Абыякавасці да лёсу простага настаўніка дараваць не магу

29.08.2011

Не раз гучалі такія словы: «Міністэрства адукацыі не прымушае настаўнікаў пісаць столькі лішніх папер — гэта ініцыятыва раённых аддзелаў". Добра, што не прымушае, але ж і не забараняе, зрэшты! Таму раённыя кіраўнікі асветы, арыентуючыся на даволі паблажлівае (ці я памыляюся?) маўчанне вышэйшых інстанцый, працягваюць гнуць ранейшую лінію. У што гэта выліваецца на месцах, добра відаць са скаргаў настаўніцтва.

Але яшчэ горш, калі некаторыя амбіцыйныя начальнікі раённых аддзелаў адукацыі бяруць на сябе павышаныя абавязацельствы, дадатковыя (і, бачыць Бог, абсалютна не патрэбныя школе!) нагрузкі. Разлік просты: вобласць абавязкова заўважыць цікавую ініцыятыву, а справа аддзела — толькі строга пракантраляваць. Падумаеш, падначаленыя зноў ноч-другую не выспяцца... Не страшна... А паскардзішся — скаргу вернуць у раён.

Абыякавасць да лёсу простага настаўніка з боку адказных за яго абарону і дабрабыт уражвае моцна і непрыемна. Адліга надыходзіць толькі падчас падобных публічных дыскусій. Несправядлівасць баіцца агалоскі. За сябе надта не турбуюся — жыццё развіла здаровы сэнс і загартавала нервы, але не магу прыняць жаночых пакутаў. Без пары губляюць здароўе і прыгажосць, страчваюць сем’і, бо сумленна выконваюць усе даручэнні адміністрацыі і проста таму, што баяцца дырэктарскіх разносаў. Не магу прыняць і, прабачце, дараваць таксама не магу...

Базыль.

Звязда