«Бонус» для настаўніка інфарматыкі

19.05.2011

Абслугоўванне камп’ютарнай тэхнікі часцей за ўсё кладзецца ў школах на плечы настаўнікаў інфарматыкі, хоць і не ўваходзіць у іх абавязкі. Чаму так адбываецца? Фірмы, не саромеючыся, «дзяруць» грошы са школ толькі за выклік. Для таго, каб абслугоўваць камп’ютарныя класы — патрабуюць ліцэнзію. Навошта? Гэта раней камп’ютар быў складаным прыстасаваннем, а цяпер камп’ютар — гэта модульная схема. Згарэў модуль — паставіў іншы і ўсё. Рамонт, у поўным сэнсе гэтага слова (акрамя блока сілкавання), ніхто не робіць!!! Падлічана, што чвэрць хлопчыкаў старшакласнікаў разбірае і збірае свае камп’ютары, многія з іх пасля школы працуюць па фірмах, збіраюць, абслугоўваюць камп’ютарную тэхніку. Яны маюць права гэта рабіць, а настаўнік, які гэтаму іх навучыў, — такога права пазбаўлены. Забудзьцеся пра «дзядзьку з паяльнікам»!!! Кожная плата ў камп’ютары — шматслойная, і рамонт, часцей за ўсё, атрымліваецца даражэйшы за новую плату. Быў у мяне адзін выпадак, калі на мацярынскай плаце ўздуліся кандэнсатары. На фірме ўзяліся перапаяць. Я гаспадару параіў купіць новую плату, але ён паверыў «фірмачам»... Праз месяц гэта плата «пацягнула» за сабой аператыўную памяць, вінчэстар і відэакарту...

Паняцце «рамонт» і «замена дэталяў" — розныя паняцці. Для сучасных камп’ютараў рамонт — гэта як лямпачку памяняць. Блок, які перагарэў, дастаюць і ставяць новы. Але для таго, каб памяняць лямпачку, ліцэнзія не патрабуецца, а каб памяняць блок у камп’ютары — патрабуецца! Не сакрэт, што многія настаўнікі інфарматыкі падпрацоўваюць на камп’ютарных фірмах. І калі ўжо на тое пайшло, то ўстаноўка аперацыйнай сістэмы і настройка сеткі ў школе таксама не ўваходзіць у іх абавязкі. Аднак пры такой вялікай колькасці камп’ютарнай тэхнікі ў школе гэта даводзіцца рабіць пастаянна. Балюча слухаць, калі твой вучань на заводзе абслугоўвае 30 камп’ютараў і атрымлівае за гэта каля двух мільёнаў рублёў, а ў цябе на шыі «сядзіць» каля пяцідзесяці школьных камп’ютараў і ты атрымліваеш часам толькі падачку ў выглядзе прэміі ад дырэктара школы ў памеры 30—40 тысяч рублёў. А калі штосьці «паляціць» на камп’ютары, то прыходзіць «супермайстар», які дастане з твайго камп’ютара дэталь, што згарэла, і паставіць новую, возьме за выклік, за «рамонт» і за дэталь такія грошы, што танней купляць раз у паўгода новы камп’ютар.

Выйсцяў з гэтай сітуацыі некалькі. Па-першае, можна пры кожным раённым цэнтры стварыць цэнтр па абслугоўванні аргтэхнікі. Гэта рацыянальна і апраўдана. У раёне такая колькасць тэхнікі, што любы гаспадар адкрыў бы ўласны цэнтр па яе абслугоўванні. Па-другое, неабходна ўвесці паняцце «бонус» для настаўнікаў інфарматыкі, чые камп’ютары працуюць без паломак пэўны час. Па-трэцяе, многія школы маглі б абслугоўваць і самі настаўнікі інфарматыкі, але для гэтага яны павінны атрымаць «ліцэнзію».

Анатоль Сафонаў, г. Жлобін – Звязда