збіраецца паступаць у перадмедычны (premed) каледж: спачатку мяркуе атрымаць ступень бакалаўра мікрабіялогіі, а потым пайсці ў медыцыну. Прадмет сапраўды цікавы. На гэтым уроку была лекцыя па мембранавым транспарце. Настаўніца ўжывала слайды з рознымі малюнкамі-схемамі, давала шмат азначэнняў. Мне гэта вельмі нагадала мае ўніверсітэцкія заняткі біялогіі. Але чаго не сустракаецца ў нашых універсітэтах – гэта такіх паводзінаў вучняў! Усе вучні сядзелі за партамі, дарэчы, звычайныя сталы тут разлічаныя на 1 асобу, каб стымуляваць індывідуальную працу, а сталы для лабараторных заняткаў арганізаваныя для чатырох. Дык вось адзін з вучняў проста ляжаў у канцы класа на лабараторным стале, слухаючы лекцыю.
Апошняга ўрока ў Элен няма. Звычайна яна ідзе дахаты, алё аўторкамі а 4-й гадзіне сустрэча інтэрнацыянальнага гуртка, таму вольны час яна правяла ў бібліятэцы за матэматыкай. Пры выкананні аднаго з заданняў у яе паўстала пытанне, таму яна адразу ж скіравалася да настаўніка, які з радасцю ўсё патлумачыў і даў вырашыць яшчэ адзін прыклад на дошцы для замацавання.
Апрача інтэрнацыянальнага клуба, Элен уваходзіць у суполку “выдатных” старшакласнікаў, якія дапамагаюць ладзіць розныя школьныя мерапрыемствы, святы, дапамагаюць малодшым вучням. Па-за школай яна ўжо 10 год займаецца тэнісам, а таксама шмат валанцёрыць. Валанцёрства вельмі папулярнае ў ЗША. Сацыяльнай дапамогай займаюцца школьнікі, студэнты, дарослыя, пенсіянеры. Вучні дапамагаюць у правядзенні спартовых спаборніцтваў, збіраюць сродкі на нейкую справу, гатуюць ежу на дабрачынны продаж ды г.д. Элен займалася падрыхтоўкай спартовай алімпіяды для людзей з адметнасцямі развіцця. Сярод настаўнікаў папулярна ўдзельнічаць у праграме «Big Brother», дзе яны дапамагаюць “цяжкім” падлеткам: сустракаюцца з імі, абмяркоўваюць праблемы, даюць парады. Таксама ўдзельнічаюць у розных семінарах і трэнінгах для падлеткаў, напрыклад у семінарах для дзяцей, якія былі ахвярамі гвалту.
Валанцёрства – добрая традыцыя школы. Сярод іншых традыцый можна зазначыць music halls – музычныя мерапрыемствы, senior’s patio – месца для будучых выпускнікоў, размаляваны валун для абвестак і розных малюнкаў (кожны можа нешта напісаць) і ўжо згаданы homecoming week. Апошняя традыцыя самая ўлюбёная сярод вучняў. Па-першае, ім падабаецца ўбірацца ў розныя тэматычныя строі штодня (відаць, не хапае школьнай формы, каб аднолькава выглядаць :) Адзінае патрабаванне да знешняга выгляду – адсутнасць нецэнзурных надпісаў, алкагольнай прадукцыі, выяваў зброі. Па-другое, у пятніцу ладзіцца вялікая дыскатэка. І нарэшце, у суботу адбываецца вельмі важны матч школьнай каманды па амерыканскім футболе. На гэтае мерапрыемства прыходзяць і вучні, і настаўнікі, і былыя выпускнікі. Спорт наогул вялікая каштоўнасць у амерыканскіх школах і універсітэтах. Асабліва папулярныя бейсбол, футбол і баскетбол. І гэта вельмі прэстыжна – трапіць у школьную каманду, а яшчэ гэта добры шанец атрымаць стыпендыю на навучанне ў якім-небудзь каледжы.
Дарэчы пра паступленне. Усе вучні, звычайна ў перадапошні год навучання, здаюць ACT-тэст (American College Testing). І ўжо ўвосень апошняга года дасылаюць заявы ў розныя універсітэты і каледжы. Элен даслала заявы у 4 універсітэты, дзе ёсць premed-праграма. ACT-тэст можна пераздаваць, але універсітэты будуць ведаць, якая гэта спроба.
Наогул, экзаменаў тут не баяцца. Пэўна, таму што да іх усе прызвычаіліся. Іспыты тут могуць праходзіць ледзь не раз у 2 тыдні і, вядома, па кожным прадмеце ёсць экзамен перад сканчэннем чвэрці, семестра і года.
Таму прагульшчыкаў тут няма, а для розных маленькіх правіннасцяў існуе сістэма пакарання. Настаўнікі могуць даць вучню “ўтрыманне” – detention. У гэтым выпадку ён мусіць прыйсці ў школу ў 6:30 раніцы і сядзець моўчкі да пачатку заняткаў. За большыя правіннасці вучань можа атрымаць “прыпыненне” (in-school/out-school suspention) – г.зн. забарону на заняткі ў гэты дзень. І, вядома, у скрайнім выпадку вучня могуць адлічыць.
Пасля школы вучні прысвячаюць 2–3 гадзіны выкананню хатняга задання. Відавочна, магчымасці інтэрнэту выкарыстоўваюцца напоўніцу: для напісання рэфератаў, камунікацыі з настаўнікамі, а таксама, каб прасачыць уласную паспяховасць. У дадатак да спорту і валанцёрства, Элен часам чытае, асабліва захапляецца mystery. Апошняя кніга, якую яна прачытала, – “Сanary Row”.
Ну і пра настаўнікаў: кожны настаўнік старэйшых класаў павінен вучыцца. Мінімум – 6 курсаў за 5 год. Курсы могуць брацца ў навучальным годзе (вечарамі ці выходнымі), але найчасцей настаўнікі выбіраюць варыянт навучання ўлетку, калі заняткі ідуць штодня цягам, напрыклад, месяца. Курсы праводзяць у спецыяльных цэнтрах, альбо пры ўніверсітэтах. Навучанне платнае, частку аплаты можа кампенсаваць школа.
Вера Мацкевіч, спецыяльна для Настаўнік.info
Старэйшыя класы амерыканскай школы
24.01.2011