Чатыры крокі да выратавання беларускай мовы

02.02.2011

Старшыня Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алег Трусаў спадзяецца на прыняцце закона «Аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы». Якія асноўныя крокі для выратавання роднай мовы прапаноўваюць распрацоўшчыкі канцэпцыі закона, высвятляе «Заўтра тваёй краіны».

Старшыня рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы канцэпцыі закона Лявон Баршчэўскі падкрэслівае, што сітуацыя з беларускай мовай пагаршаецца з кожным годам.

-- Мы практычна страцілі беларускамоўную вёску, а ў гарадах зусім мала людзей размаўляе па-беларуску. Ёсць дзеці, якія нават не разумеюць мовы. Такога на пачатку 1990-х не было, хаця б таму, што ў значнай часткі гараджан былі ў вёсцы бабулі і дзядулі.

Што прапаноўваецца ў канцэпцыі закона?

1. Абавязковае для чыноўнікаў валоданне беларускай мовай

На думку распрацоўшчыкаў канцэпцыі, у сённяшніх умовах перш-наперш чыноўнікі і педагогі павінны на добрым узроўні валодаць беларускай мовай.

— Адна справа прыватны сектар, зусім іншая — дзяржаўны, які фінансуецца праз бюджэт. Тут усе спецыялісты павінны добра ведаць мову, — упэўнены старшыня рэдакцыйнай камісіі па падрыхтоўцы канцэпцыі закона Лявон Баршчэўскі. – Трэба, каб на заканадаўчым узроўні патрабавалі веданне беларускай мовы.

Механізм выканання, на думку літаратуразнаўцы, можа быць розным. Пакуль відавочна, што падчас атэстацыі, напрыклад, настаўніка ці выхавацеля існуе шмат патрабаванняў, аднак пра валоданне дзяржаўнай мовай нават гаворкі не ідзе.

2. Стварэнне дзяржаўнага органа па падтрымцы беларускай мовы

Такой структурай можа стаць міністэрства, дзяржаўны камітэт ці дэпартамент беларускай мовы пры Савеце міністраў.
Адпаведныя органы па падтрымцы дзяржаўнай мовы існуюць у Літве і на Украіне. Але ці не ператворыцца гэтая ініцыятыва ў стварэнне дадатковых утульных крэслаў для чыноўнікаў без адпаведнай адказнасці?

Лявон Баршчэўскі падкрэслівае, што выратаванне мовы павінна адбывацца з выкарыстаннем комплексу розных мер.

— Цяпер, калі ўсё так расцягнута па ведамствах, атрымліваецца, што за моўную палітыку ў краіне ніхто не адказвае. Адно міністэрства працуе ў гэтым накірунку лепш, другое – горш, — канстатуе эксперт.

3. Вярнуць беларускую мову ў сістэму вышэйшай адукацыі

Што бы мы ні рабілі дзеля мовы, але пакуль яна не вернецца ў сістэму адукацыі, перспектыў у яе будзе няшмат. Лявон Баршчэўскі адзначае, што сёння толькі вельмі патрыятычныя бацькі вучаць сваіх дзяцей на беларускай мове.

Падчас онлайн-канферэнцыі 13 жніўня 2010 года на сайце Белтэлерадыёкампаніі намеснік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно патлумачыў, што суадносіны паміж мовамі такое: 44% школ — з беларускай мовай навучання, 53% — з беларускай мовай і каля 3% — дзвюхмоўныя школы. Большасць школ з беларускай мовай навучання знаходзяцца ў вёсках.

Вось чаму па статыстыцы беларускамоўных школ у краіне пакуль больш, хоць большасць дзяцей атрымлівае адукацыю на рускай мове. Усе прадметы на беларускай мове вывучаюць 18% вучняў, на рускай – 77%, астатнія – на дзвюх мовах.

Старшыня таварыства беларускіх школ Алесь Лозка падкрэслівае відавочную тэндэнцыю русіфікацыі беларускай школы і кажа, што яшчэ у 1994–1995 гадах 40,6% беларускіх школьнікаў вучыліся на беларускай мове.

Тым не менш Казімір Фарыно лічыць доказам нармальнай моўнай сітуацыі вынікі цэнтралізаванага тэсціравання.

Тэст па беларускай мове здавала 61 тысяча абітурыентаў, з якіх трое атрымалі 100-бальны вынік, па рускай мове — 94 тысячы, у тым ліку 26 — з вышэйшым вынікам. Тэсціраванне па фізіцы на беларускай мове здавалі каля трох тысяч чалавек, па матэматыцы — каля 7 тысяч, біялогіі — каля трох тысяч, гісторыю Беларусі здавалі каля 9 тысяч чалавек. Вынік – 22 тысячы чалавек. Дарэчы, увогуле тэсты здавалі 155 тысяч абітурыентаў.

Праблема ў сістэме адукацыі нават не ў тым, што мова незапатрабаваная ў грамадстве, а ў тым, што склалася абсурдная сітуація, калі ў Беларусі няма ніводнага беларускамоўнага ўніверсітэта.

— Нам патрэбныя ВНУ, дзе будуць выкладаць па-беларуску, у тым ліку дзеля таго, каб пабольшала кольскасць бацькоў, якія будуць жадаць, каб іхнія дзеці вучыліся на беларускай мове, — кажа Лявон Баршчэўскі. — На пачатку 1990-х лічылі, што ў сферы адукацыі, наадварот, трэба пачынаць з дзіцячых садкоў. Гэта важна, але калі сістэма незавершаная, дзіцячы садок не дапаможа. Дзеці з беларускамоўных садкоў павінны мець магчымасць працягваць навучанне ў беларускамоўнай школе, а потым ВНУ і аспірантуры на беларускай мове. І гэта нескладана.

Лявон Баршчэўскі лічыць, што метады заахвочвання могуць быць вельмі простымі. Дзецям трэба забяспечыць магчымасць вучыцца на беларускай мове пасля школы, а настаўнікам і выкладчыкам даплочваць за выбар беларускай мовы падчас навучання.

4. Падаткавыя ільготы для выдаўцоў беларускіх кніг

Лявон Баршчэўскі лічыць, што калі б у Беларусі было сапраўднае двухмоўе, стан беларуская мовы быў бы значна лепшым. І нават у такой сітуацыі, якая ёсць, мову можна падтрымаць. Толькі рабіць гэта трэба не фармальнымі размовамі і абяцанкамі, а укладаннем матэрыяльных сродкаў. Сярод метадаў заахвочвання карыстацца беларускай мовай эксперт называе, напрыклад, падаткавыя льготы для выдаўцоў беларускіх кніг.

— Сёння гэта непрыбытковая справа. Выдаўцы беларускай літаратуры жартуюць, што ў іх не бізнес, а хобі. Я ўжо не кажу пра кінастужкі, — падкрэслівае Лявон Баршчэўскі. — Тое ж тычыцца і выкладчыкаў. Калі іх матэрыяльна стымуляваць чытаць лекцыі на беларускай мове, з цягам часу такіх людей з’явіцца больш.

Праўда, эксперт лічыць, што ў любым выпадку працэс вяртання мовы ў народ зацягнецца на гады.

Даведка «Заўтра тваёй краіны»

Канцэпцыя закона «Аб абароне и дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы» была падтрыманая 30 студзеня на пасяджэнні рады ТБМ. Плануецца, што яна будзе зацверджаная 23 кастрычніка на XI з’ездзе ТБМ і перададзеная ў Савет міністраў.

Віктар Лістападаў, zautra.by