Перапоўненая педагогамі і студэнтамі зала гатэля Crowne Plaza сведчыць пра тое, што пытанні адукацыі хвалююць усіх суб'ектаў адукацыйнага працэсу. Прапануем азнаёміцца з меркаваннямі экспертаў, а таксама з некаторымі высновамі, да якіх прыйшлі ўдзельнікі дыскусіі.
Аляксандр Вараненка – педагог і аспірант-сацыёлаг — рапавёў пра вынікі сацыялагічных даследаванняў у сярэдняй школе ў апошнія гады. Статыстыка сведчыць, што пасля адмены профільнай адукацыі ў апошнія 2 гады вынікі ЦТ рэзка знізіліся. Таму ўсе суб'екты адукацыйнага працэсу выказаліся за вяртанне профільнай адукацыі на трэцяй ступені навучальнага працэсу (80,7% бацькоў, 75,6% вучняў і 95,4% настаўнікаў) .
Апытанні паказалі, што большасць бацькоў і вучняў лічаць, што асноўнай задачай, якая стаіць перад школай, павінна быць падрыхтоўка для паступлення ў ВНУ ці ССНУ ( 64% бацькоў і 75% вучняў). Дарэчы, фармаванне маральных якасцяў і выхаванне сярод задач школы бацькі і вучні паставілі на апошняе месца.
На пытанне што больш за ўсё перашкаджае рэфармаванню сістэмы адукацыі ў сённяшняй сітуацыі, 62% настаўнікаў адказалі, што недахоп фінансавання, на другое месца педагогі паставілі адсутнасць падрыхтаваных і ўзгодненых метадычных дапаможнікаў. Даследаванні паказалі агульную незадаволенасць якасцю школьных падручнікаў, Настаўнікі і вучні адзначаюць, што змест падручнікаў напісаны непанятнай для успрыняцця вучня мовай.
Уладзімір Дунаеў прааналізаваў стан вышэйшай адукацыі. Эксперт адзначыў, што цяжка сказаць, якой ідэяй кіраваліся ідэолагі рэформы адукацыі, але найбольш верагодным матывам была эканомія сродкаў. Цяпер мы стаім на парозе новай рэформы вышэйшай адукацыі. Нягледзячы на заявы, кожны год адбываецца новы эксперымент. Сёлетні эксперымент можна назваць «туркменізацыяй сістэмы адукацыі". Заява пра двухгадовую вышэйшую адукацыю, калі 2 гады студэнт вучыцца ў аўдыторыі, а 2 гады на вытворчасці – таму пацверджанне.
Паводле дадзеных UNDP Беларусь займае 26-е месца ў свеце па ўзроўню развіцця чалавечага капіталу (туды ўваходзіць і ахоп насельніцтва адукацыяй), але чаму толькі 87 месца па ўзроўні ВВП? Савецкая сістэма адукацыі не можа лічыцца добрай, хаця б таму, што яна была створана для іншага часу – лічыць эксперт. Мы ўступаем у Балонскі працэс, нічога не мяняючы – мы падманываем самі сябе. Узровень падрыхтоўкі спецылістаў падае, педагагічныя ВНУ набіраюць вельмі слабых абітурыентаў. "І справа тут не ў заробку, каму хочацца ісці ў чорнарабочыя?", – адзначае эксперт. Мы ствараем сістэму адукацыі, якая зніжае агульны ўзровень адукацыі
Антон Болтачка (Ліберальны клуб) засяродзіў увагу на эфектыўнасці сярэдняй адукацыі. На адукацыю ідуць немалыя сродкі з бюджэту – 5, 2 % (у ЗША -7%), хаця яе бясплатнай лічыць не выпадае: 60% студэнтаў – платнікі, бацькі школьнікаў плацяць за падручнікі, факультатывы, рэпетытараў...У апошняе паўгоддзе сярэні заробак педагагічных работнікаў склаў каля 1 400 000 рублёў, што менш за сярэдні па краіне (1 544 000 руб).
Хаця індэкс ахопу насельніцтва адукацыяй у Беларусі даволі вялікі, у краіне можна ўбачыць не толькі інфляцыю рубля, але і інфляцыю дыплома – лічыць эксперт. У лік трохсот найлепшых універсітэтаў свету не ўвайшоў ніводзін беларускі, найлепшы – БДУ – займае 1208 месца ў рэйтынгу. Назіраецца адмоўнае сальда навучэнцаў: 14 тыс. студэнтаў з’ехалі вучыцца за мяжу, да нас жа едзе на вучобу нашмат менш.
Святлана Мацкевіч (АГТ) адзначыла, што у краіне існуе экспертная супольнасць, і ШТО рабіць з сістэмай адукацыі — вядома. Галоўнае пытанне – ХТО гэта будзе рабіць? Хто возьме на сябе адказнасць?
Падчас дыскусіі ўдзельнікі абмеркавалі новы Адукацыйны кодэкс, які пачаў дзейнічаць з 1 верасня 2011 г. Выступоўцы адзначылі, што змест Кодэксу не цікавіць большую частку педагогаў. Адукацыяй сёння кіруюць не законы і кодэксы, а званкі, інструкцыі і указанні адукацыйнай адміністрацыі. Кодэкс не прапісвае абавязковую падпіску на пэўныя выданні ці планы на аказанне платных паслугаў і аздараўленне навучэнцаў. Аднак абароны ад гэтых незаконных патрабаванняў ён настаўніку не дае. У сувязі з гэтым была выказана думка, што абмеркаванне Кодэксу толькі адцягвае ўвагу ад праблемаў у адукацыі.
Уладзімір Дунаеў дадаў, плюсам гэтага дакументу можна лічыць увядзенне прафесійнай магістратуры, але агульная ідэя Кодэксу – закласці аснову адукацыйнага права – не ажыццявілася. Каб гэта зрабіць, трэба, каб суб’екты адукацыйнага права былі аўтаномнымі. А наш Кодэкс не рэгулюе, а ўсталёўвае адносіны «начальніка і падпарадкаванага». Ен больш падобны на статут вартавой службы. З Адукацыйнага кодэксу зніклі ўзгадкі аб акадэмічных свабодах, выкрэслены пункт пра нацыянальна-культурныя асовы адукацы. Колькі мы будзем жыць паводле гэтага дакумента, будзе залежыць ад таго, колькі будзе трываць адміністрацыйнае самаўпраўства акадэмічная і педагагічная супольнасць.
Nastaunik.info