Данік і Міколка: дзеці, уцягнутыя ў палітыку

26.01.2011

На апошнім бацькоўскім сходзе настаўніца ледзь не са сьлязьмі на вачох пераконвала нас трымаць дзяцей далей ад палітыкі. «Яны ж яшчэ дзеці, — прасіла яна, — не адбірайце ў іх маленства».

І вось 21 студзеня Аляксандр Лукашэнка прыбыў на цырымонію інаўгурацыі разам са сваім малодшым сынам.

Асабіста мне вельмі даспадобы як найбольшая прысутнасьць дзяцей у публічным жыцьці – у «дарослых» тэатрах, самалётах, выбарчых участках і маршах пратэсту. Я бачу наўпроставую повязь паміж немагчымасьцю павячэраць з дзецьмі ў любым менскім рэстаране ці трапіць на канцэрт і колькасьцю хлопцаў і дзяўчат, якія жадаюць служыць у АМАП.Таму першае пытаньне, якое ўзьнікае ў мяне, калі я чарговы раз бачу прэзыдэнта з дзіцём, не «што ён тут робіць?», а «чаму побач няма іншых дзяцей?» Чаму з некалькіх соцень прысутных у залі, здаецца, нікому не прыйшла ў галаву думка падзяліць з дзецьмі гэтае «сьвята жыцьця»? Увогуле, колькі дзяцей не прыйшло на інаўгурацыю дзеля таго, каб туды прыйшоў Коля Лукашэнка? Так, нашае пабытовае межаваньне публічнай прасторы на даступную і не даступную дзецям паступова прывяло да таго, што і ў беларускіх дзяцей зьявіўся свой прэзыдэнт.

20 сьнежня 2010, зьбіраючы сваіх дзяцей у школу, апроч мабільнікаў і ключоў ад кватэры, я мусіла даць ім з сабой грошы, зараднікі да тэлефонаў і дакладную інструкцыю пра тое, што трэба рабіць, калі мама і тата доўгі час не адказваюць па тэлефоне. І яны нават не задавалі дадатаковых пытаньняў. І ўжо нават не баяліся. Бо тое, што адбылося 19 сьнежня на доўгі час пазбавіла нашых дзяцей магчымасьці у дзень інаўгурацыі выйсьці на вуліцы разам з бацькамі і радавацца перамозе справядлівасьці. Так, як дасьціпна адзначылі беларускія блёгеры, адбывалася ў ЗША, Украіне, Бразыліі і пэўна ж у іншых краінах сьвету.

І вось Даніла Саньнікаў цяпер ня будзе хадзіць нават у дзіцячы садок, бо бабуля і дзядуля баяцца адпускаць яго ад сябе.

Супрацьстаяньне дарослых адбілася і на Даніку з Колям. Адрознасьць іх лёсаў моцна прыцягвае ўвагу людзей, схільных да яскравых супрацьпастаўленьняў кшталту «два сьветы – два дзяцінствы». Між тым паміж гэтымі дзецьмі нашмат больш агульнага, чым адрознага. Абодва гэтыя маленькія чалавекі замяшчаюць сваіх бацькоў на тых палітычных месцах, дзе ім прызначылі быць. Абодва гэтых дзіця ўцягнутыя ў палітыку па-за сваёй воляй і выкарыстоўваюцца ў палітычных мэтах рознымі сіламі.

Сутнасьць гэтага выкарыстаньня розная, але аднолькава агідна ненавідзець сына прэзыдэнта за тое, што ён сын; як і перасьледаваць сына палітычных апанэнтаў за тое самае. На ўсім грамадзтве, усіх бацьках, усіх мамах, татах, бабулях і дзядулях ляжыць адказнасьць за тое, што адзін маленькі хлопчык носіць вайсковую форму і кіруе парадамі, а другі ня ведае, дзе ягоныя бацькі.

Партрэт Данілы Саньнікава з надпісам «Гэта Данік. Ягоныя бацькі ў турме КДБ» людзі трымаюць на акцыях салідарнасьці і пратэсту.

Але побач можа быць і іншы, ня менш драматычны дзіцячы партрэт – «Гэта Міколка. Ягоны тата — прэзыдэнт РБ».

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода